Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Другі раўнд» Сабіны Брыло, або Як вершы пераходзяць з «Фэйсбуку» на паперу


Сабіна Брыло на прэзэнтацыі кніжкі «Я и другие люди», Менск, 19 лютага 2020. Фота Вольгі Хвоін
Сабіна Брыло на прэзэнтацыі кніжкі «Я и другие люди», Менск, 19 лютага 2020. Фота Вольгі Хвоін

Летась у Менску выйшла кніжка вершаў Сабіны Брыло «Я и другие люди» (выдавец Р. М. Цымбэраў). Кніжка не засталася незаўважанай — у апытанцы свабодаўскай суполкі «Толькі пра літаратуру» ў «Фэйсбуку» пад канец 2019 году чытачы паставілі гэты зборнік на трэцяе месца, пасьля зборнікаў Андрэя Хадановіча і Валянціны Аксак.

Размову з Сабінай Брыло мы пачалі ад традыцыйных пытаньняў: для чаго чалавеку ў жыцьці патрэбна паэзія і чаму пішуцца вершы.

«Такі інструмэнт»

«Перш чым пісаць вершы, вядома, мы ўсе чытаем іх. І ў мяне таксама ёсьць гэты досьвед, калі ты фізычна перажываеш радасьць ці зьдзіўленьне ад верша. Магчыма, прычына ў фанэтыцы мовы, у гукавой пабудове верша, у чыста фізычнай прыродзе слова, якое закранае ці то тваю кроў, ці то твой дух…

Калі я, як маладая дзяўчына, чытала вершы, скажам, Марыны Цьвятаевай або Ўладзіміра Маякоўскага, я адчувала, што яны чапляюць мяне за жывое. І напэўна адсюль, для такога зьдзіўленьня, для такой радасьці, для такой усхваляванасьці, якую перажываеш, мне хацелася чытаць чужыя вершы.

А чаму я пішу вершы? Мне цяжка сказаць. Мабыць, таму што я такі інструмэнт, які можа так працаваць».

Доўгі перапынак

У пісаньні вершаў у Сабіны Брыло быў доўгі перапынак. Спачатку быў «першы раўнд», потым вельмі доўга вершы не пісаліся, а ў апошнія гады пачаўся «другі раўнд».

«Я пачала пісаць гадоў 18–19 таму. І першы раўнд для мяне адбыўся, калі мне было 19 гадоў і мае вершы зьявіліся ў газэце „Знамя юности“. Пры газэце была літаратурная суполка і некалькі год я варылася ў ёй. Мне тады думалася, што я вельмі добра пішу, я вельмі добра рыфмавала, у мяне былі такія фармальныя вершы, я тады нават вянкі санэтаў складала. Гэта прыносіла мне задавальненьне, я сама ацэньвала свае вершы вельмі высока, і яны друкаваліся ў газэце.

Потым, калі мне было 24 гады, у мяне нарадзіўся сын, і з гэтага часу, з 24 да 38 гадоў, я не напісала ніводнага радка. Я працавала як журналістка, то бок мову выкарыстоўвала для публіцыстыкі. І толькі калі мне было 38, у 2012 годзе я завяла сабе „Фэйсбук“ і пачала такім чынам арганізоўваць свой тэкст. То бок ужо сем гадоў, як я пішу тое, што я пішу. Я гэтага нават вершамі не называю, я гэта называю паэтычнымі выказваньнямі».

Сабіна Брыло на прэзэнтацыі зборніка «Я и другие люди», Менск, 19 лютага 2020. Фота Генадзя Верацінскага
Сабіна Брыло на прэзэнтацыі зборніка «Я и другие люди», Менск, 19 лютага 2020. Фота Генадзя Верацінскага

Толькі «​Фэйсбук»​?

Паэтка кажа, што яна сама ніколі не дасылала свае тэксты ў часопісы (ні беларускія, ні расейскія) і не заводзіла акаўнт на літаратурных пляцоўках. Вершы давярала толькі сябрам у „Фэйсбуку“ і ня думала пра папяровыя выданьні.

«Кніжкі сталі выдавацца неяк самі па сабе. Я нікому не гаварыла, што я хачу кніжку. Усе вершы я выкладала ў Фэйсбуку. Я іх выкладала і выкладала, і празь некалькі гадоў сяброўкі — гэта былі дзяўчаты з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў — сказалі мне, што можна выдаць маю кніжку пад шыльдачкай „Кнігазбору“ — бібліятэкі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, да якога я, дарэчы, не належала. Я ня ведаю, хто там каго пераканаў, каб так зрабіць, так што я насамрэч ня ведаю, каму і дзякаваць. А паколькі да гэтага шмат хто мне ўжо казаў — давай кніжку! — то я сабрала напісанае, і напрыканцы 2016 году выйшла кніжка „Это буквы“».

Літоўскі пераклад

Грошы на папяровае выданьне літоўскіх перакладаў яе вершаў сабралі за гадзіну.

«Потым была дзіўная гісторыя зь літоўскай кніжкай, калі літоўскі паэт Гінтарас Грыяўскас перакладаў мае вершы і ставіў іх таксама ў „Фэйсбуку“, яны там зьбіралі нейкія лайкі, і Гінтарас тады напісаў: давайце зьбяром грошы на кніжку. І яны ў Літве менш чым за гадзіну сабралі 1400 эўраў на выданьне маёй кніжкі па-літоўску. І вось гэтыя 400 экзэмпляраў ужо разышліся. То бок для мяне гэта нейкія абсалютна дзіўныя рэчы, для якіх я нічога не раблю, акрамя таго, што пішу тэксты».

Што самае цяжкае?

«Кніжка „Я и другие люди“ далася мне вельмі цяжка, таму што я цяжка ўспрымаю неабходнасьць прэзэнтаваць выданьне. Я б, канешне, пастаяла ўбаку, але выдавец Раман Цымбераў, які прапанаваў мне гэтую кніжку выдаць і ўклаў свае грошы, хоча, зразумела, прадаць яе і папрасіў мяне прэзэнтаваць яе — я мушу недзе зьяўляцца, нешта гаварыць».

Сабіна Брыло і Максім Жбанкоў, Менск, 19 лютага 2020. Фота Вольгі Хвоін
Сабіна Брыло і Максім Жбанкоў, Менск, 19 лютага 2020. Фота Вольгі Хвоін

Іронія

Чаму вершы Сабіны Брыло такія іранічныя? Ці яна і ў жыцьці такая іранічная, як у вершах? Ці гэта толькі такая літаратурная поза, літаратурная манера?

«Мне тут прыгадваецца фраза Цьвятаевай: „жизнь и смерт давно беру в кавычки“. Сапраўды, вельмі цяжка гаварыць пра нешта на поўным сур’ёзе, бо можна скаціцца, як мне падаецца, у пошласьць. У жыцьці я вельмі сур’ёзная, я вельмі сур’ёзна да ўсяго стаўлюся, я рэгулярна плачу, моцна перажываю, і ўсе такія рэчы…»

«Дадатковыя намаганьні»

«У першай кніжцы, „Это буквы“, ёсьць, можа, зь дзясятак вершаў, напісаных па-беларуску. Гэта дзьвюхмоўная кніжка. У другой кніжцы вершаў па-беларуску няма. У гэтым зборніку сабраныя вершы, якія я напісала за два апошнія гады. Паколькі я няшмат вартага напісала па-беларуску за гэты час, то я пастанавіла не ўключаць гэтага ў кніжку. Маім асноўным інструмэнтам зьяўляецца ўсё ж руская мова. Каб пісаць паэтычныя тэксты па-беларуску на адпаведным узроўні, мне трэба зрабіць дадатковыя намаганьні. Можа, я так і зраблю».

Мова дзяцінства

«Я — дзіця асфальту, я нарадзілася ў Барысаве ў рабочай сям’і, і мае бацькі размаўлялі на рускай, на такой рускай з нашай лёгкай трасяначкай. І я скончыла рускамоўную школу. Але ў мяне была бабуля, з Лагойшчыны, і яна размаўляла па-беларуску, нашай лагойскай беларускай мовай. Ад яе я чула беларускую мову. А так, у дзяцінстве, я ніколі не была ў вёсцы, я ня чула сапраўднай, сакавітай беларускай мовы».

Касмапаліт

Натуральна, я ня мог не задаць гэтага пытаньня расейскамоўнай аўтарцы зь Беларусі. Калі яна піша па-руску, то як думае пра сябе: я руская аўтарка? я рускамоўная беларуская аўтарка? я беларуская аўтарка? Ці проста — я аўтарка, я паэтка, а дадатковыя эпітэты тут не да месца?

«Я ніколі сябе так не азначаю — ні для сябе самой, ні навонкі. Калі мне недзе трэба падпісацца, дык я ўвогуле падпісваюся, што я журналістка. Я ніколі не пішуся, што я паэт. Ня ведаю чаму, але я пакуль яшчэ не магу перайсьці гэтую рысу, за якой можна так гаварыць. А руская ці беларуская? Я таксама ня думала пра гэта. Я думаю, што сама па сабе я такі касмапаліт, што ў мяне касмапалітычны сьветапогляд. У мяне, на жаль, няма супольнасьці, да якой я прыналежала б, няма нечага такога, што я магла б адстойваць разам зь іншымі».

Улюбёныя аўтары

«Я люблю Франца Кафку. І Ўладзіміра Высоцкага. Нядаўна з задавальненьнем прачытала два раманы Кадзуа Ісігуры. Я люблю з аднаго боку яснасьць мысьленьня, а з другога — віртуознасьць прастаты. А яшчэ люблю Люі-Фэрдынанда Сэліна. І Чэхава, Антона Паўлавіча…».

Гэта вершы

* * *

Если бы я была домом,
И у меня был выбор —
Каким домом мне быть, —

Я бы сделала выбор
Не в пользу семейного дома —
Я бы стала гостиницей.

я бы в себя впускала
временных, незнакомых
я бы жила в надежде
кого-то узнать однажды

наверное, я бы даже
сама кому-то понравилась
и он по необходимости
иногда б в меня возвращался

З кніжкі «Это буквы» (2016)

* * *

Ну и не стоит, конечно же, упускать из виду
Тот важный факт, что современные купидоны
Не только пользуются новейшим оружием, но и
Стреляют куда попало, безжалостные засранцы.

Это значит, что если у тебя заболело колено —
Это не значит, что любовь тут ни при чем
Или то, что ты называешь «взрыв мозга» —
Скорее всего, это тоже они со своими глупостями.

* * *

убери свои женские стихи
молоко и мед

когда-то мне это казалось милым
как полные бедра твои
пока ты не отсидела мне
всю нижнюю часть

ног не чую
одни лишь мурашки колючие ниже пояса
бегают, бегают, бегают
слезь, дорогая, с меня
пожалуйста
вместе с этой своей поэзией

З кніжкі «Я и другие люди» (2019)

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG