Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануе Сабіна Брыло


Менск, плошча Незалежнасьці, 25 жніўнч 2020 г.
Менск, плошча Незалежнасьці, 25 жніўнч 2020 г.

Працягваем нашу рубрыку «Цытаты, якія дапамагаюць жыць».

Сабіна Брыло:

Цалкам суцяшальнымі тэкстамі я лічу біблейскую кнігу Эклезіяста і кніжку позьніх развагаў Марка Аўрэлія «Сам-насам з сабой», але ж там столькі добрых цытатаў, што выбраць некалькі надта цяжка.

Таму лепш прывяду тут цытату Мераба Мамардашвілі, якая ўзгадваецца мне час ад часу:

Як мы можам, так і жывём, таму на жыцьцё, дарэчы, ніколі нельга скардзіцца. Тое жыцьцё, якое мы маем, ёсьць тым жыцьцём, якім мы ўмеем жыць; калі б мы ўмелі жыць іншым жыцьцём, тады б у нас і было іншае жыцьцё.

І не магу ўстрымацца, каб ня даць яшчэ адну — даволі вялікую цытату — з спадчыны гэтага ўнікальнага мысьляра, зь якім мы супалі ў часе і нават мове. Мяне заварожвае ягонае тлумачэньне вядомай духоўнай максымы «Як унізе, так і наверсе» — максімы, што мае не адну цікавую трактоўку і крыніцу паходжаньня. Вось як разважае пра яе Мамардашвілі ў адным са сваіх інтэрвію:

Адзін зь першых філязофскіх трактатаў у гісторыі чалавецтва — гэта напісаная на эгіпецкім парірусе «Размова чалавека, стомленага жыцьцём, са сваёй душой». Чалавек размаўляе са сваёй душой і пераконвае яе, што сьвет благі, і таму ён мусіць скончыць самагубствам (і тым самым хутчэй зьяднацца з вышэйшым сьветам). Гэтае спалучэньне самазакаханасьці з самазьнішчэньнем — першапачатковая структура так званага сусьветнага зла, зла, якое ўтрымліваецца ў самім чалавеку, і ў гэтым выпадку ўсялякая філязофія ёсьць філязофій, якая адказвае на праблему самагубства. І вось чалавек кажа сваёй душы, што жадае «пераскочыць» наверх шляхам самагубства, на што душа адказвае: «наверсе — таксама, як унізе». То бок ніз мусіць быць так разьвіты, каб на яго можна было абаперці ўвесь верх. Наверсе, у нябёсах, няма нічога такога, што не вырастала б з плоці, на самым нізе».

Хацела б дадаць, што дзеля суцяшэньня сябе і іншых я даволі часта ўзгадваю таксама фразу: Трымай розум свой у пекле і не адчайвайся. Кажуць, што яна належыць Ісусу Хрысту, але сама я пачула яе ад песьняра Псоя Караленкі.

Сабіна Брыло — журналістка, рэдактарка, аўтарка паэтычных тэкстаў.

Выбар рэдакцыі:

Progress in every age results only from the fact that there are some men and women who refuse to believe that they knew to be right cannot be done.

Прагрэс у любым стагодзьдзі бярэцца толькі з таго, што некаторыя адмаўляюцца верыць, нібыта тое, што ім падаецца слушным, нельга ажыцьцявіць.

(Расл Дэйпэпарт)

Progress is the mother of problems.

Прагрэс — маці праблемаў.

(Г. К. Чэстэртан)

Расл Дэйвэнпарт (Russel W. Davenport, 1899–1954) — амэрыканскі журналіст і пісьменьнік. Г. К. Чэстэртан (G. K. Chesterton, 1874–1936) — брытанскі пісьменьнік і філёзаф.

Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG