Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія ЗША ў АБСЭ заявіла, што Крэмль выцясьняе Радыё Свабода з Расеі


У маскоўскім офісе RFE/RL.
У маскоўскім офісе RFE/RL.

На пасяджэньні пастаяннага камітэту Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) было паднята пытаньне аб узмацненьні расейскімі ўладамі рэпрэсіўных захадаў супраць мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (RFE / RL).

22 красавіка ў Вене абмяркоўвалася тэма свабоды слова ў Расеі. На пасяджэньні выступіла выканаўца абавязкаў намесьніка кіраўніка місіі ЗША пры АБСЭ Элізабэт Розэнстак-Сылэр.

«Злучаныя Штаты падзяляюць асьцярогі Эўрапейскага Зьвязу і іншых краін-удзельніц, якія выказваліся аб задушэньні расейскімі ўладамі свабоды выказваньня», — падкрэсьліла Розэнстак-Сылэр. Яна сказала, што гатовая падтрымаць дыскусію пра перасьлед у Расеі асобных журналістаў.

У якасьці аднаго з прыкладаў прадстаўніца ЗША прывяла ператрусы пры ўдзеле супрацоўнікаў ФСБ 9 красавіка ў маскоўскай рэдакцыі «Важных историй» і кватэры галоўнага рэдактара гэтага выданьня, журналіста Рамана Аніна, якога пазьней дапыталі. Як зазначыла Розэнстак-Сылэр, ператрусам папярэднічала публікацыя матэрыялаў аб меркаваных карупцыйных дзеяньнях шэрагу высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў.

Паводле амэрыканскага дыплямата, за апошнія тыдні было яшчэ некалькі трывожных выпадкаў зь незалежнымі журналістамі-дасьледчыкамі. У прыватнасьці, яна прывяла зьвесткі карэспандэнта Радыё Свабода Антона Сергіенкі, які расказаў «МБХ-Медиа», што атрымаў 11 красавіка ліст з пагрозамі. У гэтым лісьце гаварылася, што за Сергіенкам пастаянна сочаць, і тыя, хто ўдзельнічае ў сачэньні, ведаюць, дзе жыве і працуе журналіст. Аўтары пасланьня абвінавацілі Сергіенку ў здрадзе Радзіме за супрацу з амэрыканскай мэдыяарганізацыяй.

Таксама Элізабэт Розэнстак-Сылэр нагадала аб рэйдзе, які супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі ў офісе незалежнага студэнцкага часопісу DOXA 14 красавіка.

«Гэтыя выпадкі ясна дэманструюць пагаршэньне атмасфэры беспакаранасьці за перасьлед і запалохваньня незалежных журналістаў», — заявіла прадстаўніца амэрыканскай місіі пры АБСЭ.

Што тычыцца Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, Розэнстак-Сылэр згадала «празьмерныя штрафы», якія накладаюцца ў Расеі на карпарацыю паводле закону аб «замежных агентах». «Тут, на пастаяннай радзе, расейская дэлегацыя неаднаразова спрабавала стварыць няправільнае ўяўленьне аб падабенстве драконаўскіх мер супраць Радыё Свабода ў Расеі і прававымі рамкамі працы ў ЗША тэлеканалу RT і агенцтва „Спутник“. Падобнага эквіваленту няма. Крэмль перашкаджае тэле- і радыёвяшчаньню RFE / RL у Расеі і цяпер актыўна спрабуе выцесьніць медыякарпарацыю з краіны. Урад ЗША, наадварот, ніякім чынам не перашкаджае магчымасьці для RT і „Спутника“ вяшчаць у Злучаных Штатах», — сказала Розэнстак-Сылэр.

Яна нагадала, што на мінулым тыдні RFE / RL падало пазоў супраць дзеяньняў расейскага ўраду ў эўрапейскі суд па правах чалавека. У пазове пазначана, што дзеяньні Расеі парушаюць права на свабоду выказваньня для прадстаўнікоў прэсы, абароненага 10-м артыкулам Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека, і што калі ЭСПЧ не прыме захады цяпер, то RFE / RL будзе нанесена непапраўная шкода.

«Мы падкрэсьліваем наш заклік да расейскага кіраўніцтва спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да незалежных журналістаў і СМІ, у тым ліку RFE / RL і яго праекты», — дадала Розэнстак-Сылэр.

  • У студзені–красавіку 2021 году «Роскомнадзор» склаў і накіраваў у суд 390 пратаколаў аб парушэньні праектамі РСЕ / РС, унесенымі Міністэрствам юстыцыі ў 2017 годзе ў сьпіс СМІ — «замежных агентаў», новых правілаў маркіроўкі публікацый. РСЕ / РС, якое выконваць усе нормы расейскага заканадаўства, адмовілася выконваць гэтыя патрабаваньні, расцэньваючы іх як спробу ўмяшаньня ў рэдакцыйную палітыку.
  • Агульная сума штрафаў па ўжо вынесеных судовых рашэньнях перавышае 70 мільёнаў рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG