Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Роскомнадзор» прыгразіў расейскай службе Радыё Свабода новымі штрафамі


Штаб-кватэра Радыё Свабода ў Празе
Штаб-кватэра Радыё Свабода ў Празе

Карпарацыя Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода асуджае спробы расейскіх уладаў прымусіць яе згарнуць дзейнасьць у Расеі і будзе змагацца з гэтымі спробамі усімі магчымымі мэтадамі. Пра гэта заявіў у чацьвер прэзыдэнт карпарацыі Джэймі Флай.

Паводле яго, «карпарацыя стала аб’ектам ціску расейскіх уладаў з прычыны таго, што працягвае даваць сваёй аўдыторыі ў Расеі, якая расьце, аб’ектыўныя навіны і інфармацыю ў той час, калі Крэмль спрабуе абмежаваць да яе доступ». «Мы будзем працягваць любымі магчымымі спосабамі. Мы ўпэўненыя, што жыхары Расеі хочуць мець выбар», — сказаў Флай.

Напярэдадні прэзыдэнт РСЕ/РС таксама падкрэсьліў, што карпарацыя будзе змагацца з нападамі на яе журналісцкую незалежнасьць.

У апошнія месяцы «Роскомнадзор» увёў жорсткія патрабаваньні маркіраваць кантэнт да сродкаў масавай інфармацыі, унесеных Міністэрствам юстыцыі Расеі ў сьпіс так званых «замежных агентаў». Адмова ад выкананьня гэтых патрабаваньняў цягне за сабой штрафы і патэнцыйнае блякаваньне сайтаў «Голасу Амэрыкі», Радыё Свабода і іншых расейскамоўных рэдакцый РСЕ/РС.

Мэта такога ціску — «прымусіць замаўчаць галасы незалежных рэпартэраў», адзначаецца ў тэксьце заявы, распаўсюджанай Дзярждэпартамэнтам ЗША.

У чацьвер стала вядома, што «Роскомнадзор» мае намер скласьці на Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода яшчэ 130 пратаколаў у сувязі зь меркаваным парушэньнем закону аб «замежных агентах». Іх складаньне мусіць пачацца 16 красавіка. Агульная сума штрафаў у дачыненьні да мэдыякарпарацыі можа дасягнуць 2,3 млн даляраў.

На гэты момант «Роскомнадзор» наклаў на РСЕ/РС штрафныя санкцыі на суму прыкладна ў 1 мільён даляраў, налічыўшы у яе працы 390 парушэньняў закону аб «замежных агентах». РСЕ/РС аспрэчвае ўсе рашэньні «Роскомнадзору» ў судовым парадку, лічачы іх парушэньнем Канстытуцыі Расеі, закону аб СМІ і правілаў канкурэнцыі на мэдыярынку. Цьвярскі раённы суд Масквы да цяперашняга часу разгледзеў і адхіліў усе 72 пададзеныя РСЕ/РС апэляцыі.

  • Папулярнасьць РСЕ/РС у Расеі няўхільна расьце: у прыватнасьці, у 2021 годзе сайты расейскай службы Радыё Свабода рэгіструюць больш за 15 мільёнаў наведваньняў у месяц.
  • Радыё Свабода і яго рэгіянальныя праекты, тэлеканал «Настоящее время», а таксама яшчэ некалькі падразьдзяленьняў РСЕ/РС уключаныя ў сьпіс «СМІ — замежных агентаў» у канцы 2017 году. Рэдакцыі, унесеныя ў пералік міністэрства, абавязаныя падаваць фінансавыя справаздачы аб сваёй дзейнасьці і пэўным чынам пазначаць публікацыі.
  • РСЕ РС выконвае сфармуляваныя ў 2017 годзе патрабаваньні расейскага заканадаўства аб СМІ — «замежных агентах», аднак нязьменна ацэньвае дзеяньні расейскіх уладаў у гэтым кірунку як «небясьпечныя намаганьні, накіраваныя на перасьлед журналістаў, як крокі да таго, каб грамадзяне Расеі атрымлівалі толькі ўхваленую Крамлём інфармацыю».
  • Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен выказаў заклапочанасьць у сувязі з намаганьнямі расейскіх уладаў, накіраванымі на спыненьне дзейнасьці мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў Расеі — на падставе закону аб «замежных агентах», паведаміў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс.
  • 6 красавіка Блінкен сустрэўся з выканаўцам абавязкаў кіраўніка Агенцтва ЗША па глябальных мэдыях (USAGM) Келу Чао. Суразмоўцы абмеркавалі ролю незалежных мэдыяў ў захаваньні і прасоўваньні дэмакратычных прынцыпаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG