Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабода накіравала пазоў супраць Расеі ў Эўрапейскі суд у правах чалавека


У маскоўскім офісе Радыё Свабода. Ілюстрацыйнае фота.
У маскоўскім офісе Радыё Свабода. Ілюстрацыйнае фота.

Маскоўскае бюро Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода і дырэктар расейскай службы Радыё Андрэй Шары сёньня накіравалі скаргу ў Эўрапейскі суд у правах чалавека на выкарыстаньне Расеяй закону аб «замежных агентах», у выніку чаго ад студзеня на Радыё Свабода і на самога Шарага былі накладзеныя штрафы на мільёны даляраў.

РСЭ/РС і Шары сьцьвярджаюць, што дзеяньні Расеі парушаюць правы на свабоду выказваньня думак і свабоду прэсы, абароненыя артыкулам 10 Эўрапейскай канвэнцыі правоў чалавека і што яны нанясуць непапраўную шкоду, калі Суд ня будзе дзейнічаць хутка. Пасьля таго, як суд адмовіўся ўжыць часовыя захады ў адказ на першую заяву РСЭ/РС ад 16 красавіка, кампаніі прапанавалі падаць сваю справу па сутнасьці да 18 траўня. Улічваючы тэрміновасьць сытуацыі, Радыё Свабода спадзяецца, што справа атрымае «прыярытэтны статус».

14 траўня расейскія судовыя выканаўцы прыбылі ў маскоўскае бюро Радыё Свабода, каб паведаміць арганізацыі пра пачатак выканаўчай вытворчасьці ў справах аб штрафах у выніку адмовы расейскай рэдакцыі пазначыць свае матэрыялы як створаныя «замежным агентам». У той самы дзень расейскія ўлады заблякавалі расейскія банкаўскія рахункі РСЭ/РС. Згодна з расейскім заканадаўствам, калі штраф ня будзе выплачаны, урад мае права прызнаць карпарацыю неплатаздольнай і заблякаваць доступ да яе сайтаў. Дырэктару Расейскай службы Шараму пагражае пазбаўленьне волі да 2 гадоў і банкруцтва.

У сваёй заяве да суду РСЭ/РС зазначае, што расейская кампанія накладаньня такіх сур’ёзных штрафаў на Радыё Свабода за яе пазыцыю да пазначэньня матэрыялаў будзе мець значны ўплыў на тыя незалежныя СМІ, якія яшчэ засталіся ў краіне. За апошнія тыдні Расея дадала да пераліку «замежных агентаў» такія СМІ, як «Медуза» (базуецца ў Латвіі), маскоўскае «Первое антикоррупционное СМИ» і VTimes.io, зарэгістраванае ў Нідэрляндах. Гэта пагражае далейшаму выжываньню гэтых сродкаў масавай інфармацыі.

На сёньняшні дзень расейскія рэгулятарныя органы за чатыры месяцы завялі ў расейскіх судах 520 адміністрацыйных справаў супраць Радыё Свабода і Шарага з штрафамі на агульную суму 177,35 млн рублёў (прыблізна 2,36 млн даляраў). РСЭ/РС абскардзіла кожную з сотняў справаў, але скаргі былі адхіленыя ўсімі судамі, а штрафы, накладзеныя «Роскомнадзором», засталіся ў сіле.

З 2017 году Міністэрства юстыцыі Расеі прызнала дзевяць інфармацыйных выданьняў Радыё Свабода «замежнымі агентамі». Увядзеньне заканадаўства аб «замежных агентах» асудзілі як парушэньне асноўных свабодаў вярхоўны камісар ЭЗ Жузэп Бурэль, Эўрапарлямэнт, Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША і іншыя міжнародныя арганізацыі асудзілі.

Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода — гэта незалежная мэдыякарпарацыя, якая фінансуецца за кошт гранту Кангрэсу ЗША праз Агенцтва глябальных мэдыя ЗША і зарэгістравана ў ЗША. Амэрыканскае заканадаўства гарантуе незалежнасьць рэдакцыйнай палітыкі карпарацыі. Штаб-кватэра арганізацыі месьціцца ў Празе (Чэхія) з 1995 году.

На тэрыторыі Расеі над расейскамоўнымі праектамі РСЭ/РС, улучна з Радыё Свабода і тэлеканалам «Настоящее время», працуюць дзясяткі штатных супрацоўнікаў, у тым ліку сотні пазаштатных карэспандэнтаў. Гэта адна з найбуйнейшых замежных незалежных мэдыяарганізацый, якія дзейнічаюць у Расеі, яе аўдыторыя за тыдзень складае 6,7 мільёна чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG