Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра Васіля Вітку — дзіцячага клясыка, які галасаваў за Шушкевіча


Васіль Вітка

Сёньня спаўняецца 110 гадоў клясыку беларускай дзіцячай літаратуры, аўтару выдатных твораў «Вавёрчына гора», «Генэрал верабей» Васілю Вітку. Паводле ўспамінаў яго ўнучкі Юліі Чарняўскай, ён пачаў складаць вершы для дзяцей, бо менавіта там адчуваў сябе пры таталітарызьме найбольш свабодным.

Васіль Вітка (Цімох Крысько) быў першым рэдактарам часопіса «Вясёлка», дзе шмат друкаваў былых ахвяраў сталінскай сыстэмы: Станіслава Пятровіча Шушкевіча, Уладзімера Дубоўку, Алеся Пальчэўскага, Сяргея Грахоўскага. Калі ж сустракаўся з названымі сябрамі, то нязьменна гаварыў зь імі пра турмы і лягеры, якімі была пакрытая краіна. З маладых паэтаў асабліва любіў Анатоля Сыса за яго балючую, вострую пазію.

Сяргей Грахоўскі, Мікола Аўрамчык, Уладзімер Дубоўка, Уладзіслаў Нядзьведзкі і Васіль Вітка. Менск, 1960-я гг.
Сяргей Грахоўскі, Мікола Аўрамчык, Уладзімер Дубоўка, Уладзіслаў Нядзьведзкі і Васіль Вітка. Менск, 1960-я гг.

Быў строгі да маладой беларускай паэзіі канца 50-х гг.

Пра Рыгора Барадуліна пісаў: «На жаль, усяму цаліннаму цыклу Барадуліна не хапае паэтычнага абагульненьня, роздуму над убачаным і перажытым, над тым, як у першых працоўных выпрабаваньнях гартуецца характар, як наша моладзь, пабыўшы на цаліне, набывае пэўны жыцьцёвы вопыт».

Да Алега Лойкі быў ня менш крытычны: «…большасьць яго вершаў пакідае ўражаньне, што ў паэта яшчэ няма неабходнай прафэсійнай дысцыпліны, часта сустракаецца непераборлівасьць у сродках, у прыёмах, калі аўтар задавальняецца прымітыўнай фальклёрнай мадэрнізацыяй.».

Пра Еўдакію Лось выказваўся наступным чынам: «Узьнёсласьць, захапленьне ўсім, што трапляе на вочы і здаецца вартым услаўленьня ў вершах, нямала шкодзіць паэтэсе ў выхаваньні мастацкага густу і высокай самадысцыпліны. Е. Лось непераборлівая ў мове, у паэтычных сродках. Многія яе вершы — гэта хутчэй імправізацыя, экспромт на тэму».

А да паэта Алеся Ставера ўвогуле быў бязьлітасны: «Кніжка Ставера складаецца з тых фальклёрных падробак, якія творацца па нямудраму мэтаду халоднай штампоўкі» (Васіль Вітка. Творчы пашпарт пісьменьніка // Полымя. 1960, № 2).

Васіль Вітка
Васіль Вітка

У брэжнеўскія часы троліў прыхільнікаў калектывізму

«Хто быў у дзіцячых ясьлях, ня мог не запомніць самую важную і ўрачыстую працэдуру жыцьцёвага распарадку гэтай установы: пасьля сну ўсіх садзяць на гаршчкі. Кожны ведае сваё месца, свой гаршчок і свой найважнейшы абавязак. Калектыўнае выкананьне абавязкаў лягчэй, прыемней і ахвотней, чым паасобку. Праўда, не заўсёды і кожнаму ўдаецца выканаць абавязак, але важней другое: ты стараўся разам з усімі, твае намаганьні не былі марнымі. Ты спрыяў намаганьням сяброў, у наступны раз твае сябры памогуць табе» (Васіль Вітка «Пасяджэньне на гаршках» / Дзеці і мы. 1977).

У 1937-м быў выключаны з камсамолу і знаходзіўся на валасок ад арышту

Яго сын успамінаў: «Калі ў 37-м бацьку выключылі з камсамолу і выгналі з рэдакцыі „Чырвонай зьмены“ „за страту пільнасьці і лібэралізм“, мне было каля трох месяцаў. Пачаўся горкі пэрыяд нашага жыцьця: свайго жыльля і ашчаднай кніжкі ў нас не было, на работу бацьку ня бралі. Сяброў стала менш, але нас не пакінулі ў бядзе браты Лыньковы: Рыгор узяў на сваё імя тэрміновую работу і перадаў яе бацьку. Той пачаў перакладаць творы Чэхава і, сумесна з Рыгорам, — паэму Маякоўскага „Добра!“ Хоць бацьку аднавілі на працы празь дзевяць месяцаў, жыць было цяжка. Гаспадыня прыватнага дамка на вуліцы Розы Люксэмбург, якая здавала нам пакойчык, спалохалася і пагнала з кватэры „лішэнца“ і яго сям’ю. Тады Міхась Ціханавіч Лынькоў дамогся праз Літфонд, каб нас пасялілі ў флігельку вартаўніка пры Доме творчасьці ў Пухавічах. У гэты час бацька захварэў на сустаўны раматус і пачаў хадзіць з кіёчкам» (Расьціслаў Бензярук і Вісарыён Крысько. Жыў на сьвеце дзед Васіль. Кніга абразкоў пра Васіля Вітку, ягоны час і сяброў. 2006).

Васіль Вітка з жонкай
Васіль Вітка з жонкай

Калі сын быў у дэпрэсіі, выхоўваў сваю ўнучку як уласную дачку

Паводле ўспамінаў яго ўнучкі Юліі Чарняўскай: «Дзед замяніў бацьку, бо тата быў у дэпрэсіі пасьля разводу з мамай. Бацька жыў у той жа кватэры, але ня ўдзельнічаў у маім выхаваньні. Ноччу, калі я плакала, забіраў да сябе, як ніхто ўмеў мяне загушкваць. Калі мне споўнілася дзевяць гадоў і мама мяне забрала да сябе (раней гэтага зрабіць не магла, бо жыла ў кепскіх умовах) дзед плакаў».

Быў зьбіты падлеткамі

«У сталым узросьце бацька рэдка мог выбрацца ў лес, але любіў гуляць у Купалаўскім сквэры. Аднойчы пад вечар, калі ён ішоў, абапіраючыся на ядлоўцавы посах, насустрач беглі два падлеткі і брудна лаяліся. Вітка зрабіў ім заўвагу. Адзін з нягоднікаў падскочыў да старога і з усяго маху ўдарыў яго пад дых. Мне нічога не сказалі, хаця я званіў бацькам штодзень. Толькі праз два дні, калі я наведаў іх, мама паціху паведала мне пра гэта. Я агледзеў бацьку і прапанаваў пару дзён пагуляць разам у сквэры. Яму не спадабаўся выраз майго твару, і ён адмовіўся ад суправаджэньня» (Расьціслаў Бензярук і Вісарыён Крысько. Жыў на сьвеце дзед Васіль. Кніга абразкоў пра Васіля Вітку, ягоны час і сяброў. 2006).

Васіль Вітка разам з крытыкам Айзікам Кучарам
Васіль Вітка разам з крытыкам Айзікам Кучарам

На першых прэзыдэнцкіх выбарах галасаваў за Шушкевіча

Паводле ўспамінаў Юліі Чарняўскай: «Дзед хацеў, каб прэзыдэнтам быў Станіслаў Шушкевіч, бо цаніў яго як выдатнага прафэсіянала, сапраўднага інтэлігента. У той жа час крытычна ставіўся да Зянона Пазьняка, бо лічыў, што пры ім будзе гвалтоўна праведзеная беларусізацыя, а праводзіць яе, паводле Васіля Віткі, трэба было паступова і асьцярожна».

Васіль Вітка з унучкай Юліяй Чарняўскай
Васіль Вітка з унучкай Юліяй Чарняўскай

Радаваўся, калі ляснуўся СССР

Юлія Чарняўская казала, што ў дзень распаду СССР «дзед хадзіў радасна ўзбуджаны, такім я даўно яго не бачыла. А сапраўднае сьвята для яго стала, калі Беларусь набыла незалежнасьць».

Ледзь яго ня зьелі ваўкі

«У лістападзе 44-га, адразу пасьля нашага вяртаньня ў Менск, бацька паехаў на Случчыну… Непадалёку ад Селішчаў убачыў, што наперадзе, мэтрах у дваццаці, шашу пераходзіла зграя сабак. Бацька спыніўся, прыгледзеўся і жахнуўся: „Бацюхна, дык гэта ж ваўкі!.“. Наперадзе ішла ваўчыца. Пасярод дарогі драпежніца спынілася, павярнула галаву і доўга, як здалося бацьку, глядзела на яго, затым адвярнулася і пайшла далей. Кожны зь сямі ваўкоў-самцоў паўтарыў гэты рытуал, і ўсе па сьлядах ваўчыцы перайшлі дарогу. Ваўкі былі гладкія, поўсьць іх адлівала срэбрам… Бацька доўга стаяў, аслупянелы, потым паціху пайшоў далей» (Расьціслаў Бензярук і Вісарыён Крысько. Жыў на сьвеце дзед Васіль. Кніга абразкоў пра Васіля Вітку, ягоны час і сяброў. 2006).

Быў геніем інтэрактыўных заняткаў

Паводле Юліі Чарняўскай: «Больш за ўсё на сьвеце любіў праводзіць тэатралізавана-інтэрактыўныя ўрокі ў школах. Кожнае выступленьне ператваралася ва ўнікальны спэктакль, дзе юныя гледачы адгадвалі герояў яго вершаваных загадак, прыдумлялі рыфму да яго вершаў, вадзілі з ім карагоды».

Васіль Вітка з унучкай Юліяй Чарняўскай
Васіль Вітка з унучкай Юліяй Чарняўскай

Прасіў унучку, каб не размаўляла па-беларуску

Юлія Чарняўская са скрухай успамінала, што старалася гаварыць на роднай мове, але не заўсёды была пераканаўчай: «Дзед крывіўся і гаварыў: „Лепш размаўляй добра на рускай, чым кепска на беларускай мове“ — і тут ён памыляўся».

Аўтар выказвае падзяку за дапамогу Юліі Чарняўскай і за фота зь яе архіву.

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG