Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэжым Лукашэнкі пагражае міжнароднай бясьпецы». У парлямэнце Ўкраіны падрыхтавалі заяву па Беларусі


Дэпутатка Саламія Баброўская
Дэпутатка Саламія Баброўская

У сакратарыяце Вярхоўнай Рады Ўкраіны зарэгістравалі праект звароту да міжнародных арганізацый і замежных дзяржаў з заклікам прызнаць рэжым Аляксандра Лукашэнкі такім, што пагражае міжнароднай бясьпецы.

Адпаведны зварот ініцыявалі дэпутаты трох фракцый — «Эўрапейская салідарнасьць» Пятра Парашэнкі, партыі «Голас», праўладнай партыі «Слуга народу», — а таксама дэпутацкай групы «За будучыню».

У звароце адзначаецца, што прымусовая пасадка самалёта Ryanair у Менску мае прыкметы акту міжнароднага тэрарызму. «Гэты акт павінен неадкладна стаць аб’ектам міжнароднага расьсьледаваньня для вызначэньня факту парушэньня міжнародных авіяцыйных правілаў і, імаверна, учыненьня міжнароднага злачынства ўладай Рэспублікі Беларусь».

Апроч таго, дэпутаты прапануюць выказаць патрабаваньне да беларускіх уладаў — спыніць незаконны перасьлед апазыцыі і журналістаў, а таксама тэрмінова вызваліць Рамана Пратасевіча і ўсіх палітычных вязьняў.

Сёньня ў Кіеве на круглым стале на тэму «Беларусь — краіна, небясьпечная для ўкраінцаў» Саламія Баброўская, дэпутатка фракцыі «Голас», паведаміла, што адначасова дэпутаты зьвернуцца да ўкраінскага ўраду, каб узмацніць ціск на Аляксандра Лукашэнку і ягонае атачэньне, а таксама адмовіцца ад менскай перамоўнай пляцоўкі па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.

«Я мяркую, што якраз Украіна павінна была б сёньня прадэманстраваць лідэрства. Давайце будзем шчырымі: калі мы кажам, што Ўкраіна — рэгіянальны лідэр, яна ім не зьяўляецца. Украіна не бярэ актыўнага ўдзелу і не займае актыўнай пазыцыі ў дачыненьні да сваіх суседзяў. Гэта датычыць і Грузіі, і Малдовы, у якіх былі праблемы з парлямэнцкімі выбарамі, і мы не падтрымалі грамадзянскую супольнасьць афіцыйна, і сёньня зь Беларусьсю адбываецца нешта падобнае. Літва паказвае прыклад, як можна супрацьдзейнічаць», — сказала Саламія Баброўская.

У сваю чаргу, дэпутат парлямэнту мінулага скліканьня, прадстаўнік партыі «Свабода» Юры Сірацюк перакананы, што Ўкраіна, улічваючы падзеі ў Беларусі і інцыдэнт з замежным самалётам, павінна часова перагледзець супрацу паміж сілавымі і спэцыяльнымі службамі Беларусі і Ўкраіны.

«Цесная супраца спэцслужбаў Украіны з дыктатарскімі спэцслужбамі Расеі і сатэлітамі ФСБ на сёмым годзе вайны працягваецца. Пасьля гэтага інцыдэнту з самалётам мы б хацелі, каб МЗС афіцыйна ўключыла Беларусь у пералік краін, небясьпечных для ўкраінцаў», — заявіў Юры Сірацюк.

Сустаршыня беларускага Руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая мяркуе, што дадаткова Ўкраіна павінна была б прызнаць тэрарыстычнымі арганізацыямі КДБ Беларусі, АМАП і ГУБАЗіК.

«Украіна можа распачаць на сваёй тэрыторыі крымінальную справу супраць Лукашэнкі і службовых асобаў, якія вінаватыя ў парушэньні Крымінальнага кодэксу Беларусі і Канвэнцыі ААН аб палітзьняволеных і катаваньнях», — дадала яна.

Дзяржаўная авіяцыйная служба Ўкраіны, выконваючы даручэньне прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага і ўрадавае рашэньне, увяла з 26 траўня забарону на любыя віды палётаў між пунктамі прызначэньня на тэрыторыі Ўкраіны і Беларусі ўкраінскімі і беларускімі эксплюатантамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG