Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнка «прывязвае» Пратасевіча да вайны на Данбасе. Камэнтары экспэртаў


КДБ закідае затрыманаму журналісту Раману Пратасевічу, што ён нібыта браў удзел у баявых дзеяньнях на Данбасе ў складзе батальёна «Азоў» у 2014 годзе. Такім чынам, яму прыпісваюць дзеяньні, якія, паводле старшыні КДБ Тэртэля, «адпавядаюць вызначэньню тэрарыста».

Навошта гэта беларускім уладам? Журналісты ўкраінскай рэдакцыі Радыё Свабода пацікавіліся думкай украінскіх экспэртаў.

Дэманізацыя

Беларускім уладам, якія прымусова пасадзілі рэйсавы самалёт, што ляцеў паміж дзьвюма краінамі ЭЗ, ды яшчэ й арыштавалі двух яго пасажыраў — тактычна выгадна вылучаць супраць іх падобныя абвінавачаньні, кажа ў гутарцы з Радыё Свабода былы намесьнік старшыні СБУ Віктар Ягун.

«Можна зразумець, чаму так робіць Беларусь: мэта Лукашэнкі — як мага больш дэманізаваць Пратасевіча, абвінаваціць яго ў забойствах падчас баявых дзеяньняў. Да таго ж стаўленьне на Захадзе да палку „Азоў“ неадназначнае, таму матывы такіх дзеяньняў беларускага КДБ мне зразумелыя. Паглядзім, як скончыцца гэтая сытуацыя», — кажа былы працаўнік украінскіх спэцслужбаў.


Інфармацыйнае прыкрыцьцё

Галоўны рэдактар «Цензор.Нет» Юры Бутусаў, які адпачатку асьвятляў баявыя дзеяньні на Данбасе, ацэньвае тое, што кажуць афіцыйны Менск і расейскія СМІ пра Пратасевіча, як інфармацыйна-псыхалягічную спэцапэрацыю, якая мае на мэце прыкрыцьцё незаконнай пасадкі самалёта і затрыманьня журналіста.

«Цяпер беларускія і расейскія ўлады, для таго каб прыкрыць гэтую апэрацыю, шукаюць любыя падставы, каб сказаць: «Пратасевіч — дрэнны чалавек, і ў нас да яго больш сур’ёзныя абвінавачаньні». Яны зараз імкнуцца пазьбегнуць гэтай карціны. Фактычна яго вінавацілі і захоплівалі самалёт праз журналісцкую дзейнасьць, то бок гэта прамы перасьлед журналістаў. Яны разумеюць, наколькі гэта дзіка выглядае, і хочуць ад гэтага адысьці. Менавіта таму яны зараз вінавацяць і раскручваюць тэму, што ён ваяваў, забіваў, і ўсё гэта цяпер закідваецца як інфармацыйнае прыкрыцьцё», — сказаў Бутусаў у інтэрвію Радыё Свабода.


Украіна павінна абараняць Рамана Пратасевіча, бо падчас Рэвалюцыі годнасьці і вайны ў Данбасе ён быў і працаваў на ўкраінскім баку, — адзначае Юры Бутусаў.

«Лічу, што ён адзін з нас, ён патрабуе максымальнай падтрымкі і павагі з боку Ўкраіны, і мы павінны зрабіць усё, каб яго адтуль выцягнуць — гэта для нас справа гонару, — заклікае галоўны рэдактар выданьня „Цензор.нет“. — Што да ягонай дзейнасьці — можам апэраваць тымі дадзенымі, якімі сам журналіст раней пра сябе дзяліўся: ён ня быў грамадзянінам Украіны, ён заўсёды быў грамадзянінам Беларусі, гэта ягоная асабістая гісторыя і ягоны асабісты шлях як грамадзяніна Беларусі».

Шаблёны расейскай прапаганды

Беларускія ўлады і Расея зараз маюць агульныя інтарэсы, таму дзейнічаюць сынхронна, па расейскіх лякалах, таму яны спрабуюць абвінаваціць Пратасевіча, прыкладаючы да яго антыўкраінскія шаблёны расейскай прапаганды. Так ацэньвае апошнія падзеі сябра пастаяннай дэлегацыі Ўкраіны ў ПАРЭ, народны дэпутат ад «Эўрапейскай салідарнасьці» Аляксей Ганчарэнка.

«Гэта цалкам укладваецца ў агульныя інтарэсы Пуціна і Лукашэнкі, ФСБ і КДБ Беларусі: паказаць „украінскі сьлед“, яны вельмі гэта любяць. Паказаць Пратасевіча страшным нацыяналістам, абвясьціць „наймітам“, які забіваў людзей. І цяпер ім трэба неяк растлумачыць, дзе менавіта ён іх „забіваў“. Таксама тут выкарыстаны момант, што на Захадзе ствараецца ня надта станоўчы вобраз „Азова“. Такім чынам Лукашэнка спрабуе неяк апраўдаць свае дзеяньні і перад Захадам гэта абыграць», — кажа дэпутат.

Пратасевіч на Данбасе: здымаў і пісаў — ці ваяваў?

Заснавальнік палку «Азоў» і лідэр партыі «Нацыянальны корпус» Андрэй Бялецкі адзначае: Пратасевіч сапраўды быў разам з «Азовам» на перадавой, але толькі як журналіст. Пра гэта Бялецкі казаў у тэлеэфіры, а таксама паведаміў у сваім тэлеграме.

Калегі з тэлеканалу «Настоящее время» пагутарылі з начальнікам штабу палку «Азоў» 2014–2017 гадоў Уладзіславам Сабалеўскім. Прысутнасьць Рамана Пратасевіча той пацьвярджае, але як журналіста, а яго фатаграфіі са зброяй у руках называе пастановачнымі.

«На адной з вокладак часопіса, сапраўды, Пратасевіч, ёй пазуе з жыхаркай Марыюпаля. Там, дзе Пратасевіч пазіруе са зброяй, — гэта пастановачныя фатаграфіі. Ён як журналіст знаходзіўся, у тым ліку, на тэрыторыі, дзе можна было атрымаць раненьні ці быць забітым. Таму нейкую экіпіроўку, каб ён у цэлым не выбіваўся з шэрагу, яму, вядома, выдалі», — расказвае Сабалеўскі.

Дакумэнтальных доказаў удзелу Рамана Пратасевіча ў баявых дзеяньнях на Данбасе няма. Хоць Аляксандар Лукашэнка ўжо абвінаваціў яго ў гэтым публічна падчас выступу ў парлямэнце 26 траўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG