Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 16 чэрвеня: 3 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у счэпцы 11 жніўня ў Менску


Пратэсты пасьля выбараў. Менск, 11 жніўня 2020 году.
Пратэсты пасьля выбараў. Менск, 11 жніўня 2020 году.

Свабода працягвае сачыць за судамі ў крымінальных справах супраць удзельнікаў пратэстаў. Артыкул абнаўляецца.

На 3 гады «хатняй хіміі» асудзілі Аляксандра Савосьціна, якога прызналі вінаватым паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала судзьдзя Алена Капцэвіч.

Як перадае Праваабарончы цэнтар «Вясна», Аляксандра Савосьціна асудзілі за тое, што летась 11 жніўня ён знаходзіўся на менскім праспэкце Пераможцаў і сваімі дзеяньнямі нібыта парушаў грамадзкі парадак, не падпарадкаваўся супрацоўнікам міліцыі, парушыў працу «Менсктранса». Пазоў «Менсктранса» на 21 831 рубель вылучаны ў асобную грамадзянскую вытворчасьць.

Савосцін адмовіўся даваць паказаньні, але падчас папярэдняга сьледзтва расказаў, што быў нязгодны з вынікамі выбараў, паводле якіх нібыта перамог Аляксандар Лукашэнка. Таму разам зь іншымі выйшаў на вуліцу. Зь яго боку не было гвалту, ён не атрымліваў грошы за ўдзел у акцыі, не блякаваў рух. А калі супрацоўнікі міліцыі пайшлі ў атаку, стаў у счэпку.

У справе няма сьведкаў, акрамя сілавікоў. Яны на паседжаньне не зьявіліся праз «занятасьць у сувязі з палітычнай сытуацыяй у краіне». Cярод матэрыялаў справы — фота счэпкі, у якой абвінавачаны пазнаў сябе, пратаколы ператрусаў, бел-чырвона-белы сьцяг, пісталет для трэніровак, зарадка, ноўтбук.

Бок абвінавачаньня падкрэсьліў, што Аляксандар Савосьцін прызнаў віну, папрасіў улічыць станоўчыя характарыстыкі абвінавачанага і прызначыць яму пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі на 3 гады без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Абаронца, у сваю чаргу, аргумэнтавала, што артыкул, паводле якога абвінавачваецца Аляксандар Савосьцін, гучыць досыць сурова. Аднак, мяркуючы па матэрыялах справы, актыўных дзеяньняў не было. Таму прасіла прызначыць мінімальны тэрмін — ужо адбыты арышт. Аднак суд насустрач не пайшоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG