Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Ашурак упэўнены, што выйдзе на волю ўжо сёлета


Вітольд Ашурак
Вітольд Ашурак

Палітзьняволены Вітольд Ашурак, якога 18 студзеня ў Лідзкім раённым судзе асудзілі на 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму, у лісьце да сяброў выказаў думку, каму выгадна зацягваць час пераменаў у Беларусі.

Вітольд Ашурак адзначае, што ўлады ўжо страцілі стратэгічную ініцыятыву ў дзяржаве, ягоны ліст цытуе «Новы час».

«Усе іхныя дзеяньні — спрэс рэфлексіі. Гэта значыць, што іх магчымасьцяў і патэнцыялу хапае толькі на тое, каб рэагаваць на ініцыятывы грамадзянскай супольнасьці».

На думку Вітольда, улады разумеюць, што вяртаньня да ранейшага становішча ня будзе, але ім патрэбен час, каб вывесьці на палітычную арэну сваіх «палітыкаў-лабістаў».

«Нашыя ворагі імкнуцца цяпер зацягнуць час перамен. Палітыка, які сымбалізаваў іх статус-кво і гарантаваў ім недатыкальнасьць, яны ўжо сьпісалі на сьметнік гісторыі. Для іх ён ужо палітычны нябожчык. Але ім патрэбна ўтрымаць свае пазыцыі. Таму, карыстаючыся ўладай, яны і садзяць палітычных супернікаў», — напісаў Ашурак у лісьце.

Вітольд Ашурак ня думае, што судзьдзя Філатаў, калі даваў яму 5 гадоў турмы, сур’ёзна спадзяваўся на тое, што ён адсядзіць увесь тэрмін. Палітвязень лічыць, што ўжо неўзабаве зьявіцца шэраг людзей, незаплямленых дзейным рэжымам, якія будуць выступаць пад лёзунгамі «Нам трэба аб’яднацца», «Ня трэба варушыць мінулае», «Грамадзтва не павінна быць расколатым».

«Разумныя ворагі разумеюць, што бессэнсоўна секчы галовы „гідры рэвалюцыі“, бо замест адной адсечанай вырастаюць 10 новых! Разумныя ворагі інтэгруюць у грамадзтва сваіх лёгка кіраваных стаўленікаў».

Разам з тым Вітольд Ашурак упэўнены, што цягам 2021 году апынецца на волі.

«Тэрмін у 5 гадоў успрымаю як адзнаку „выдатна“ за тое, што меў гонар падняць паходню паўстаньня супраць дыктатуры сярод самых лепшых людзей Ліды!»

Сябры Вітольда Ашурка заклікаюць пісаць яму на адрас: турма № 1, 230023, г. Горадня, вул. Кірава, 1.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG