Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы рэкорд беларускай кантрабанды цыгарэт у Польшчу — на $9,7 млн


Польскі памежнік і кантрабанда зь Беларусі
Польскі памежнік і кантрабанда зь Беларусі

Кантрабанду спынілі ў гміне Тарэспаль. Цыгарэты трапілі ў Польшчу цягніком зь Беларусі, але польскія памежнікі выкрылі нелегальны груз і канфіскавалі яго.

Каля 2,5 млн пачак цыгарэт выявілі супрацоўнікі Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Польшчы разам з Падляскім аддзелам Памежнай службы краіны. Самая вялікая ў гісторыі па маштабах кантрабанда знаходзілася ў трох кантэйнэрах, якія прыбылі на цягніку зь Беларусі на перагрузачны пункт у гміне Тарэспаль, паведамілі ў сядзібе падатковай адміністрацыі ў Беластоку.

Агульны кошт нелегальнага грузу зь Беларусі — 37 млн злотых, што ў пераліку на даляры складае звыш $9,7 млн — гэта рэкорд кантрабанды, якую спынілі памежныя службы за ўвесь час.

Папярэдні рэкорд быў устаноўлены ў лютым, калі ў Польшчу зь Беларусі спрабавалі перавезьці 1 млн 800 тысяч пачак беларускіх цыгарэт на 7,5 млн даляраў. Цяпер рэкорд перакрыты больш як на 2 млн даляраў.

Паводле дакумэнтаў, груз, які прыбыў у Тэрэспаль, складаўся з вэрмікуліту і награвальных элемэнтаў, але пры ўскрыцьці падазроных скрыняў выявілася, што там цыгарэты. Польскія службы падлічылі, што агульная шкода ад такой гіганцкай партыі кантрабанды для бюджэту дзяржавы склала б 60 млн злотых, або 15,8 млн даляраў.

Рэгіянальная пракуратура ў Белай Падляскай пачала расьсьледаваньне для пошуку вінаватых у пастаўках у Польшчу нелегальнага грузу ў такім буйным памеры.

Ад пачатку 2021 году памежныя службы Польшчы, Літвы і Ўкраіны шматразова спынялі буйную кантрабанду з тэрыторыі Беларусі. Сумеснае журналісцкае расьсьледаваньне расейскага выданьня «Праект», беларускіх сайту Naviny.by і тэлеканалу «Белсат» паказала, што на кантрабандзе велізарныя грошы зарабляе атачэньне Лукашэнкі.

Кантрабанду тытунёвых вырабаў выяўлялі, у прыватнасьці, у мінэральнай ваце, бэтоне, калійных угнаеньнях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG