Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго больш напалохаў адказ Захаду: Лукашэнку ці беларусаў? Дыскусія экспэртаў


Наколькі адэкватнымі былі рашэньні адносна Беларусі, прынятыя на саміце Эўразьвязу? Ці не пашкодзяць яны тым беларусам, якія ўцякаюць ад рэпрэсіяў? Ці праглядаецца ў інцыдэнце з захопам Пратасевіча «расейскі сьлед»? Ці будуць абмяркоўваць беларускую тэму Байдэн і Пуцін падчас іх сустрэчы?

Свае адказы на гэтыя пытаньні каналу Свабода Premium прапануюць Аляксандар Марозаў, навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру Барыса Нямцова ў Празе, экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS (The International Strategic Action Network for Security), і Алесь Герасіменка, дасьледчык у Оксфардзкім унівэрсытэце.

Герасіменка

  • Рэакцыя Эўразьвязу гэтым разам нашмат мацнейшая, чым выказваньне «глыбокай занепакоенасьці».
  • Гэта самыя моцныя санкцыі, якія калі-небудзь ужываліся супраць Беларусі.
  • Як бачым, ЭЗ ужывае моцныя інструмэнты ўзьдзеяньня, калі справа датычыць грамадзянаў краінаў ЭЗ, як гэта здарылася ў гісторыі з самалётам Rainair.
Алесь Герасіменка
Алесь Герасіменка
  • Хутчэй за ўсё, беларускія ўлады ніяк не суадносілі свае дзеяньні з графікам самітаў ЭЗ.
  • Пратасевіча захапілі тады, калі ён паляцеў над Беларусьсю.
  • Меры, прынятыя Эўразьвязам, будуць мець і адмоўныя наступствы; мне здаецца, што гэта памылковае рашэньне.
  • Гэта фактычна закрыцьцё краіны: адзіная адкрытая мяжа, якая застаецца — гэта мяжа з Расеяй.
  • Мне здаецца, што «Белавія» ні пры чым да інцыдэнту з самалётам.
  • Гэтыя санкцыі — новая «жалезная заслона».
  • Магчыма, пройдуць гады, пакуль Беларусь зноў адкрыецца для сьвету.
  • І ў Менск можна будзе прыляцець толькі праз Маскву, Пэкін ці Стамбул.
  • Пакет санкцыяў будуць рыхтаваць яшчэ некалькі тыдняў.
  • Беларуская тэма пакіне палосы газэтаў, стужкі навінаў, і ў выніку новы пакет санкцыяў будзе мала адрозьнівацца ад папярэдніх пакетаў.
  • З пункту гледжаньня міжнароднай палітыкі Беларусь зараз будзе нагадваць часткі былога СССР, якія кантралююцца Расеяй, кшталту Прыднястроўя.
  • Беларусь будзе, як нейкі расейскі Магадан, — там даволі блізка ЗША, але ляцець у Амэрыку даводзіцца ўсё роўна праз Маскву.
  • Беларусь страчвае свой статус сувэрэннай краіны, яе лёс ЗША і Расея абмяркоўваюць без удзелу беларусаў.

Марозаў

  • Нягледзячы на ўвесь жах таго, што тварыў Лукашэнка адносна пратэстоўцаў, існавала матрыца ўспрыняцьця, што ён манэўруе.
  • Была думка, што, задушыўшы пратэсты, ён пяройдзе да больш мяккай палітыкі, да дээскаляцыі.
  • Раптам аказалася, што літаральна напярэдадні саміту ЭЗ Лукашэнка робіць правакацыйны крок, на які немагчыма не рэагаваць ні грамадзянам краінаў ЭЗ, ні іх урадам.
Аляксандар Марозаў
Аляксандар Марозаў
  • Лукашэнка, па сутнасьці, паўтарыў дзеяньні Расеі ў Чэхіі, я маю на ўвазе выбух на вайсковых складах.
  • Для Эўропы пасадка самалёта ў менскім аэрапорце — гэта былі дзеяньні на тэрыторыі ЭЗ.
  • І не выпадкова многія кваліфікавалі дзеяньні Лукашэнкі як дзяржаўны тэрарызм.
  • Мы разумеем, наколькі ўскладніцца становішча беларусаў, якія жывуць у Эўропе, пасьля рашэньня ЭЗ.
  • Закрыцьцё паветраных зносінаў адаб’ецца і на наземных камунікацыях, гэта ўсё ж закрыцьцё краіны.
  • Але авіяперавозчыкі не маглі б рэагаваць інакш.
  • Групы журналістаў-дасьледчыкаў, якія маюць доступ да базаў дадзеных авіяпералётаў, высьветляць, хто былі тыя расейскія грамадзяне, пасажыры рэйсу Rainair, якія не паляцелі зь Менску ў Вільню.
  • Затрыманьне Фядуты і Зянковіча прадэманстравала шчыльнасьць супрацоўніцтва беларускіх і расейскіх спэцслужбаў.
  • Але ў гэтай сытуацыі я ня бачу, навошта былі расейскія спэцслужбы для суправаджэньня Пратасевіча.
  • Што тычыцца гэтых чатырох грамадзянаў РФ, то яны маглі проста вяртацца ў Расеі транзытам праз Вільню.
  • І я б сам у такой сытуацыі, затрымаўшыся на няпэўны час, прычым зь міжнародным скандалам, паехаў бы наўпрост зь Менску ў Маскву.
  • А можа быць, гэта былі расейскія апэратыўнікі, якія наагул у Атэнах былі па іншых справах.
  • Байдэн падчас паездкі ў Эўропу будзе сустракацца зь лідэрамі краінаў Усходняй Эўропы, абмяркоўваць увесь вузел праблемаў.
  • І інцыдэнт з самалётам Rainair — частка гэтага вузла, у якім сплеценыя і зьмена пазыцыі Зяленскага ў кантактах з Масквой, і праблемы з стасунках Усходняй Эўропы з Крамлём.
  • Інцыдэнт з самалётам менш закранае ЗША, бо на яго борце не было амэрыканскіх грамадзянаў.
  • Мы памятаем, што калі ў КДБ Беларусі трапіў Віталь Шкляраў, які мае амэрыканскі пашпарт, Вашынгтон зрабіў пэўныя крокі для яго вызваленьня.
  • Крэмль і Менск знаходзяцца ў складаным сымбіёзе.
  • Захопам самалёта Лукашэнка прадэманстраваў пуцінскае разуменьне сувэрэнітэту: сувэрэнітэт — гэта калі вы можаце рабіць, што хочаце, а вам за гэта нічога ня будзе.
  • Лукашэнка і Пуціна заганяе ў тупік.
  • Я бачу па сацсетках, што многія прыхільнікі Пуціна пішуць, што Лукашэнка зацягвае Пуціна ў труну разам з сабой.
  • У Расеі МЗС ператварылася ў агенцтва прапаганды, Захарава гаворыць не як Рыбэнтроп, а як Гебэльс.
  • А Пяскоў ператварыўся ў Рыбэнтропа.

Што было напярэдадні

24 траўня ў Брусэлі пачаў працу двухдзённы саміт Эўрапейскага зьвязу. Тэмай першага дня саміту былі апошнія падзеі у Беларусі.

Вынікам абмеркаваньня стала рэзалюцыя Эўрапейскай рады ў справе Беларусі:

"Эўрапейская рада рашуча асуджае прымусовую пасадку рэйсу Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году, якая пагражала авіяцыйнай бясьпецы, і затрыманьне беларускімі ўладамі журналіста Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі.

Эўрапейская рада:

  • патрабуе неадкладнага вызваленьня Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапегі, ім мусіць быць гарантаваная свабода перамяшчэньня;
  • заклікае Міжнародную арганізацыю цывільнай авіяцыі тэрмінова расьсьледаваць гэты беспрэцэдэнтны і непрымальны інцыдэнт;
  • прапануе Радзе [міністраў Эўразьвязу] як мага хутчэй прыняць дадатковыя сьпісы фізычных і юрыдычных асобаў на аснове адпаведнай сыстэмы санкцый;
  • заклікае Раду [міністраў Эўразьвязу] прыняць далейшыя адрасныя эканамічныя санкцыі і запрашае Высокага прадстаўніка і Камісію неадкладна падаць прапановы ў гэтай справе;
  • заклікае ўсіх перавозчыкаў, якія базуюцца ў ЭЗ, пазьбягаць пралёту над Беларусьсю;
  • заклікае Раду [міністраў Эўразьвязу] ўжыць неабходныя захады для забароны палётаў у паветранай прасторы ЭЗ для беларускіх авіякампаніяў і недапушчэньня доступу ў аэрапорты ЭЗ рэйсаў, якія выконваюцца такімі авіякампаніямі;
  • выказвае салідарнасьць з Латвіяй пасьля незаконнай высылкі латвійскіх дыпляматаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG