Жонка Ігара Лосіка Дар’я расказала Свабодзе, як ён выходзіць з галадоўкі.
«Ігар адчувае сябе нармальна, нейкіх асаблівых навінаў няма, — кажа Дар’я. — Сказаў, што ў яго больш за 200 лістоў было, на якія яшчэ не адказаў. І яшчэ каля 160 на гэтым тыдні прынесьлі. Я пыталася ў лекара, чаму майго мужа не агледзелі пасьля спыненьня галадоўкі. Мне на гэта сказалі, што я паставіла іх у тупік. Маўляў, ён ня скардзіцца ні на што, яго і не аглядаюць. Яны ня ведаюць, трэба яму мэдычны агляд ці не».
Па словах Дар’і, мэдыкі перасталі прыходзіць да Ігара адразу пасьля таго, як ён спыніў галадоўку. Цяпер ён нават ня ведае, які ў яго ціск (пасьля 30 дзён галадоўкі ў палітвязьня пачаліся зь ім праблемы. — РС). Раней ціск вымяралі двойчы на дзень.
«Я прывозіла вітаміны Ігару, — кажа Дар’я. — Вітамін А і вітамін Е. Усё прынялі без пытаньняў, з гэтым няма праблемаў».
Пра завяршэньне сьледзтва па справе Ігара Лосіка, а таксама пра дату пачатку суду па-ранейшаму нічога не вядома.
Палітвязень Ігар Лосік, блогер і кансультант Радыё Свабода, за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году. У канцы студзеня ён выйшаў з галадоўкі, якую трымаў з 15 сьнежня на знак пратэсту супраць новых абвінавачаньняў.
У сьледчай турме ў Жодзіне Ігара двойчы на тыдзень наведвае адвакат, перадачы яму прывозіць жонка Дар’я.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек (цяпер — звыш 400 тысяч).
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі сёлетніх выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязьнем.
15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.
Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com