Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стаў Лукашэнка ворагам Украіны? Меркаваньне экспэрта


Мяжа Беларусі і Ўкраіны
Мяжа Беларусі і Ўкраіны

Дазвол на палёты «Белавія» ў Крым і допуск прадстаўнікоў «ЛНР» для допыту Пратасевіча — ці азначаюць гэтыя крокі, што афіцыйны Менск стаў ворагам Украіны? Да якіх санкцыяў Эўразьвязу можа далучыцца Кіеў? Ці баяцца ва Ўкраіне вайсковага ўдару з поўначы?

На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказвае ўкраінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўген Магда.

Магда

  • Да жніўня 2020 году я неаднаразова называў Лукашэнку «гібрыдным саюзьнікам» Украіны.
  • У няпросты для Ўкраіны час, у 2014–2015 гадах, Беларусь пастаўляла Ўкраіне і паліва, і тавары падвойнага прызначэньня.
  • Потым Лукашэнка даў менскую пляцоўку для перамоваў.
Яўген Магда
Яўген Магда
  • Ці стаў ён сёньня ворагам Украіны?
  • Я б сказаў, што ён настроены падкрэсьлена нядобразычліва.
  • Я зьвярнуў увагу на ягоны выступ 26 траўня, калі ён сказаў, што мільёны ўкраінцаў стаяць на заходняй мяжы па кавалак хлеба, а алігархі вывозяць вагонамі ўкраінскі чарназём.
  • Гэта абсалютна ў стылістыцы расейскай прапаганды, раней Лукашэнка так не выказваўся.
  • Да выбараў 2020 году я езьдзіў у Беларусь безь перасьцярогаў.
  • А цяпер перасьцерагаюся, хаця ў Лукашэнкі ёсьць мая кніга з аўтографам.
  • Што тычыцца рашэньня Лукашэнкі наконт палётаў «Белавія» ў Крым — гэта спосаб ухіліцца ад інтэграцыйных абдымкаў Расеі.
  • Гэта такі своеасаблівы гамбіт, ён ахвяруе аднымі сваімі інтарэсамі, каб захаваць іншыя, больш для яго важныя.
  • Беларусь не прызнавала Крым расейскім.
  • Лукашэнка патлумачыць, што рашэньне наконт палётаў у Крым — гэта адказ на закрыцьцё для беларускіх самалётаў украінскай паветранай прасторы.
  • Аднак гэта небясьпечная рыторыка, небясьпечная ў тым ліку і для самога Лукашэнкі.
  • БССР была сярод заснавальнікаў ААН.
  • Так, гэта была марыянэткавая рэспубліка ў складзе СССР, але ні ў кога няма сумневаў, што Беларусь нават пры Лукашэнку зьяўляецца паўнавартасным удзельнікам міжнароднай супольнасьці.
  • Гэта кардынальна адрозьнівае яе ад так званых «ДНР», «ЛНР», Паўднёвай Асэтыі, Абхазіі, якія нікім не прызнаныя.
  • Праблема Лукашэнкі ў тым, што ён вядзе да страты Беларусьсю геапалітычнай суб’ектнасьці.
  • Пазыцыя Ўкраіны пасьля жніўня 2020 году была даволі стрыманая.
  • Сьвятлана Ціханоўская ў Кіеве так і не пабывала.
  • Палітычны досьвед Лукашэнкі значна большы, чым у Зяленскага.
  • Зяленскаму давялося выбіраць, узважваць плюсы і мінусы розных варыянтаў палітыкі адносна Беларусі.
  • Ён вырашыў увесьці забарону на палёты беларускіх самалётаў у якасьці жэсту салідарнасьці з ЭЗ.
  • Беларусь летась была на 6-м месцы паводле таваразвароту сярод зьнешнегандлёвых партнэраў Украіны.
  • Нафта і прадукты нафтаперапрацоўкі, якія імпартуюцца зь Беларусі, для Ўкраіны важныя.
  • Фатаздымкі Пратасевіча ў вайсковай форме сьведчаць пра тое, што ён парушыў правілы паводзінаў журналіста: не апранаць вайсковую форму ніводнага з бакоў канфлікту і ня браць у рукі зброю.
  • Але гэта зусім не падстава для Лукашэнкі станавіцца ў адзін шэраг з самаабвешчанай «ЛНР».
  • Беларусь — міжнародна прызнаная дзяржава, а так званая «ЛНР» — атрад расейскіх марыянэтак.
  • Ва Ўкраіне не было публічнай дыскусіі наконт палітыкі адносна Беларусі.
  • Я б раіў у гэтай сытуацыі дзейнічаць асьцярожна і пакрокава.
  • Украіна не сьпяшалася цалкам салідарызавацца з Польшчай і Літвой пасьля жніўня 2020 году.
  • Варта сказаць, што і ЭЗ не сьпяшаецца з санкцыямі.
  • Украіне тут ня варта, як той казаў, лезьці ў пекла паперад бацькі.
  • Лукашэнка і да 2020 году многімі ва Ўкраіне ўспрымаўся як поўная марыянэтка Пуціна.
  • Беларусь да апошняга часу вельмі ўдала выкарыстоўвала настальгію па СССР часткі грамадзянаў Украіны.
  • Лукашэнка да апошняга часу паўтараў, што не прыедзе ва Ўкраіну інакш, чым на трактары.
  • А Ўкраіна ўсталявала мыта на пастаўкі беларускіх аўтобусаў і грузавікоў.
  • Мяркую, што гэта таксама мяняе пазыцыю Лукашэнкі.
  • Украіна можа далучыцца да заходніх эканамічных санкцыяў адносна Беларусі, але ў той частцы, якая ня будзе біць па будаўніцтве, па імпарце бітуму і іншых вытворных перапрацоўкі нафты.
  • Украіна пазыцыянуе сябе як краіна, якая салідарная з ЭЗ і ЗША.
  • На поўначы Ўкраіны базуецца вайсковая брыгада егераў, працягласьць агульнай мяжы зь Беларусьсю — 1000 кілямэтраў.
  • На Данбасе — стэп, там войскам нашмат прасьцей манэўраваць. Мяжа зь Беларусьсю — гэта пераважна балоты.
  • Цяпер ва Ўкраіне ствараюцца сілы тэрытарыяльнай абароны, гэта таксама ў пэўным сэнсе адказ на гіпатэтычную пагрозу з поўначы.
  • Гістэрыі наконт вайсковай пагрозы з боку Беларусі ва Ўкраіне няма.

Што было раней

  • Аляксандар Лукашэнка даў распараджэньне аднавіць паветраныя зносіны з анэксаваным Расеяй украінскім паўвостравам Крым.
  • Лукашэнка заявіў, што не пярэчыць таму, каб прадстаўнікі «ЛНР» прыехалі ў Менск і «задалі пытаньні» затрыманаму Раману Пратасевічу.
  • З 26 траўня Беларусь увяла рэжым індывідуальнага ліцэнзаваньня на пастаўку шэрагу ўкраінскіх тавараў.
  • Урад Украіны з 29 траўня цалкам закрыў паветраную прастору для Беларусі.
  • Прэзыдэнт Украіны лічыць, што стварэньне саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі можа несьці пагрозу для Ўкраіны, пра гэта ён заявіў у інтэрвію газэце Frankfurter Allgemeine Zeitung.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG