Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А цяпер — мы, БЕЛАРУСЫ». 10 важных фактаў пра Юлію Чарняўскую


Юлія Чарняўская

На момант, калі рыхтавалася гэтая публікацыя, яшчэ не было вядома, дзе знаходзіцца пісьменьніца, культуроляг, удава Юрыя Зісера Юлія Чарняўская.

Сувязь зь ёю зьнікла 18 траўня, калі адбываліся ператрусы і затрыманьні супрацоўнікаў Tut.by. Пазьней стала вядома, што Чарняўская была пад канвоем міліцыянтаў у шпіталі, перанесла гіпэртанічны крыз. 19 траўня Яўгенія Чарняўская напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што ў яе па-ранейшаму няма ніякай інфармацыі пра маці:

«Ёсьць здагадка, што яна ў СІЗА КДБ, але адвакату адмовіліся даць інфармацыю, ці там яе падабаронная. Сказалі, што яны самі могуць „перадаць інфармацыю“. Усе, хто бачыў маму ў апошнія суткі, на сувязь не выходзяць. Відавочна, штосьці падпісалі і ня маюць права даваць ніякіх дэталяў і вельмі запалоханыя, таму што, акрамя „мама ў парадку“, ніякай інфармацыі мне ці бабулі не паступала. Дзе яна правяла ноч, які яе стан здароўя — невядома».

  • Дачка Юліі Чарняўскай адзначае, што яе маці — інвалід, апошнія 10 гадоў пакутуе на моцныя болі ў пазваночніку і нагах, і ў яе сур’ёзныя праблемы з сэрцам. Яўгенія Чарняўская падкрэсьлівае, што ў маці няма ніякай інфармацыі пра дзейнасьць Tut.by, яна не акцыянэр Tut.by, ня ведае ніякіх унутраных працэсаў. Паводле дачкі, «відавочна, што маму выкарыстоўваюць сілавыя органы, каб ціснуць на Tut.by. Больш за тое, апошнія месяцы быў ціск на акцыянэраў парталу і нашу сямʼю з мэтай атрыманьня кантролю над дзейнасьцю Tut.by — дзіўныя паведамленьні з розных каналаў сувязі мне і маім калегам».

Прапануем 10 важных фактаў пра Юлію Чарняўскую і 10 цытатаў зь яе інтэрвію Свабодзе і іншым СМІ.



1. Унучка аднаго са ста самых значных дзіцячых пісьменьнікаў сьвету

Васіль Вітка з унучкай Юліяй Чарняўскай
Васіль Вітка з унучкай Юліяй Чарняўскай

Юлія нарадзілася 5 жніўня 1962 году ў Менску ў сям’і дактароў Вісарыёна і Аляксандры Чарняўскіх. Дзед па бацьку — пісьменьнік Васіль Вітка, які стварыў першы дзіцячы часопіс у Беларусі і атрымаў дыплём Андэрсэна як адзін са ста самых значных дзіцячых пісьменьнікаў сьвету. Бацькоў пасьля інстытуту разьмеркавалі ў горад Завіцінск Амурскай вобласьці. З прычыны частых ангінаў і ўрэшце рэўматызму ў 3 гады бацькі адвезьлі Юлію назад у Беларусь, дзе яна жыла з бацькавымі бацькамі.

  • Юлія Чарняўская: «Дзед чытаў мне свае вершы. А ў сталым узросьце я яму дапамагала іх рэдагаваць. Ён доўга быў са мной — памёр, калі мне было 33 гады. Больш за тое, ён напісаў кніжку, якая называецца „Дыялёгі з унучкамі“ — гэта былі дыялёгі са мной і яго другой унучкай, Машай. Так што ў нас зь дзядулем ёсьць адна кніжка, якую мы „зрабілі“ разам». (Інтэрвію Свабодзе, 2012 год)

2. Прычынілася да таго, што Юры Зісер ня зьехаў з Савецкага Саюзу

Юры Зісер, бізнэсовец, заснавальнік парталу TUT.by разам з жонкай культуролягам Юліяй Чарняўскай. Фота з прыватнага архіву.
Юры Зісер, бізнэсовец, заснавальнік парталу TUT.by разам з жонкай культуролягам Юліяй Чарняўскай. Фота з прыватнага архіву.

У 1986 годзе Юлія пазнаёмілася з будучым мужам Юрыем Зісерам у Львове, куды прыехала зь сябрамі на майскія сьвяты. Як расказваў Юры ў інтэрвію, гэта было «каханьне зь першага позірку».

  • Юлія Чарняўская: «Калі мы пазнаёміліся з маім будучым мужам, ён з бацькамі зьбіраўся зьехаць. Але ўсе засталіся праз тое, што я катэгарычна ня бачыла сябе ў эміграцыі. Нават зь Львова, дзе мы першы год з мужам жылі, я імкнулася сюды, у Менск. Я хацела быць толькі ў Менску». (праект #RFRM «Эмансипация». 2020 год)


3. Абараніла дысэртацыю пра самаідэнтыфікацыю беларускага народу

Юлія Чарняўская
Юлія Чарняўская

Юлія Чарняўская скончыла БДУ як філёляг і Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы пры БДУ як культуроляг. Кандыдат культуралёгіі. Тэма яе кандыдацкай дысэртацыі — «Этнакультурная самаідэнтыфікацыя беларускага народу». Юлія — аўтарка шматлікіх навуковых і навукова-папулярных кніг і больш як 100 навуковых артыкулаў у беларускіх, расейскіх, польскіх, нямецкіх, швайцарскіх часопісах. Кірункі навуковай дзейнасьці — этнічная культуралёгія, сэміётыка культуры. Выдала кнігі «Народная культура і нацыянальныя традыцыі», «Этнічныя асновы культуры» (сумесна з П. Ігнатовічам), «Асоба і культура», «Введение в культурно-философскую антропологию», «Белорус: Штрихи к автопортрету», «Белорусы от „тутэйшых“ — к нации».

  • Юлія Чарняўская: «Беларус — мой улюбёны тыпаж фальклёру, я ім шмат гадоў займалася — традыцыйным беларусам. Раней пісалі: ой, мы, беларусы, заўсёды такія. А цяпер — мы, БЕЛАРУСЫ, заўсёды шукалі справядлівасьці, былі адважныя. На кожную нацыю вельмі дзейнічае думка значнага іншага, іншых народаў. І ўсе спрэс пачалі захапляцца беларусамі». (Інтэрвію Свабодзе. 2020 год.)


4. Звольнілася з Унівэрсытэту культуры і мастацтваў празь нязгоду з тым, што там адбывалася

Юлія Чарняўская з 1996 году выкладала ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў. На пачатку сьнежня 2020 году прафэсарка на ўласнае жаданьне звольніліся з улюбёнай працы ва ўнівэрсытэце, дзе выкладала чвэрць стагодзьдзя.

  • Юлія Чарняўская: «Назапашваліся яшчэ зь вясны, з пандэміі. Стала ясна, што значна страшней ня выканаць загад міністэрства, чым тое, што людзі будуць хварэць. Другі момант — маўчаньне. Студэнтаў выганяюць, а ўсяго 20 выкладчыкаў зьбіраюцца падпісаць ліст у падтрымку. Калегу звальняюць, і толькі 24 чалавекі ставяць подпісы ў яго падтрымку... Мне здаецца, што студэнт не павінен бачыць выкладчыка як „пабітага“ і спалоханага чалавека... Засмуціла, што салідарнасьць паміж студэнтамі была кароткатэрміновая... Мне не хацелася чакаць, зноў расчароўвацца, зноў пакутаваць». (Інтэрвію Свабодзе. 2020 год)


5. Была на першым мітынгу ў Курапатах у 1988 годзе

Ноч расстраляных паэтаў у Курапатах. 2017 год. Юлія Чарняўская.
Ноч расстраляных паэтаў у Курапатах. 2017 год. Юлія Чарняўская.

Тэма сталінскіх рэпрэсій для Юліі Чарняўскай — адна з найважнейшых. Юлія Чарняўская і Юрый Зісер бралі ўдзел у жалобных імпрэзах «Ноч расстраляных паэтаў», ахвяравалі грошы на курапацкі мэмарыял, выказвалі абурэньне «крыжаломам» у Курапатах, прыходзілі да варты ля рэстарацыі «Поедем поедим».

  • Юлія Чарняўская: «Я ведаю пра Курапаты роўна столькі, колькі шараговы інтэлігент-беларус: артыкул Шмыгалёва і Пазьняка 1988 году, першы мітынг у Курапатах, на якім я, дарэчы, была. Спробы выдаць сталінскія ахвяры за нацысцкія. Крыжы. Зьдзекі з крыжоў. Кастрычніцкія падзеі 2001 году пры пабудове кальцавой. Яшчэ памятаю фразу дзеда ў 1988 годзе: «Найхутчэй, некаторыя мае сябры там ляжаць». (Беларусский журнал, 2017).


6. Пісьменьніца, паэтка, драматург, вядучая

Прэзэнтацыя кнігі «Алексіевіч на Свабодзе». Юлія Чарняўская. 2016 год
Прэзэнтацыя кнігі «Алексіевіч на Свабодзе». Юлія Чарняўская. 2016 год

Юлія Чарняўская піша вершы, прозу, пʼесы. Найбольш вядомы яе раман «Хлопчык з сабакам», напісаныя яшчэ чатыры раманы і аповесьць. Ляўрэатка Нацыянальнай тэатральнай прэміі 2013 году. Пʼеса «Ліфт» ішла ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, а «Аднаклясьнікі» — у Магілёўскім тэатры драмы. Была аўтаркай і вядучай праграмаў «Без адказаў» і «Кругі на вадзе», «Артэфакт зь Юліяй Чарняўскай», «„Савецкая Атлянтыда“ зь Юліяй Чарняўскай» на Tut.by ТВ.

  • На пытаньне анкеты Свабоды «Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?» Юлія Чарняўская адказала: «З радасьцю прысутнічала б пры размове Сэрвантэса, Шарля дэ Кастэра і Суіфта».


7. Шмат дапамагае розным людзям, але не афішуе гэтага

Пісьменьніца і культуроляг Юлія Чарняўская (фота Сяргея Казлова)
Пісьменьніца і культуроляг Юлія Чарняўская (фота Сяргея Казлова)

Юлія Чарняўская, як і яе муж Юры Зісер (яго ня стала 17 траўня 2020 году), — мэцэнаты, вядомыя сваёй сьціпласьцю. Добрыя справы Юлія імкнецца рабіць непублічна. Падчас пандэміі сама дапамагала людзям і праз сацсеткі заклікала сяброў дапамагаць пацыентам, дактарам і старым.

  • Юлія Чарняўская: «Як сказана: „Навучыцеся рабіць дабро, шукайце праўды, ратуйце прыгнечанага, абараняйце сірату, заступіцеся за ўдаву“ (Іс. 01:17)... Вірус паказаў нам, што наш сьвет папраўдзе вельмі маленькі, цесны і ўразьлівы, што ў адзіночку не ўратавацца, і неадкладна адрадзілася спрадвечная традыцыя талакі. Фізычнага ўкладу я ўнесьці не магу. Таму пакуль што пералічваю грошы на розныя карысныя ініцыятывы. Ну і па дробязі: напрыклад, у мяне добра атрымліваецца зьвязваць людзей. Мне пішуць у прыват у Фэйсбуку і ахвотнікі дапамагчы, і тыя, каму трэба дапамога. І я зьвязваю іх адзін з адным. Кажу ж, талака». (Інтэрвію Свабодзе. 2020 год)


8. Адна з найбольш вядомых блогераў Беларусі

Юлія Чарняўская
Юлія Чарняўская

У 2017 годзе Юлія Чарняўская трапіла ў сьпіс найбольш папулярных у Беларусі блогераў паводле вынікаў апытаньня, праведзенага для marketing.by. У інтэрвію Свабодзе казала, што блогеркай сябе ўсё ж ня лічыць, хутчэй выкладчыцай, літаратаркай. Гаворачы пра сваю аўдыторыю, адзначыла, што гэта абсалютна розныя людзі, як правіла, з вышэйшай адукацыяй, жанчын амаль удвая болей за мужчын.

  • Юлія Чарняўская: «Уласна папулярнасьць мяне мала хвалюе, я лайкі не лічу. Мая аўдыторыя — гэта людзі, якія імкнуцца да інтэлігентнасьці. Гэта і беларускамоўныя людзі, і расейскамоўныя, зь Беларусі, Расеі, Украіны, Казахстану, Швэцыі, Даніі... Гэта людзі, якіх узрушае культура і соцыюм. Што мне даў Фэйсбук? Па-першае, ён мне даў літаратурны клюб „GRAPHO“, а потым мы перайшлі ў рэальнасьць». (Інтэрвію Свабодзе. 2017 год.)


9. Вельмі цешыцца са свайго сабачкі бішона Жулькі

Вельмі папулярным у фэйсбуку стаў сабачка Юліі Чарняўскай, бішон Жулька, фатаздымкі якога зьбіраюць сотні лайкаў.

  • Юлія Чарняўская: «Выбралі маленькага, бо нам цяпер зручней невялікі сабака. У нас былі вялікія, цяпер вырашылі ўзяць маленькага „цуцыка“, як кажа мой муж. Я зразумела, што такое сабака-кампаньён — сабака, якая зь цябе ня злазіць. Добры сабачка, цікавы, усё разумее». (З інтэрвію «Нашай Ніве». 2017 год.)


10. Ганарыцца дачкой, сумуе па ўнучцы

Шэсьць гадоў таму дачка Юліі Чарняўскай і Юрыя Зісера Яўгенія Чарняўская паехала ў Ізраіль атрымліваць MBA. Запусьціла там стартап-туры, выйшла замуж, нарадзіла дачку Алісу. Праз пандэмію і сытуацыю ў Беларусі Юлія даўно ня бачыла дачку і ўнучку. Перажывае за іх бясьпеку ў часе палестынска-ізраільскага канфлікту.

«Гэта мае дзяўчынкі. Мінулай ноччу ў бамбасховішчы. Некалькі гадоў таму я такога ўявіць не магла. Але я шмат чаго тады не магла ўявіць», — напісала Юлія Чарняўская ў Фэйсбуку 12 траўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG