Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году. Тыдзень таму ён спыніў галадоўку, якую трымаў больш за 40 дзён. Цяпер адчувае сябе лепш. У першыя дні пасьля галадоўкі кожны прыём ежы выклікаў болі ў страўніку.
«Ігар ужо есьць кашы, сухафрукты, — расказала Свабодзе жонка Ігара Дар’я. — На жаль, яго ніводнага разу з моманту спыненьня галадоўкі не аглядаў урач. Ігара нават не пытаюць там, як ён сябе адчувае. Але Ігар сказаў, што яго завалілі лістамі. У яго цяпер больш за сто лістоў толькі такіх, на якія ён пакуль яшчэ не адказаў. Будзе па магчымасьці адказваць на ўсе».
Па словах Дар’і, муж і яго сукамэрнікі маюць нязручнасьці ў прыёме ежы. У прыватнасьці, сталовыя прыборы (лыжкі. — РС) ім выдаюць толькі падчас «афіцыйнага» абеду альбо вячэры. Калі хтосьці ў камэры захоча паесьці ў іншы час, то замест лыжкі — пусты цюбік з-пад зубной пасты.
«Лыжкі ім у камэры выдаюць толькі на час яды, калі прыносяць абед, — расказвае Дар’я Лосік. — Потым забіраюць. Увесь іншы час, калі яны нешта робяць сабе зь ежы, то карыстаюцца цюбікамі з-пад зубной пасты. Робяць зь іх лыжкі. Ігар так есьць кашы».
Па словах Дар’і, па-ранейшаму нічога не вядома ані пра перадачу справы Ігара Лосіка ў суд, ані пра нейкія сьледчыя дзеяньні зь яго ўдзелам. Палітвязьня абвінавачваюць па артыкуле 293 — «падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках». А таксама па 342 артыкуле — «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек (цяпер — звыш 400 тысяч).
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі сёлетніх выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязьнем.
15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.
Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com