Прэс-служба «Белгазпрамбанку» паведаміла, што 23 чэрвеня галерэя «Арт-Беларусь» зноў прадставіць увазе аматараў мастацтва працы з карпаратыўнай калекцыі, якую канфіскавалі год таму ў рамках справы Віктара Бабарыкі.
На абноўленай экспазыцыі ў галерэі «Арт-Беларусь» зноў можна будзе ўбачыць работы Марка Шагала, Хаіма Суціна, Восіпа Цадкіна і многіх іншых сусьветна вядомых выхадцаў зь Беларусі, чые творы былі вернутыя на радзіму намаганьнямі «Белгазпрамбанку», калі ім кіраваў цяперашні палітзьняволены Віктар Бабарыка.
Будуць у экспазыцыі і навінкі — 6 унікальных работ удзельнікаў УНОВІС: Яўгеніі Магарыл, Дзьмітрыя Саньнікава, Яўхіма Рояка, Льва Юдзіна.
У чэрвені 2020 году паўтары сотні карцін з карпаратыўнай калекцыі банку агульным коштам каля $20 млн былі далучаны да справы супраць Віктара Бабарыкі. 22 чэрвеня пракурор у яго крымінальнай справе запрасіў у суду 15 гадоў зьняволеньня для былога старшыні банку праз абвінавачаньне ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (частка 3 артыкулу 430 КК) і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (частка 2 артыкулы 235 КК).
Сам Віктар Бабарыка вінаватым сябе не прызнае, яго абарона сьцьвярджае, што сьледзтва не прадставіла ў суд ніводнага рэальнага доказу віны падабароннага. Праваабаронцы назвалі Бабарыку палітычным зьняволеным, яны заяўляюць, што справа супраць яго выкліканая выключна палітычнымі матывамі.