Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У бюро Радыё Свабода ў Маскве прыйшлі судовыя выканаўцы. Банкаўскія рахункі заблякаваныя



Маскоўскае бюро Радыё Свабода 14 траўня 2021
Маскоўскае бюро Радыё Свабода 14 траўня 2021

Прадстаўнікі Галоўнага ўпраўленьня службы судовых выканаўцаў па Маскве ў пятніцу, 14 траўня, уручылі ў Маскоўскім бюро рускай службы Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода апавяшчэньне аб распачатай выканаўчай вытворчасьці па судовых рашэньнях у дачыненьні да ТАА «РСЭ/РС».

Маскоўскія банкаўскія рахункі ТАА «Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода» заблякаваныя. Гэта адбылося пасьля таго, як прадстаўнікі Галоўнага ўпраўленьня службы судовых выканаўцаў па Маскве ўручылі апавяшчэньне аб узбуджэньні выканаўчай вытворчасьці па судовых рашэньнях, а таксама накіравалі пастанову аб вышуку банкаўскіх рахункаў арганізацыі і накладаньні на іх арышту.

Выканаўцы правялі ў памяшканьні бюро каля дзьвюх гадзін, цікавіліся пытаньнямі інвэнтарызацыі абсталяваньня. Працы рэдакцыі яны ніяк не перашкаджалі, частку часу правялі ў тэлефонных перамовах, відавочна, раіліся са сваім кіраўніцтвам.

У студзені-траўні 2021 году Раскамнагляд склаў і накіраваў у суд 520 пратаколаў аб парушэньні праектамі РСЭ/РС, унесенымі Міністэрствам юстыцыі ў 2017 годзе ў сьпіс СМІ — «замежных агентаў», новых правілаў маркіроўкі публікацый. РСЭ/РС выконвае ўсе нормы расейскага заканадаўства і адмовілася выконваць гэтыя патрабаваньні, расцэньваючы іх як спробу ўмяшаньня ў рэдакцыйную палітыку.

Агульная сума штрафаў па ўжо вынесеных судовых рашэньнях складае прыкладна 70 мільёнаў расейскіх рублёў. ТАА «РСЭ/РС» аспрэчвае ўсе прызначаныя штрафы ў прадугледжаным расейскім заканадаўствам парадку, аднак суд не задаволіў ніводную з больш як 250 пададзеных да цяперашняга моманту апэляцый. ТАА «РСЭ/РС» таксама абскарджвае дзеяньні расейскіх уладаў у Эўрапейскім судзе па правах чалавека.

Мяркуючы па атрыманых ТАА «РСЭ/РС» дакумэнтах, выканаўчая вытворчасьць распачатая ў дачыненьні да 10 судовых рашэньняў, двухмесячны пэрыяд выплаты штрафаў згодна зь якімі да гэтага моманту мінуў. Агульная сума штрафаў па гэтых рашэньнях — 5 мільёнаў рублёў, справы па іх аб’яднаныя ў адну вытворчасьць.

  • 13 траўня інфармацыйнае агенцтва ТАСС распаўсюдзіла інфармацыю, паводле якой Цьвярскі суд Масквы адмяніў 140 прызначаных ТАА «РСЭ/РС» штрафаў. Мэдыякарпарацыя ўдакладняе, што ў сярэдзіне красавіка 2021 году высьветлілася, што Раскамнагляд і міравы судзьдзя дапусьцілі працэсуальныя памылкі ў вызначэньні падсуднасьці 158 адміністрацыйных спраў у дачыненьні да ТАА «РСЭ/РС», якое прадстаўляе інтарэсы мэдыякарпарацыі ў Расеі, і яго генэральнага дырэктара. 147 спраў зь іх былі накіраваныя на паўторны разгляд, па большасьці зь іх ужо вынесеныя рашэньні аб прызначэньні штрафаў. У сувязі са сканчэньнем тэрмінаў падсуднасьці адмененыя штрафы па 10 пратаколах.
  • Прэзыдэнт мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай зьвярнуў увагу на нядаўнія заявы прадстаўніка МЗС РФ Марыі Захаравай, у якіх яна ахарактарызавала спробы расейскіх уладаў прымусіць унесеныя ў сьпісы СМІ — «замежныя агенты» падпарадкоўвацца загадам Раскамнагляду аб маркіроўцы кантэнту, якія ўяўляюць сабой палітычную цэнзуру, як праявы «мэдыя-плюралізму» ў «сапраўды свабодным грамадзтве». «РСЭ/РС прадстаўляе сваёй аўдыторыі сумленныя навіны і збалянсаваную інфармацыю, для таго каб грамадзяне Расеі, як заўважыў адзін з нашых журналістаў, „не прызвычаіліся да няпраўды і не жылі ў хлусьні“, — падкрэсьліў Флай. — Мы працягнем супрацьстаяць спробам Крамля цэнзураваць непрыемную для расейскіх уладаў праўду».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG