Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытачка Брыло: Дзякуй Богу, што Фройд ня толькі шмат працаваў, але і шмат напісаў!


Сабіна Брыло. Фота: Тацяна Архіпцова
Сабіна Брыло. Фота: Тацяна Архіпцова

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае паэтка Сабіна Брыло.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Месяц ці два таму мой муж Андрэй Бастунец, вялікі кніжнік, набыў у букініста шэсьць новых кніжак зь Бібліятэкі «Ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі» — мы іх калекцыянуем. Такія ў чорным каленкоры, з золатам… Некалькі імёнаў аўтараў я нават ня ведала. Цяпер чытаю адну з гэтых кніжак; там пад адной вокладкай два аўтары — Б’ёрнстэрнэ Б’ёрнсан (нарвескі) і Франс Эміль Сіланпяя (фінскі). Чытаю пакуль Б’ёрнсана.

Чытаю таксама пакрысе (бо па-літоўску) кніжку майго сябра, паэта, пісьменьніка і драматурга Гінтараса Граяўскаса «Istorijos apie narsųjį riterį Tenksalotą ir drakoną misterį Kaindlį« — гісторыі пра сьмелага рыцара і мудрага дракона.

Яшчэ на начным століку ляжаць «Нарысы сучаснай эўрапейкай філязофіі» Мамардашвілі. Я прачытала гэтую кнігу з паўгода таму; цяпер час ад часу выбарачна пачытваю перад сном і крыху канспэктую ў асобна заведзены сшытак.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Ну вось, якраз з нобэлеўскай сэрыі — раман «Асьляпленьне» Эліяса Канэці.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Сабіна Брыло. Фота: Кацярына Малама
Сабіна Брыло. Фота: Кацярына Малама

Кніжкі неяк самі прыходзяць. Хаця, канешне, парада сябра (двух-трох чалавек) для мяне безумоўны арыенцір. Таксама спасылкі на нейкія кнігі альбо аўтараў — у іншых кнігах, асабліва што да філязофскай літаратуры. Напрыклад, з «Нарысаў» Мамардашвілі я наўпрост выпісваю сабе, што пачытаць.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

У нас ёсьць папулярная кніга на вяровачцы для чытаньня ў прыбіральні — такі вось выдавецкі жарт. Называецца «Самая патрэбная кніга для самага патрэбнага месца». Дык там столькі цікавінак для кагнітыўна арыентаванага чалавека!

А калі сур’ёзна, дык за апошнія гады дзякуючы кнігам я адкрыла для сябе псыхааналіз — гэта вельмі цікавая рэч. Дзякуй Богу, што Фройд ня толькі так шмат працаваў, але і так шмат напісаў!

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Не магу ўзгадаць. Напэўна, апошнім часам не чытала клясычных раманаў.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Апошнім часам з радасьцю чытала Юрыя Буйду, зь цікавасьцю — Альгерда Бахарэвіча, люблю вершы і п’есы Гінтараса Граяўскаса, вершы майго мужа Андрэя Бастунца (цяпер ён мала піша). Паважаю Андруся Горвата. Думаю, тут яшчэ могуць быць нейкія імёны, але я вырашыла напісаць пра тых, хто ўзгадаўся адразу.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Хармса як узгадаю — то заўсёды сьмяюся. Каб была выдадзеная кніга Ўладзімера Рабіновіча — дык таксама б чытала і сьмяялася.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Плакала, перачытваючы «Свет мира» Лякснэса.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Часам расчароўваюць кнігі беларускіх аўтараў, асабліва пры наяўнасьці ўхвальных водгукаў і гучных прэзэнтацыяў.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Напэўна, фэнтэзі.

Ня «мы»

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

На паперы чытаю больш, але мне без розьніцы. Электронныя чамусьці чытаю хутчэй.

Бывае, што адну, бывае, што некалькі, а бывае, што цэлы месяц ці два — дык і ніводнай.

Звычайна вечарам, хаця, калі зачытваюся нечым, дык і з раніцы таксама да яе цягне. З кніжкамі — вельмі падобна, як з каханьнем.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Сабіна Брыло. Фота: Іван Бесер
Сабіна Брыло. Фота: Іван Бесер

Калі ўпарадкоўвае муж, дык бывае, што і ня ведаю. Хочацца парадку, але ён, здаецца, нейкі недасягальны. Хаця, стараемся, каб паліцы былі тэматычныя: замежная літаратура, клясычная літаратура, расейская сучасная літаратура, беларуская літаратура, паэзія, мастацтва, філязофія… Кнігі, што выдаюцца сэрыямі, стаяць асобна ў сэрванце. Карацей, стараемся, каб было як у бібліятэцы. Але парадак усё роўна час ад часу парушаецца, бо кніг у кватэры больш, чым месца для іх.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Думаю, некаторых зьдзівіла б наяўнасьць і колькасьць сучаснай беларускай літаратуры — набываем і з уласнай цікавасьці, і каб падтрымаць аўтараў. Чытаем.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Ня ведаю. Можа, трынаццаць тамоў Цьвятаевай, што Андрэй падараваў мне дваццаць год таму. Я тады якраз перастала пісаць прыгожыя і надрыўныя вершы пра каханьне.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Цяжка сказаць. Але думаю, што гэта дакладна не герой. Мяне не пакідаюць абыякавай пэрсанажы кшталту Фэрдынанда ў рамане «Сьмерць у крэдыт» Люі-Фэрдынанда Селіна, альбо скальда Лёўсьвікінга ў «Свете миру».

З гераіняў, напэўна, місіс Дэлаўэй.

Баюся, што, хутчэй за ўсё, я каго-небудзь з кніжных герояў сапраўды люблю — але ён ува мне так глыбока, што не магу нават узгадаць.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Вельмі шмат, і ўсё, што траплялася — і дзіцячую, і дарослую літаратуру, і кнігі, і газэты, і часопісы… Напрыклад, «Чырвонае і чорнае» (чырвоная з чорным вокладка) Стэндаля я чытала ў сем год. Дакладна памятаю, што ў сем, бо чытала ў прыбіральні на старой кватэры, у хрушчоўцы, адкуль мы зьехалі, калі мне было сем з паловаю. У дзевяць чытала кніжку Маргарэт Этвуд, якую мама прынесла з завадзкой бібліятэкі. Памятаю, што адчувала, наколькі ў гэтай кніжцы ўсё «не такое», нязвыклае, не знаёмае мне: адносіны, размовы, паводзіны людзей… Кніга Маргарэт Этвуд у мяне тады асацыявалася з «Марсіянскімі хронікамі» Брэдбэры.

Сабіна Брыло. Фота: Ягор Бабій
Сабіна Брыло. Фота: Ягор Бабій

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Думаю, што гэта вельмі страшна, калі ўладу мае чалавек, які давярае нейкай адной кнізе. Хаця часам неяк так яно і бывае.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

А. П. Чэхава, Люі-Фэрдынанда Сэліна, Уладзіміра Сарокіна. І я б там пасядзела моўчкі.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Чалавека, якому са мной цікава, а безь мяне сумна.

Што вы перачытваеце?

Хармса, Чэхава, Фройда… Бывае, што і вялікія раманы, «Мобі Дыка», напрыклад.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Кнігу з сэрыі «Ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі» — Ясунары Кавабата, выбраныя творы.

Сабіна Брыло. Фота: Тацяна Алешка
Сабіна Брыло. Фота: Тацяна Алешка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG