Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія памежнікі расказалі пра «крытычную» авіясытуацыю зь Беларусьсю


Кіеўскі аэрапорт «Жуляны»
Кіеўскі аэрапорт «Жуляны»

Старшыня Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Сяргей Дэйнэка заявіў, што авіязносіны зь Беларусьсю былі спынены, як і ў большасьці эўрапейскіх краін, сёньня апоўначы, а ўсіх апэратараў палётаў своечасова папярэдзілі пра абмежаваньні.

«Узьнікла ўчора адна крытычная сытуацыя ў сувязі з магчымым выкананьнем рэйсу «Менск — Кіеў, аэрапорт „Жуляны“ з часам прыбыцьця на 23.40, але дзякуючы скаардынаваным дзеяньням, нармальнаму ўзаемадзеяньню з „Украэрарухам“, з авіякампаніяй, кампанія ўрэшце адмовілася ад зьдзяйсьненьня гэтага рэйсу. Калі б гэты рэйс быў выкананы, то самалёт ня змог бы пакінуць тэрыторыю Ўкраіны», — заявіў Сяргей Дэйнэка.

Паводле яго, у сувязі са спыненьнем авіязносін зь Беларусьсю на аўтамабільных пунктах пропуску не назіраецца павелічэньня нагрузкі.

Сяргей Дэйнэка дадаў, што паміж Украінай і Беларусьсю цягам тыдня ажыцьцяўлялася 80 рэйсаў. «Летась мы аформілі прыблізна 1,9 мільёна пасажыраў. Гэта некрытычная нагрузка, калі троху павялічыцца пасажырапаток у нашых аўтамабільных пунктах пропуску», — удакладніў ён.

Старшыня Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны паведаміў, што ахова мяжы зь Беларусьсю і Расеяй зь мінулага году ажыцьцяўляецца ва ўзмоцненым рэжыме.

«Мы разумеем, што адтуль у любы момант можа прыйсьці небясьпека. Кожны іншаземец альбо асоба без грамадзянства, які перасякае дзяржаўную мяжу, каб уехаць ва Ўкраіну з турыстычнай мэтай, з добрымі намерамі, перасячэ мяжу свабодна і зручна, астатнія ня змогуць гэтага зрабіць, бо ў нас ёсьць пэўныя працэдуры, такія як кантроль другой лініі, і кожны дзень мы не прапускаем каля 100–150 замежнікаў, у асноўным грамадзян Расеі», — паведаміў Сяргей Дэйнэка.

25 траўня Дзяржаўная авіяцыйная служба Ўкраіны паведаміла аб увядзеньні поўнай забароны на авіяцыйныя перавозкі паміж Украінай і Беларусьсю з 00:00 26 траўня, якая распаўсюджваецца ня толькі на ўкраінскіх, а і на беларускіх апэратараў перавозак. Гэта было зроблена паводле адпаведнага распараджэньня ўраду і даручэньня прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG