Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бок абвінавачваньня прапануе суду гэты трук аформіць прысудам». Адвакат кажа, што Бабарыку абгаварылі


Адвакат Дзьмітры Лаеўскі

У судзе па справе «Белгазпрамбанку», сярод фігурантаў якой Віктар Бабарыка, выступілі яго абаронцы. Справу разглядае Вярхоўны суд.

Віктара Бабарыку абвінавачваюць у стварэньні арганізаванай злачыннай групы і атрыманьні хабару. Пракурор папрасіў для яго 15 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Віктар Бабарыка ў сваіх паказаньнях 6 красавіка 2021 году заявіў, што хабару ні ў якім выглядзе не атрымліваў.

Адвакат Віктара Бабарыкі Дзьмітры Лаеўскі заявіў, прамаўляючы ў судзе, што пазыцыя пракурораў — гэта ня «нешта нечаканае».

«Яны сьцьвярджаюць, што ўсё даказана, абвясьцілі нейкую даволі дзіўную вэрсію паказаньняў», — сказаў адвакат.

Паводле пракурора, маўляў, усе ўсё робяць толькі па ўказаньні Віктара Бабарыкі, ён прымае ўсе рашэньні, толькі зь ім усе і па ўсіх пытаньнях раяцца.

«І яшчэ трохі засталося, каб даказаць, што сонца ўстае і заходзіць толькі на загад Віктара Бабарыкі. Пры гэтым я не пачуў прававых нормаў. І няясна, якія прыкметы складу атрыманьня хабару даказваюць абвешчаныя дзяржаўным абвінавачваньнем зьвесткі», — сказаў адвакат.

Пазыцыя пракурораў грунтуецца «шмат у чым на тым, што частка абвінавачаных пагадзіліся з абвінавачваньнем».

«Ну, з боку людзей, зьняволеных у СІЗА КДБ, гэта ня самы нечаканы крок — пагадзіцца з абвінавачваньнем і настойваць, што ніякага ціску не было, дый наогул. І, канечне, кожны заяўляе, што ў яго няма падстаў абгаворваць Віктара Бабарыку», — сказаў адвакат.

Аднак, паводле Лаеўскага, усё выглядае зусім іначай.

«Выкарыстоўваецца такі трук: усе абвінавачаныя прызналі віну, акрамя Віктара Бабарыкі, і калі ўсе, акрамя аднаго, пагадзіліся з тэкстам абвінавачваньня, то гэтага нібыта дастаткова, а якасьць доказаў ужо ня важная, — сказаў адвакат. — Бок абвінавачваньня прапануе суду гэты трук аформіць прысудам, а грамадзтву — паверыць у гэта.

Але праўда ў тым, што падобная доказная база абвінавачваньня і так званыя „прызнаньні“ нічога ня вартыя».

Паводле адваката, у абвінавачаных намесьнікаў старшыні праўленьня банку быў агульны матыў для абгавору

Адвакат патлумачыў, чаму ў супрацоўнікаў банку быў матыў для абгавору Віктара Бабарыкі і чаму яны гатовыя пры гэтым прызнаваць саміх сябе вінаватымі ў атрыманьні хабару, хоць прыкмет атрыманьня хабару ў іх дзеяньнях ня бачыцца.

Паводле адваката, мэтадалёгія, якая прывяла да гатоўнасьці прызнаць атрыманьне хабару, складаецца з трох элемэнтаў.

— Адносна абвінавачаных у чэрвені 2020 году генпракурорам была пачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі), якая прадугледжвае адзінае пакараньне — пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў.

«Гэта значыць, адразу палохалі вялікімі тэрмінамі зьняволеньня. Гэтыя падазрэньні ня зьнятыя да гэтага часу», — сказаў адвакат.

Паводле Лаеўскага, адносна абвінавачаных першапачаткова, у чэрвені 2020 году, была пачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 КК, па якой ім усім інкрымінавалася ўхіленьне ад выплаты падаткаў.

«Прычым не падаходнага падатку з законных дывідэндаў афшорнай кампаніі, якое прызнаваў Кузьміч у першых паказаньнях, а была сфармуляваная іншая гісторыя», — сказаў адвакат.

Паводле Лаеўскага, абвінавачаным ставілася ў віну салідарна шматмільённая сума нібыта ўтоеных ад падаткаабкладаньня даходаў замежных арганізацый, якія ажыцьцяўляюць нейкую прадпрымальніцкую дзейнасьць у Беларусі праз пастаяннае прадстаўніцтва, якое нібыта не было пастаўлена на ўлік і не вылічвала падаткі.

Паводле адваката, гаворка вядзецца пра замежныя кампаніі (SIA «BALTIJAS INVESTICIJU GRUPA» і «BUSINESS RENOVATION INVESTMENT LTD»), якія ў цяперашняй справе ператварыліся ў «падкантрольныя Бабарыку», хоць па падатковай справе яны называліся «падкантрольнымі Дабралёту» ды іншым.

«Салідарна — значыць агульны шматмільённы доўг на ўсіх абвінавачаных, і кожны зь іх лічыцца даўжніком усёй сумы, пакуль доўг цалкам не пагашаны. Такім чынам, атрымлівалася, што для кожнага зь іх — нават у выпадку гатоўнасьці пагадзіцца зь незаконным абвінавачаньнем — такая сума непад’ёмная», — сказаў адвакат.

— Таксама, паводле адваката, у абвінавачаных фармавалася перакананасьць, што разьлічваць на апраўданьне ў судзе ня варта, бо вялікія людзі ўжо ўсё вырашылі.

«Відавочна, публічныя заявы вышэйшых службовых асобаў, аж да прэзыдэнта, аб даказанасьці віны абвінавачаных не дадавалі ім веры ў магчымасьць незалежнага і бесстароньняга суду як спосабу дабіцца прызнаньня невінаватасьці. І ў дадзеным аспэкце адсутнасьць права на апэляцыю, якое мае месца з прычыны разгляду справы ў першай інстанцыі Вярхоўным судом, толькі ўзмацняе эфэкт», — сказаў адвакат.

— Паводле адваката, пры наяўнасьці інкрымінаванай шматмільённай сумы і фармаванага перакананьня аб тым, што вынік суду прадвызначаны, прапанаваны іншы варыянт: прызнаць атрыманьне хабару на ўмоўна малую суму, якую яны ў стане пагасіць, замест асуджэньня па абвінавачваньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў з ускладаньнем салідарнай адказнасьці на вялікую суму.

«Канечне, яны будуць адмаўляць каньюнктурны падыход, таму што сорамна і таму што кожны баіцца, што ўсё перайграюць. Ня варта чакаць ад іх іншай рэакцыі, акрамя імкненьня гучаць праўдападобна. І нельга забываць пра тое, што кожны зь іх можа зьвязваць усе гэтыя нэгатыўныя наступствы для сябе з тым, што, як гэта называецца, Віктар Бабарыка „палез у палітыку“, таму наважыцца сказаць пра яго няпраўду або іначай расставіць акцэнты крыху прасьцей», — сказаў Дзьмітры Лаеўскі.

Таксама, паводле адваката, у абвінавачаных былі індывідуальныя матывы для абгавору.

«Акрамя таго, што ўсе абвінавачаныя пад вартай, і гэта можа ўплываць на іх гатоўнасьць прамовіць тое, што хоча чуць КДБ, у некаторых ёсьць таксама індывідуальныя матывы, каб згаджацца з абвінавачваньнем», — сказаў адвакат.

Дабралёт:

1) яго дачка 17 чэрвеня 2020 году была затрыманая і зьмешчаная ў СІЗА КДБ, падчас допыту ў судзе ён сказаў, што гэта прынесла яму пакуты;

2) да 1 ліпеня 2020 году Дабралёт тройчы адмаўляўся ад дачы паказаньняў: 12, 18 і 23 чэрвеня. Аднак 1 ліпеня 2020 году банкаўскія рахункі ТАА «Прыватлізінг» былі арыштаваныя, на іх замарожаныя значныя сумы (больш за 9 млн рублёў, больш за 3,5 млн даляраў і больш за 1,6 млн эўра), што нэгатыўна адбілася на фінансавым стане кампаніі (гэта прызнаў і сам Дабралёт, і супрацоўнікі кампаніі). А гэта — пагроза стратаў і невыкананьня абавязаньняў перад банкам па крэдытных дамовах, што можа прывесьці да пачатку працэдуры банкруцтва ў дачыненьні да ТАА «Прыватлізінг» і ў далейшым да ўскладаньня асабіста на ўдзельнікаў, уключаючы Дабралёта, субсыдыярнай адказнасьці па нявыкананых грашовых абавязаньнях ТАА «Прыватлізінг».

«Відавочна, Дабралёт як чалавек зь юрыдычнай адукацыяй разумеў, што калі ТАА „Прыватлізінг“ з прычыны крымінальнай справы сыдзе ў працэдуру банкруцтва, то гэта можа быць пастаўлена ў прычынна-выніковую сувязь зь дзеяньнямі Дабралёта, што спараджае рызыку яго субсыдыярнай адказнасьці, — сказаў адвакат. — У выніку Дабралёт пагадзіўся з абвінавачваньнем і заключыў дасудовае пагадненьне 8 ліпеня 2020 году».

Пазьней арышт з рахункаў ТАА «Прыватлізінг» быў зьняты, і прадпрыемства змагло ажыцьцяўляць разьлікі з контрагентамі.

Кузьміч:

Паводле адваката, Кузьмічу па дамове ад 25 лістапада 2020 году прадастаўлена спонсарская дапамога ў суме 240 тысяч рублёў ад ТАА «Прыватлізінг» для кампэнсацыі беспадстаўнага ўзбагачэньня. Гэта ўплывае на ацэнку яго паказаньняў у частцы характару плацяжоў ад кампаній праекту DELAY.

Задойка:

«У яго цяжкае анкалягічнае захворваньне, узяцьцем пад варту было перарвана яго лячэньне (прайшоў траціну з прызначаных апраменьваньняў), што, безумоўна, спрычыніла пакуты», — сказаў адвакат.

Паводле Дзьмітрыя Лаеўскага, апроч таго, ва ўсіх удзельнікаў ТАА «Прыватлізінг» ёсьць падставы для абгавору Віктара Бабарыкі.

Адвакат таксама расказаў пра матывы для абгавору ў «хабарадавальнікаў» і сьведак.

Дзьмітры Лаеўскі лічыць, што прыведзеныя ім акалічнасьці не дазваляюць грунтаваць абвінавачваньне супраць Віктара Бабарыкі на паказаньнях гэтых асобаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG