Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты высьветлілі, як акружэньне Лукашэнкі зарабляе на кантрабандзе цыгарэтаў у Расею


Горадзенская тытунёвая фабрыка

Кантрабанда зь Беларусі складае больш як палову расейскага нелегальнага тытунёвага рынку. І зарабляюць на гэтым бізнэсоўцы, набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі. Да такой высновы прыйшло супольнае расьсьледаваньне расейскага выданьня «Праект», беларускага сайта Naviny.by і тэлеканалу «Белсат».

У публікацыі адзначаецца, што Расея штогод губляе мільярды рублёў на кантрабандзе і рээкспарце тавараў зь Беларусі, аднак закрывае на гэта вочы, дазваляючы зарабляць кампаніям, зьвязаным зь беларускімі ўладамі.

Паводле аўтараў дасьледаваньня, у схеме ўдзельнічаюць супрацоўнікі расейскай мытні сярэдняга і вышэйшага ўзроўню. Акрамя звычайнай кантрабанды, для перавозкі тавараў зь Беларусі выкарыстоўваецца так званы «перарваны транзіт»: беларускія кампаніі заяўляюць, што вязуць цыгарэты ў Кіргізстан, Казахстан або Армэнію, але да пункту прызначэньня тавар не даходзіць, а асядае ў Расеі.

Дамоўленасьць пра зьдзелкі заключаецца праз ананімныя каналы ў Telegram і групы ў сацсетцы «ЎКантакце».

Аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што, у адрозьненьне ад Расеі, на беларускім баку на кантрабандзе зарабляюць вельмі буйныя бэнэфіцыяры, блізкія да рэжыму Лукашэнкі. Называецца, у прыватнасьці, прозьвішча бізнэсоўца Аляксея Алексіна, уладальніка кампаніі «Інтэр Тобакко».

У сьнежні Радыё Свабода паведамляла, што ва Ўкраіне памежнікі затрымалі летась велізарную колькасьць кантрабандных цыгарэтаў зь Беларусі — амаль два мільёны пачкаў.

У лістападзе літоўскі інфармацыйны партал delfi.lt апублікаваў спэцыяльнае расьсьледаваньне пра кантрабанду тытунёвых вырабаў зь Беларусі ў Літву. Зь яго вынікае, што гэтая кантрабандная дзейнасьць адбываецца не бязь ведама, а магчыма, і не без удзелу беларускіх уладаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG