Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 Чаму Эўразьвяз увёў санкцыі супраць «тытунёвага караля» Беларусі Алексіна


Польскі памежнік і кантрабандныя цыгарэты зь Беларусі

Пра тое, як збудаваная тытунёвая кантрабанда з Беларусі беларускія журналісты-дасьледчыкі расказалі тэлеканалу «Настоящее время».

24 чэрвеня Эўразьвяз абвясьціў аб увядзеньні адносна Беларусі сэктаральных санкцыяў — на гэтым доўгі час настойвалі лідэры апазыцыі.

Эканоміка Беларусі з прычыны розных абмежаваньняў працягвае адчуваць цяжкасьці. Праз авіясанкцыі, уведзеныя пасьля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у траўні, дзяржава губляе больш за 10 мільёнаў даляраў у месяц — такія дадзеныя агучыў віцэ-прэмʼер краіны Анатоль Сівак.

Абмежаваньні бʼюць і па так званых «кашальках» Аляксандра Лукашэнкі. Адным зь іх экспэрты лічаць бізнэсоўца Аляксея Алексіна. ЭЗ лічыць, што посьпех Алексіна тлумачыцца блізкасьцю да сямʼі Лукашэнкі. Сярод яго бізнэс-інтарэсаў у тым ліку тытунёвая галіна — гэта адзін з самых непразрыстых сэктараў беларускай эканомікі.

Журналіст тэлеканалу «Белсат» Стась Івашкевіч, аўтар расьследаваньняў аб бізнэсе набліжаных да Лукашэнкі асобаў, расказаў тэлеканалу «Настоящее время» пра тытунёвы бізнэс Алексіна.

Колькі цыгарэт вырабляюць у Беларусі штогод, колькі прадаюць унутры краіны, а колькі вывозяць за мяжу — адказаў на гэтыя пытаньні з 2016 году ў адкрытых крыніцах не знайсьці: улады перасталі публікаваць тытунёвую статыстыку. Пры гэтым вытворчасьць цыгарэт дакладна павялічылі.

У 2018 годзе беларускія ўлады далі Алексіну, у мінулым — супрацоўніку кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, права адкрыць яшчэ адну тытунёвую фабрыку, ужо трэцюю, расказвае Івашкевіч.

Тады ўлады патлумачылі гэта рашэньне ростам попыту ў Эўропе. Пра тое, што сьвету трэба больш беларускіх цыгарэт, тлумачыў асабіста Аляксандр Лукашэнка: «Да мяне нават у апошні час зьвярнуліся замежныя прадпрымальнікі, што нашыя прадпрыемствы не хочуць прадаваць прадукцыю на экспарт. Ёсьць вялікія нішы, нават у Эўразьвязе. Яны нам выгадныя».

Праўда, мяркуючы па статыстыцы імпарту ў краіны ЭЗ, там больш паліць не сталі. Ці, прынамсі, афіцыйна не сталі.

«Калі паглядзець тую ж статыстыку Эўрастату або UN Comtrade, то бачна, што Беларусь экспартуе ў ЭЗ сьмешныя, мінімальныя абʼёмы, — распавядае журналіст-дасьледчык выданьня Naviny.by Аляксандр Ярашэвіч. — Заяўляецца пра тое, што» мы пабудуем новую фабрыку і будзем адгружаць яшчэ больш прадукцыі на экспарт «, але гэтага не адбываецца. А ў той жа Расеі і Эўропе гавораць аб тым, што патокі нелегальных цыгарэтаў зь Беларусі павялічваюцца».

У Польшчы супрацоўнікі мытні знаходзяць сотні тысячаў кантрабандных цыгарэтаў з Беларусі. Такія ж знаходкі пэрыядычна робяць на мяжы ў Літве. Але гэта толькі вярхушка айсбэргу. Большая частка тытуню трапляе ў крамы Эўропы і Расеі.

Па словах мытнікаў, адзін з самых распаўсюджаных спосабаў даставіць кантрабанду — «упакаваць» яе ў індустрыяльныя грузы. Зь Беларусі іх адпраўляюць у асноўным вялікія дзяржаўныя прадпрыемствы, высьветліў журналіст «Белсату» Івашкевіч. Гаворка пра калійныя і азотныя ўгнаеньні, а таксама прадукцыю цэмэнтных і дрэваапрацоўчых заводаў.

Адзін з найбуйнейшых прадаўцоў тытунёвых вырабаў у Беларусі — кампанія Алексіна «Энерго-Ойл». ЭЗ Алексіна ў новы санкцыйны сьпіс, паколькі ў Эўропе ўпэўненыя, што Алексін і некаторыя зьвязаныя зь ім кампаніі атрымлівалі выгаду праз блізкасьць да Лукашэнкі.

«Пры ўсіх падазрэньнях у кантрабандзе на адрас Алексіна, яго кампанія зьяўляецца нацыянальным апэратарам па плямбаваньні грузаў — сочыць за тым, каб не займаліся кантрабандай», — распавядае Івашкевіч.

Улады Беларусі адмаўляюць абвінавачваньні ў кантрабандзе вялікага маштабу і сьцьвярджаюць, што калі цыгарэты і вывозяць у іншыя краіны нелегальна, то робяць гэта парушальнікі-адзіночкі. Але, па словах Івашкевіча, мытнікі суседніх дзяржаваў кажуць, што так званая «народная кантрабанда» складае толькі 3% агульнага патоку цыгарэтнай кантрабанды, а асноўная частка ідзе ў індустрыяльных грузах — як правіла дзяржпрадпрыемстваў, як правіла найбуйнейшых экспарцёраў.

Мяркуючы па колькасьці кантрабандных цыгарэтаў, увезеных у Расею, робяць гэта таксама не адзіночкі. Журналісты выданьня «Праект» падлічылі прыблізны шкоду ад кантрабанды тытуню. «За год галіна недаатрымлівае падаткаў з „тытункі“ каля 100 мільярдаў расейскіх рублёў (каля трох з паловай мільярдаў беларускіх рублёў — РС). Гэта прыкладна абʼём міністэрства спорту: там столькі грошай плацяць за свае выдаткі. Можна супаставіць», — кажа журналістка «Праекту» Вольга Чуракова.

Па дадзеных аналітычнай кампаніі Nielsen, доля нелегальнага тытуню ў 2020 годзе ў Латвіі ўзьляцела да 20,4% ад агульнага абʼёму рынка, а сам гэты рынак больш чым напалову складаўся з беларускіх цыгарэтаў. Спыніць гэты паток складана — занадта высокая рэнтабэльнасьць у нелегальнага бізнэсу. Цэны на тытунь у Эўразьвязе працягваюць павялічваць, у Латвіі ў сярэднім пачак цыгарэт каштуе больш за 3,5 эўра, а ў Беларусі — у эквіваленце 70 эўрацэнтаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG