Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі палітоляг: Лукашэнка — гэта гібрыдны саюзьнік Украіны


Экспэрт украінскага Цэнтру грамадзкіх адносінаў Яўген Магда

Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» — украінскі палітоляг, кандыдат палітычных навук, дацэнт Яўген Магда. Ён тлумачыць, як ва Ўкраіне ставяцца да вучэньняў «Захад-2017», чаму многія ўкраінцы любяць Аляксандра Лукашэнку і ці вераць ягоным заявам, што зь беларускай зямлі ніколі не адбудзецца агрэсіі ў бок Украіны.

Віталь Цыганкоў: Як украінская ўлада і ўкраінскае грамадзтва ставяцца да беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2017»? Як вядома, украінскае кіраўніцтва даволі ляяльна ставіцца да Аляксандра Лукашэнкі. Ці адрозьніваюцца тут стаўленьне ўлады і незалежнага грамадзтва?

Яўген Магда: Я б сказаў, што ёсьць адрозьненьні паводле функцыяў. Напрыклад, міністар абароны Ўкраіны і начальнік Генэральнага штабу падкрэсьліваюць, што гэтыя вучэньні могуць несьці пагрозу як Украіне, гэтак і краінам НАТО. На палітычным узроўні нагнятаньня напружаньня ў сувязі з вучэньнямі я не назіраю.

каб сур’ёзна зьмяніць сытуацыю ў Беларусі, Расеі спачатку трэба адхіліць Лукашэнку ад улады

У экспэртным асяродзьдзі ёсьць дзьве тэндэнцыі. Адна — «Пуцін зробіць у Беларусі ўсё, што пажадае». Другая, прыхільнікам якой я зьяўляюся, заключаецца ў тым, што каб сур’ёзна зьмяніць сытуацыю ў Беларусі, Расеі спачатку трэба адхіліць Лукашэнку ад улады. Таму заявы Лукашэнкі ў Кіеве, што Беларусь ня стане пляцдармам агрэсіі супраць Украіны — гэта не пусты гук. Менавіта зыходзячы зь ягонага палітычнага інстынкту самазахаваньня, дэманстрацыі ўплыву на працэсы ў краіне, якой ён кіруе ўжо 23 гады.

Віталь Цыганкоў: Прэзыдэнты Беларусі і Ўкраіны сёлета сустракаліся ўжо 2 разы, і кожны раз запэўнівалі адзін аднаго ў самых лепшых і сяброўскіх намерах. Ці гэта проста палітычная рыторыка, ці кіраўніцтва Ўкраіны сапраўды верыць, што Лукашэнка, пакуль ён прэзыдэнт Беларусі, ніколі не дазволіць расейскім войскам учыніць нейкія непрыемнасьці для Ўкраіны?

Яўген Магда: Я б назваў Лукашэнку гібрыдным саюзьнікам Украіны. Бо Беларусь — сябра АДКБ, але пры гэтым выбудоўвае ўласную парадыгму адносінаў з Украінай. Гэта тычыцца і паставак гаруча-змазачных матэрыялаў у 2014 годзе ў досыць няпростых для Ўкраіны ваенна-палітычных умовах, і супрацоўніцтва ў вайскова-тэхнічнай сфэры, і імкненьня разьвіваць эканамічныя адносіны.

На мой погляд, Аляксандар Лукашэнка мае намер дэманстраваць у адносінах з Украінай пэўны нэўтралітэт. Дзякуючы таму, што Менск стаў цэнтрам перамоваў аб урэгуляваньні на Данбасе, ягоны міжнародны імідж умацаваўся. Таму кіраўніку Беларусі выгадна эксплюатаваць гэты статус міжнароднай пляцоўкі для перамоваў.

Віталь Цыганкоў: Якія меркаваньні пераважаюць ва ўкраінскай мэдыйнай прасторы наконт вучэньняў? Трагічна-апакаліптычныя ці больш памяркоўныя?

Яўген Магда: Тэма гэтых вучэньняў ва Ўкраіне гучыць пастаянна. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Бо вучэньні вельмі шырокамаштабныя, а Расея ўвесь час грае мускуламі каля ўкраінскай мяжы. Таму зьяўленьне расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі натуральна выклікае ва Ўкраіне трывогу. Гучыць самая розная палітра меркаваньняў — ад «апакаліпсіс сёньня» да таго, што сытуацыя будзе кантралявацца.

Віталь Цыганкоў: Украіна неяк рэагуе ў вайсковым пляне на патэнцыйную пагрозу з поўначы? Ідуць нейкія перасоўваньні войскаў, падрыхтоўка?

Яўген Магда: Міністар абароны Ўкраіны Сьцяпан Палтарак ужо заявіў, што гэтыя вучэньні ўяўляюць пагрозу для Ўкраіны, і дзяржава будзе рабіць пэўныя захады. Таму на прафэсійным узроўні, як я перакананы, пэўныя захады ўжо робяцца. Варта разумець, што ўкраінскае войска — адно з самых шматлікіх у Эўропе, і вайсковыя магчымасьці для прыкрыцьця ўсёй тэрыторыі краіны на сёньня існуюць.

Даволі вялікі рэзананс выклікаў зварот Пуціна наконт дазволу выкарыстоўваць сродкі расейскай супрацьпаветранай абароны на беларуска-ўкраінскай мяжы. Але сытуацыя неяк супакоілася, і вайскоўцы далі зразумець, што гэтае рашэньне вялікай пагрозы для Ўкраіны не ўяўляе.

ёсьць праблема ...ў камунікацыі паміж звычайнымі ўкраінцамі і беларусамі. Бо часта інфармацыю адзін пра аднаго мы атрымліваем праз зацікаўленую расейскую прызму

Скажу, што антыбеларускай гістэрыі ва Ўкраіне няма, дый ня можа быць. Бо нашыя народы дастаткова добра адзін аднаго разумеюць. Украінцы ставяцца да беларусаў як да сяброўскага народу — у гэтым няма ніякіх сумневаў. Але, на мой погляд, ёсьць праблема не ў камунікацыі паміж прэзыдэнтамі, а ў камунікацыі паміж звычайнымі ўкраінцамі і беларусамі. Бо часта інфармацыю адзін пра аднаго мы атрымліваем праз зацікаўленую расейскую прызму.

Віталь Цыганкоў: Чым можна патлумачыць вялікую папулярнасьць Лукашэнкі ва Ўкраіне?

Яўген Магда: Чаму Лукашэнка, магчыма, самы папулярны замежны палітык ва Ўкраіне? Па-першае, гэта геаграфічная блізкасьць. Па-другое, значная частка ўкраінскага грамадзтва — гэта людзі, якія жылі яшчэ пры СССР. І яны назіраюць за дзеяньнямі Лукашэнкі з пэўнай настальгіяй, яны бачаць у Беларусі добрыя дарогі, пэўную стабільнасьць, магчымасьць для Лукашэнкі хутка рашаць нейкія гаспадарчыя і эканамічныя пытаньні. Гэта моцна кантрастуе з украінскімі палітычнымі рэаліямі. Лукашэнка ў пэўным сэнсе ўвасабляе вобраз моцнага суседа, на якога можна спадзявацца. У гэтым пляне ўкраінцы не заўважаюць шмат якіх нэгатыўных аспэктаў беларускай рэальнасьці.

Віталь Цыганкоў: Мы шмат казалі пра тое, як украінцы бачаць пагрозу для сябе ў вучэньнях «Захад-2017». Але ці бачаць яны ў іх пагрозу для незалежнасьці Беларусі? Ці зьяўляецца сувэрэнітэт Беларусі для ўкраінцаў пэўнай каштоўнасьцю?

Яўген Магда: Не выклікае ніякіх сумневаў, што гэтае разуменьне ёсьць на вышэйшым палітычным узроўні. Безумоўна, кіраўніцтва Ўкраіны зацікаўленае ў існаваньні незалежнай Беларусі, а не суб’ектаў Расейскай Фэдэрацыі на гэтай тэрыторыі.

На побытавым узроўні — мяркую, у большасьці грамадзян Украіны столькі праблемаў у штодзённым жыцьці, што яны ня вельмі задумваюцца пра беларускую незалежнасьць. Мяркую, што і большасьць беларусаў ня надта турбуецца аб украінскім сувэрэнітэце.

Лукашэнка — прэзыдэнт Беларусі ўжо 23 гады. І для ўкраінцаў гэта трошкі дзіўна і нязвыкла. Было б вялікай памылкай экстрапаляваць украінскую сытуацыю на беларускія рэаліі. Асноўны ўкраінскі інтарэс палягае ў тым, каб Беларусь была рэальна незалежнай.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG