Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр магілёўскіх пратэстаў на «хіміі» стаў «схільным да дэструктыўных дзеяньняў»


Валадар Цурпанаў
Валадар Цурпанаў

Магілёўскага праваабаронцу і аднаго зь лідэраў мясцовых пратэстаў Валадара Цурпанава адміністрацыя Круглянскай спэцкамэндатуры паставіла на прафіляктычны ўлік як «схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасьці».

24 сьнежня Магілёўскі раённы суд прызнаў Валадара Цурпанава вінаватым у абразе двух судзьдзяў ды пакараў трыма гадамі абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу. Для адбыцьця «хіміі» Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў вызначыў актывісту райцэнтар Круглае.

Чым вядомы Валадар Цурпанаў

  • Актывіст апазыцыі з канца 1980-х гадоў. Кіраваў абласной арганізацыяй Партыі БНФ. У 1997-м галадаў 10 дзён у ізалятары. З галадоўкі выходзіў у лякарні.
  • У жніўні 2020-га дамогся сустрэчы з кіраўнікамі гарадзкой і абласной выканаўчай улады, давёў ім патрабаваньні «вуліцы» ды спрабаваў пераканаць сустрэцца з пратэстоўцамі.
  • 1 верасьня на лінейцы ў 43-й магілёўскай школе заклікаў пэдагогаў, якія працавалі ва ўчастковых камісіях, пакаяцца за фальсыфікацыю выбараў. Яго затрымалі і асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту.
  • Агулам за чатыры месяцы пратэстаў правёў у няволі 43 дні.
  • 10 дзён трымаў сухую галадоўку, пратэстуючы супраць незаконнага зьняволеньня. Быў шпіталізаваны.

Валадар Цурпанаў на адну з акцыяў пратэсту прыйшоў першым, што стала падставай для арышту на 15 дзён
Валадар Цурпанаў на адну з акцыяў пратэсту прыйшоў першым, што стала падставай для арышту на 15 дзён

«Прафіляктычны ўлік разглядае як псыхалягічны ціск на асуджанага»

Валадар Цурпанаў прыбыў у Круглае для адбыцьця «хіміі» 5 студзеня, а 8-га яго ўжо паставілі на прафіляктычны ўлік. На ложак асуджанага павесілі жоўтую бірку з адпаведным тлумачэньнем.

Валадар кажа, што падставаю для прафіляктычнага ўліку стала ягоная адмова падпісаць добраахвотнае абавязаньне не парушаць правілаў адбыцьця пакараньня і ўдзельнічаць у гуртках самадзейнасьці, што зьяўляецца перадумовай для ўмоўна-датэрміновага вызваленьня.

«Прафіляктычны ўлік — гэта пазапраўны дакумэнт для службовага карыстаньня, складзены паводле інструкцыяў Міністэрства ўнутраных спраў, — дзеліцца сваім бачаньнем сытуацыі Валадар Цурпанаў. — Зразумела, што ён не даступны для ацэнкі таго, што зь сябе ўяўляе, а таму з прававога гледзішча яго не існуе».

У судовую залю Цурпанава не пускалі. Судзьдзя выдаліў яго за спрэчку
У судовую залю Цурпанава не пускалі. Судзьдзя выдаліў яго за спрэчку

Актывіст адзначае: рашэньне пра прафіляктычны ўлік прымала камісія зь сямі службоўцаў, і яны прагаласавалі за прызначэньне яму асаблівага нагляду. Такое стаўленьне да сябе ён разглядае, як псыхалягічны ціск і дапускае: у выпадку шматразовага парушэньня ўмоваў, прадугледжаных прафіляктычным наглядам, яму могуць замяніць «хімію» на калёнію ці турму.

«Пэрыяд будзённасьці гвалту не дае адчуваць вастрыню кожнага новага пакараньня»

Праваабарончыя арганізацыі не прызналі Валадара Цурпанава палітвязьнем. Ён кажа, што такі статус мог бы прыдацца як інструмэнт ціску на сыстэму. Па словах актывіста, ён папярэдзіў адміністрацыю спэцкамэндатуры, што ягоная задача і ў зьняволеньні ўсё тая ж — «будзіць Беларусь».

З жонкай Ірынай ля ізалятару
З жонкай Ірынай ля ізалятару

Паводле Цурпанава, яму далі максымальны тэрмін для «хіміі», бо «меў нахабства зьняважыць адну з важных інстытутаў дзяржавы — суд».

Сытуацыя з пакараньнем, на ягоную думку, была абцяжараная і тым, што ў сьнежні абвясьцілі аб увядзеньні трэцяга пакету санкцыяў, куды трапіла адна з магілёўскіх судзьдзяў, ды акурат тады больш актыўна пачалі гаварыць, што чэмпіянату сьвету ў хакеі ў Менску ня будзе.

Па словах Цурпанава, ягоная жонка непакоіцца, што пра яго забудуць. Яе насьцярожвае, што амаль ніхто не цікавіцца лёсам мужа. Ён супакойвае жанчыну тым, што «цяпер пэрыяд будзённасьці гвалту, і ягоны масавы характар не дае адчуваць вастрыню кожнага новага пакараньня». Актывіст лічыць, што ўсе ахвяры артыкулу 23.34 маюць быць прызнаныя палітзьняволенымі.

Пра ўмовы адбыцьця пакараньня на «хіміі»

Адной з умоваў адбыцьця пакараньня «хімікаў» зьяўляецца ўладкаваньне на працу.

Цурпанаў да зьняволеньня меў сталы занятак. Прыватная будаўнічая арганізацыя, у якой ён працаваў мантажнікам, была гатовая выдаць хадайніцтва і пакінуць работніка ў Магілёве.

Па словах актывіста, сама камэндатура месьціцца на ўскрайку гораду ў двухпавярховым будынку. Гарачай вады няма. У пакоях холадна. Шклопакеты на вокнах «плачуць» — на ўсю шырыню падвоканьня кожную раніцу стаіць лужына.

На акцыі пратэсту Цурпанаў «дыскутуе» зь міліцыянтамі
На акцыі пратэсту Цурпанаў «дыскутуе» зь міліцыянтамі

Актывіст кажа, што першыя дні спаў у нагавіцах, пакуль не далі другую коўдру. У пакоі, разьлічаным на шэсьць чалавек, пакуль трое. Усяго на круглянскай «хіміі» цяпер блізу 60 асуджаных, а разьлічаная яна на 120.

Для сядзельцаў дзьве кухні з плітамі на 8 канфорак, якія працуюць на балённым газе. На кожным паверсе па дзьве прыбіральні. У іх па два ўнітазы, умывальнікі і душавыя. Пральную машыну, як расказалі Валадару, асуджаныя купілі гуртам.

Удзень на ложках забаронена сядзець і ляжаць. Гэтую прывілею можа дазволіць толькі начальнік спэцкамэндатуры, альбо асуджанаму прыпісаны пасьцельны рэжым. Цяпер актывіст на 10-дзённым карантыне — гэты час адведзены на адаптацыю да ўмовах знаходжаньня ў спэцкамэндатуры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG