Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 17 чэрвеня: 2 года «хіміі» за зьнявагу падпалкоўніка міліцыі


Міліцыянт, ілюстрацыйнае фота
Міліцыянт, ілюстрацыйнае фота

Свабода працягвае сачыць за судамі ў крымінальных справах супраць удзельнікаў мірных пратэстаў. Артыкул абнаўляецца.

Вырак за зьнявагу падпалкоўніка ў тэлеграм-канале

У судзе Асіповіцкага раёну вынесены прысуд у крымінальнай справе за абразу супрацоўніка міліцыі (арт. 369 КК). Вырак — 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).

На лаве падсудных — жыхар вёскі Лапічы Генадзь Казючыц. Справу разглядала судзьдзя Тацяна Сакратарова, дзяржабвінаваўца — Сьвятлана Андрыеўская.

Генадзь Казючыц працаваў трэнэрам-выкладчыкам ДзЮСШ у Асіповічах, але пасьля затрыманьня яго адтуль звольнілі. Мае дзяцей.

Як зазначае «Вясна», начальнік аддзелу аховы правапарадку міліцыі грамадзкай бясьпекі Ленінскага раёну Магілёва Цімур Пахоменка сам зьвярнуўся ў суд Асіповічскагу раёну з пазовам на Генадзя Казючыца, які нібыта разьмясьціў у агульным доступе для іншых карыстальнікаў інфармацыю ў тэлеграм-канале, якая ганіць ягоныя гонар і годнасьць. Кампэнсацыю маральнай шкоды ён ацаніў у 5 тысяч рублёў.

Падпалкоўнік Пахоменка зьяўляецца пацярпелым прыкладна ў дзясятку крымінальных спраў.

Абвінавачаны расказаў, што ў сацыяльнай сетцы ўбачыў відэа, як супрацоўнік міліцыі праходзіць каля затрыманых людзей, якія стаялі ля сьцяны, і зьбівае іх дубінкай. «Міліцыя не павінна біць проста так», — канстатаваў ён, патлумачыўшы прычыну свайго абурэньня ў інтэрнэце.

Суд аргумэнты фігуранта справы да ўвагі не прыняў, пакараўшы мужчыну 2 гадамі «хіміі» і абавязаўшы кампэнсаваць маральную шкоду ў памеры 1 000 рублёў і 87 рублёў судовых выдаткаў.

Нацыянальны арнамэнт прызналі экстрэмісцкім

Як паведамляе БАЖ, У судзе Маскоўскага раёна Берасьця 16 чэрвеня слухалася справа паводле заявы 6-га ўпраўленьня (па Берасьцейскай вобласьці) ГУБАЗіК МУС аб прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі сайту «Виртуальный Брест» экстрэмісцкім матэрыялам.

Падставай для судовага працэсу стала публікацыя на сайце «Виртуальный Брест» аб затрыманьні жыхара Баранавічаў Уладзімера Гундара. У якасьці ілюстрацыі да тэкста быў зьмешчаны фотаздымак затрыманага мужчыны ў вопратцы з элемэнтамі арнамэнту. Прадастаўнікі ГУБАЗіК прапанавалі суду прызнаць гэтую публікацыю «экстрэмісцкім матэрыялам».

У сваю чаргу прадстаўнік сайта «Виртуальный Брест» Юлія Кухарчык з такімі высновамі не пагадзілася і выказала меркаваньне, што ніякіх забароненых знакаў на фатаздымку няма. У якасьці доказу яна ўзгадала пастанову МУС № 340 «Аб устанаўленьні пералікаў арганізацый і іншых структур, іх сымболікі і атрыбутыкі» ад 27 сьнежня 2019 года. У той пастанове гаворыцца, што свастыка — сымбаль Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Нямеччыны — уяўляе сабой знак у выглядзе крыжа з чатырма канцамі, загнутымі ў правы бок пад прамым вуглом.

«Сымбаль на арнамэнце кашулі, фотаздымак якой з’явіўся ў публікацыі, не трапляе пад забароненыя сымбалі, што вызначаны дадзенай пастановай. На гэтай кашулі канцы загнутыя ў левы бок. Дадзены знак з’яўляецца артэфактам яшчэ дахрысьціянскай культуры і ўзьнік задоўга да ХХ стагодзьдзя. У дадзеным выпадку знак знаходзіцца ў камбінацыі з узорам, а таму на кашулі не сымбаль, а арнамэнт», — тлумачыла ў судзе Юлія Кухарчык.

У якасьці агумэнтаў яна прывяла іншыя прыклады, дзе сустракаецца гэты сымбаль — у прыватнасьці, на кіраўскіх рушніках, якія захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі і ў Магілёўскім краязнаўчым музэі, а таксама на вокладках кніг.

Пры гэтым Юлія Кухарчык ня стала аспрэчваць кампэтэнцыю экспэрта, які выдаў заключэньне. Яго зрабіў галоўны рэдактар дзяржаўнай раённай газэты з Іванава і былы ідэоляг Ігар Гетман, які з’яўляецца кандыдатам філялягічных навук. Тым ня менш, прадстаўнікі сайта «Виртуальный Брест» лічыць, што ў дадзеным выпадку патрабуецца спэцыяліст больш вузкай накіраванасьці.

«Мне здаецца, што экспэрт рабіў выснову не як навуковец, а больш як ідэоляг і грунтаваўся на досьведзе сваёй ранейшай працы. У сваіх высновах ён бачыць менавіта тое, пра што просяць заяўнікі экспэртызы», — перакананая Юлія Кухарчык.

У выніку судзьдзя Анастасія Бразінская вырашыла задаволіць пазоў. Яна прызнала інфармацыйную прадукцыю «малюнак чырвона-белага арнамэнту з устаўкамі левабаковай свастыкі чырвонага колеру», зьмешчаную на сайце «Виртуальный Брест» экстрэмісцкім матэрыялам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG