Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хімія», або ГУЛАГ у цэнтры Эўропы. Шчыры расповед асуджанага палітвязьня


Палітычных на хіміі накіроўваюць на такія работы, на якіх мясцовыя сельскія жыхары працаваць не згаджаюцца. Ілюстрацыйнае фота
Палітычных на хіміі накіроўваюць на такія работы, на якіх мясцовыя сельскія жыхары працаваць не згаджаюцца. Ілюстрацыйнае фота

Палітычны зьняволены (ягонае імя ёсьць у рэдакцыі Радыё Свабода), якому сёлета прысудзілі «хімію», ананімна расказаў пра свой досьвед адбываньня гэтага распаўсюджанага пакараньня. Публікуем ягоны аўтарскі расповед.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Я «заехаў» на «хімію» гэтай вясной. Папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, куды мяне накіравалі, знаходзіцца на адлегласьці некалькіх сотняў кілямэтраў ад майго роднага гораду. Назіраючы за іншымі палітычнымі заняволенымі, я зразумеў, што ўсіх мэтанакіравана накіроўваюць як мага далей ад дома, каб стварыць дадатковыя складанасьці. Сям’я, малалетнія дзеці, пастаяннае месца працы і мэдыцынскія супрацьпаказаньні значэньня ня маюць. Думаю, ёсьць такая ўстаноўка зьверху, бо выпадкаў, калі палітычных пакідаюць у родным горадзе, я ня ведаю.

Палітычныя тут значна адрозьніваюцца ад традыцыйнага кантынгенту: матам ня лаюцца, да агрэсіі ня схільныя. Тым ня менш усіх нас, незалежна ад наяўнасьці парушэньняў рэжыму, цягам двух тыдняў ставяць на прафіляктычны ўлік. Ёсьць зьвесткі пра нейкую закрытую інструкцыю МУС для ўнутранага карыстаньня, якая рэгулюе пастаноўку на такі ўлік.

Палітычных сёньня, па маіх назіраньнях, на ўсіх «хіміях» ад 15 да 20%.

Што значыць прафіляктычны ўлік?

  1. Адразу выдаюць жоўтыя біркі, якія ты абавязаны павесіць на ложак і на тумбачку. У простых зэкаў біркі ня маюць колеру. У схільных да ўцёкаў чырвоная бірка.
  2. Усіх, хто стаіць на ўліку, абавязваюць кожную гадзіну расьпісвацца ў камэндатуры (адзначацца), пры гэтым трэба гучна казаць сваё прозьвішча і, каб усе чулі, «схільны да экстрэмізму і дэструктыўных дзеяньняў».
  3. Асобы, якія знаходзяцца на ўліку, ня маюць права без суправаджэньня супрацоўнікаў пакідаць папраўчую ўстанову (ПУАТ). Нават па лекі і малако. Жаданьне кудысьці хадзіць з падкантрольным у адміністрацыі ўзьнікае рэдка і пасьля мноства просьбаў.
  4. Тым, хто на прафіляктычным уліку, складана трапіць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне (УДВ). Думаю, гэтая мера зьяўляецца дадатковым фільтрам ад выхаду праціўнікаў дзейнай улады на свабоду. Паводле непацьверджанай інфармацыі, ёсьць указаньне палітычным на УДВ шлях закрыць на любой падставе, нават калі ня будзе парушэньняў. Гэта зрабіць лёгка, таму што цалкам аддадзена на меркаваньне начальніка ПУАТ, які проста прыйдзе да высновы, што ты «ня стаў на шлях выпраўленьня», ня трэба нават штосьці абгрунтоўваць.
  5. На кожным шыхтаваньні падкантрольныя мусяць гучна пры ўсіх назваць прозьвішча і дадаць: «Схільны да экстрэмізму і дэструктыўных дзеяньняў». Такім чынам адміністрацыя ПУАТ спрабуе вылучыць палітычных сярод астатняга крымінальнага кантынгенту з мэтай прынізіць.

Як праходзіць камісія на пастаноўку асуджанага на прафіляктычны ўлік. Сакратар камісіі, як правіла опэр, падае запіску на пастаноўку асуджанага на прафіляктычны ўлік. Зьбіраецца камісія, у нашым выпадку адміністрацыя ПУАТ, галасуюць. Галасаваньне фармальнае, ніякага разгляду справы няма, усё адбываецца аднагалосна. Тое, што гэта зьяўляецца парушэньнем, супрацоўнікі не разумеюць.

Што тычыцца любых заяў ад вязьняў, магу сказаць наступнае. Можна пісаць заяву, але яе могуць праігнараваць, заява ад асуджанага нідзе не рэгіструецца. Толькі з волі ёсьць шанец. Такім чынам, становішча такое, што асуджаны можа толькі прасіць, паддобрывацца да начальства, «знаходзіць падыход». Тычыцца гэта ўсяго.

Палітычным «хімікам», якіх ставяць на прафіляктычны ўлік, выдаюць жоўтыя біркі
Палітычным «хімікам», якіх ставяць на прафіляктычны ўлік, выдаюць жоўтыя біркі

Часам прыяжджаюць праверкі з УДВП (упраўленьне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў), пытаюцца, ці ёсьць скаргі. Ніхто ня скардзіцца, бо разумеюць, што ў лепшым выпадку, калі праверка зьедзе, табе не дадуць нажа парэзаць каўбасу. Або будуць праяўляць асаблівую ўвагу зь відэакамэрай, каб выпісаць парушэньне і адправіць у калёнію на 3 гады.

Нажы, дарэчы, нам не дазволеныя, іх трэба прасіць у супрацоўніка кожны раз, калі трэба нешта адрэзаць. Супрацоўнік можа адмовіць, спаслаўшыся на занятасьць, і будзеш сядзець галодны. Паклічуць на працу, так і паедзеш, не пасьнедаўшы. Такая сытуацыя задавальняе УДВП: ніхто ня скардзіцца, значыць, усё добра. Я думаю, пра тое, што адбываецца ў іхным ведамстве, яны дазнаюцца з тэлеграм-каналаў, калі нехта ўжо зьдзейсьніць суіцыд або абвесьціць галадоўку, калі дойдзе да краю.

Усім хімікам днём нельга ляжаць і сядзець на ложку з 06:00 да 22:00, толькі сядзець на табурэце. Ад гэтага «пяты пункт» дранцьвее. Гэта ж і зьяўляецца самым распаўсюджаным парушэньнем. Прыйшоў чалавек стомлены з працы, яго зьнялі лежачы або седзячы на ложку на нагрудную камэру — і выпісалі парушэньне.

Пры гэтым, калі хто-небудзь з супрацоўнікаў уваходзіць, трэба ўставаць. Простаму сяржанту зь вёскі гэты працэс вельмі падабацца: ён заходзіць — і перад ім устаюць гэтыя ўсе інтэлігенты, якія сядзяць па палітычных артыкулах. Таму да нас за гадзіну могуць зайсьці ў пакой па тры разы.

Што да працы, у нас гэта адзін вялікі калгас. Паляводу плацяць каля 60 капеек за гадзіну, што ніжэй за мінімалку. Праца палявода ў тым, каб ісьці за трактарам і зьбіраць камяні. Адмовіцца ад працы нельга, гэта парушэньне. Знайсьці працу самому не забаронена, але на практыцы такога не адбываецца, таму што адміністрацыя ПУАТ адмаўляе ў гэтым праве. Ім так прасьцей.

Абскардзіць такія адмовы нельга, таму што фармальна самому знайсьці працу не забаронена, але ўсё роўна на «усмотрение» ПУАТ, які не «усматривает». Такая сытуацыя на ўсіх «хіміях».

Калі накіруюць жывёлаводам, там заработная плата большая за мінімалку. Але тут ужо ёсьць пару палітычных, якім 2 месяцы не даюць працы нават за гэтыя капейкі. Я думаю, што ёсьць дамоўленасьці паміж адміністрацыяй ПУАТ, якія пастаўляюць у калгас танную працоўную сілу.

Для разуменьня, палітычныя працуюць на такіх работах, на якіх нават мясцовыя сельскія жыхары працаваць не згаджаюцца. Ды і моладзі мясцовай тут мала, многія зьехалі, і мясцовы калгас жыве за кошт рабскай працы асуджаных. Гэта і ёсьць пакараньне: ня проста абмежаваць свабоду, але і паставіць асуджанага і ягоную сямʼю ў сацыяльна небясьпечнае становішча, без самастойнага права выбару месца працы. Палітычным гэта асабліва цяжка, бо на волі большасьць зь іх былі занятыя кваліфікаванай працай.

Што тычыцца мэдыцынскіх супрацьпаказаньняў да той ці іншай працы. Супрацоўнікі ПУАТ перад працаўладкаваньнем усіх возяць на мэдагляд, і яны ж знаходзяцца ў кантакце зь мясцовай паліклінікай. Супрацоўнік ПУАТ, які загадвае кадрамі, усяляк імкнецца засьцерагчы хімікаў ад зносін зь лекарамі, каб апошнія ня мелі магчымасьць скардзіцца на здароўе, прыкладаць нейкія даведкі з волі або супрацьпаказаньні да фізычнай працы. Камісія праходзіць такім чынам, што частка лекараў могуць падпісаць паперы, ня гледзячы на пацыента. Пры гэтым я заўважыў, супрацоўнікі ПУАТ сумняваюцца ў ляяльнасьці лекараў, якія могуць паставіць абмежаваньні, што дазваляюць пазьбегнуць рабства.

Для прыкладу, тут працуе паляводам самы сапраўдны дзед, ня ведаю, колькі яму гадоў, але ён стары. Дапамогі з волі яму чакаць няма адкуль, а за камэндатуру трэба плаціць. Ёсьць асуджаны з мэдыцынскімі абмежаваньнямі да фізычнай працы, але бяз групы інваліднасьці. Ён 4 месяцы бяз працы. Робіць брудную работу, і яму скідваюць патроху тыя, хто працаўладкаваны, каб ён мог купіць сабе ежы.

Тыдзень таму быў выпадак вытворчай траўмы ў хлопца. Паколькі ПУАТ сябруе зь мясцовым калгасам-працадаўцам, хлопцу быў намёк, што будуць створаны непераадольныя цяжкасьці, калі ён скажа, што траўма здарылася не па-за межамі вытворчасьці.

Дарэчы, за камэндатуру асуджаныя абавязаныя плаціць у любым выпадку, нават калі ПУАТ не дае працы. Як і купляць сабе харчы, сродкі гігіены і іншае.

Лісты ў ПУАТ варта слаць толькі заказныя. У нас, палітычных, большасьць простых лістоў прападае. Гэта ня жарт, менавіта большасьць. Даказаць ці спагнаць зь некага немагчыма. У адміністрацыі ПУАТ паціскаюць плячыма і кажуць, што не атрымлівалі. Магчыма, у іншых «хіміях» сытуацыя іншая.

І пад канец мая субʼектыўная думка: «хімія» сёньня зьяўляецца месцам, дзе выкарыстоўваецца праца паднявольных людзей, у тым ліку палітычных вязьняў. Калі Yara праводзіць праверку па факце парушэньняў правоў працоўных на «Беларуськаліі», то што казаць аб прадпрыемствах, якія выкарыстоўваюць рабскую працу людзей, што пацярпелі ад палітычных рэпрэсій? Думаю, такія кампаніі павінны падпадаць пад санкцыі, нароўні са спонсарамі рэжыму.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG