Жонка Ігара Лосіка Дар’я ў пятніцу 29 студзеня адвезла Ігару чарговую перадачу. Яна расказала, як Ігар выходзіць з галадоўкі.
Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік спыніў галадоўку ў панядзелак 25 студзеня. Ён ня еў 42 дні.
«Адвакат кажа, што Ігар стаў як быццам больш белым выглядаць, — гаворыць Дар’я. — Раней быў шэры, празрысты. То цяпер ужо лепш стала. Але худы па-ранейшаму. Кругі пад вачамі засталіся.
Ігар пакрысе пачынае есьці цьвёрдыя харчы. Патрохі выходзіць з галадоўкі. Лекары яго больш не назіраюць, гэта ўсё скончылася адразу з канцом галадоўкі.
Ігар кажа, што пачуваецца лепей. Расказваў, што калі толькі пачынаў спажываць сокі, харчы ў першыя дні пасьля галадоўкі, то быў боль у жываце. Але цяпер такога няма. Пахі абвастрыліся, чуе іх значна лепш».
Па словах Дар’і, Ігар знаходзіцца ў той жа камэры з кругласуткавым назіраньнем, куды яго перавялі неўзабаве пасьля 30 дзён галадоўкі. Праблемаў з атрыманьнем лістоў і перапіскай пакуль няма. Пра завяршэньне следзтва ў яго справе, а таксама пра магчымую дату пачатку суду па-ранейшаму нічога невядома.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек (цяпер — звыш 400 тысяч).
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі сёлетніх выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязьнем.
15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.
Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com