Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануе Юлія Чарняўская


«Марш справядлівасьці», Менск, 20 верасьня 2020 г.
«Марш справядлівасьці», Менск, 20 верасьня 2020 г.

Працягваем нашу рубрыку «Цытаты, якія дапамагаюць жыць».

Юлія Чарняўская:

Калі ў сьвеце ўсё бессэнсоўна, — сказала Аліса, — што перашкаджае выдумаць які-небудзь сэнс?

(Льюіс Кэрал)

Нельга, каб цябе вырубала з жыцьця сьвядомасьць бессэнсоўнасьці высілкаў. Сэнс нельга даць і нельга адабраць — гэта ўнутраная катэгорыя. Калі мы, канкрэтныя людзі, вырашым, што ўсё наша жыцьцё — абсурд, і сэнсу няма, тады яго і ня будзе. Калі ж пачнем паволі «выдумляць» сабе сэнсы, то, глядзіш, і разьвіднее. І ў нас асабіста, і ў грамадзтве, і ў краіне.

Няма лёсу, якога не адолела б пагарда.

(Альбэр Камю)

Ёсьць рэчы дадзеныя і зададзеныя. Абставінамі асабістага і грамадзкага жыцьця, станам, здароўем і г.д. Але ў адрозьненьне ад жывёлы чалавеку дадзена здольнасьць паступаць насуперак абставінам. Увасабленьне гэтай фразы Камю для мяне — танец на інваліднай калясцы. А цяпер яшчэ і счэпкі.

Розум, прыстойнасьць, вялікія выпрабаваньні — усе гэтыя рэчы, якія ня варта пісаць у сябе на лобе. Наогул чалавек сам у сябе на лобе не павінен быць напісаны.

(Лідзія Гінзбург)

Цяпер — з усіх бакоў — разьвялося вельмі шмат настаўнікаў жыцьця, спрэс у «белых паліто». Чым сытуацыя больш панурая, тым іх паліто бялейшае. Гэта заўсёды раздражняе, а ўжо тым больш у цёмныя часы, калі людзі ратуюцца паразуменьнем, а не ганарлівасьцю.

Юлія Чарняўская — культуроляг і пісьменьніца, нядаўна звольнілася з Унівэрсытэту культуры і мастацтваў, дзе выкладала чвэрць стагодзьдзя.

Выбар рэдакцыі:

Le assurdità della vita non hanno bisogno di parer verosimili, perché sono vere. All’opposto di quelle dellʼarte che, per parer vere, hanno bisogno dʼesseri verosimili.

Абсурд жыцьця ня мусіць здавацца праўдападобным, таму што ён праўдзівы. У адрозьненьне ад абсурду ў мастацтве, якое, каб здавацца праўдзівым, мусіць быць праўдападобным.

(Luigi Pirandello, «Avvertenza sugli scrupoli della fantasia»; прыблізна: «Заява наконт сумневаў фантазіі»)

Люіджы Пірандэля (1867–1936) — італьянскі драматург, паэт і празаік, ляўрэат Нобэлеўскай літаратурнай прэміі 1934 году. Цытата паходзіць зь яго тэксту з 1921 году, у якім ён спрабаваў абрысаваць ролю і значэньне абсурднага ў літаратуры і жыцьці.

Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG