Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяўчаты паводзілі сябе гераічна». Музыка і філёзаф пра адседку на Акрэсьціна і ў Жодзіне


Аляксей Крукоўскі, архіўнае фота
Аляксей Крукоўскі, архіўнае фота

Былы выкладчык коласаўскага ліцэя і музыка Аляксей Крукоўскі расказаў, якія правілы працуюць унутры «палітычных» і «крымінальных» камэр, пра болевыя пункты ў вязьніцы і пра перажываньне Вялікадня за кратамі.

Аляксей Крукоўскі — былы выкладчык Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, філёзаф, праваслаўны вернік, музыка, акардэаніст гурту «На таку», які грае музыку да традыцыйных вясковых і гарадзкіх побытавых танцаў. Яму 49 гадоў.

Менчука затрымалі 26 красавіка каля ягонага дома за бел-чырвона-белы сьцяг у вакне кватэры і асудзілі на 11 сутак. Сьведкам выступаў «Іваноў Іван Іванавіч». Крукоўскі сваёй віны не прызнаў. Першыя 4 дні ён сядзеў на Акрэсьціна, потым у Жодзіне. Выйшаў на волю 7 траўня.

Пра стан: «Гэта была ў чыстым выглядзе сытуацыя самоты»

«Я не адчуваю сораму за тое, што адбылося, але і ніякай касьмічнай крыўды. Усё гэта цалкам заканамерна.

Чалавек у глыбіні душы застаецца сам з сабою. Турма дае шмат для пацьвярджэньня гэтага. Што б ні адбывалася на волі, якая б падтрымка ні была, да нас яна не даходзіла. Не перадавалі ні лістоў, ні літаратуры, ні гульняў, ні крыжаванак. Лісты не аддалі нават на выхадзе.

Аляксей Крукоўскі, архіўнае фота
Аляксей Крукоўскі, архіўнае фота

У гэты момант ты сам мусіш вырашаць свае праблемы. Ёсьць Сіла, да якой ты можаш зьвяртацца. Але гэта была ў чыстым выглядзе сытуацыя самоты. Гэта ня карцар, не „адзіночка“, там шмат людзей.

І гэтыя рознакаляровыя „вожыкі“, з рознымі іголкамі, з рознай ступеньню вашывасьці разам мусяць ратавацца, замяняць адзіноту на эрзац супольнасьці».

Пра адносіны ў камэры: «Балянс будаваўся на захаваньні асабістай прасторы»

«У Жодзіне была вельмі добрая камэра. На 10 месцаў сядзелі 15 чалавек. Быў пабудаваны асьцярожны, вельмі крохкі, але акуратны балянс адносінаў — на захаваньні асабістай прасторы. Не было панібрацтва. Паколькі рэжым быў вельмі жорсткі, не было сумеснага сьпяваньня песьняў.

Песьні пяялі дзяўчаты ў суседняй камэры. Іх было чалавек сем. Яны паводзілі сябе гераічна, ішлі на канфлікт з адміністрацыяй, сварыліся зь імі, патрабавалі доктара. Лаяліся на начныя праверкі, патрабавалі, каб ахоўнікі выйшлі, пакуль яны не апрануцца.

Аляксей Крукоўскі, архіўнае фота
Аляксей Крукоўскі, архіўнае фота

Мы ўсе былі „дрэсіраваныя“, некаторым пару разоў далі па рэбрах. Мы стараліся не пераносіць гэтую агрэсію адзін на аднаго. Адчуваньня катастрофы ні ў кога не было. „Давайце датрымаемся разам, як пасажыры ў доўгай дарозе, а потым разыдземся“. Тэлефонамі мы не абменьваліся».

Пра пэнсіянэра-сукамэрніка: «Яго білі, як б’юць падбітую дзічыну»

«Са мной сядзеў сымпатычны 70-гадовы дзядок з Лошыцы Ўладзімер, інжынэр-канструктар „Гарызонту“ на пэнсіі. Ён не адчыняў дзьверы міліцыі падчас „акцыі па ачыстцы бальконаў“, тады іх сталі ламаць.

Яго білі. Б’юць там падчас праверак нагой па назе, каб шырэй станавіўся на расьцяжку. Часта гэта робяць некалькі дзён запар, калі чалавек ужо „памечаны“, пачынае кульгаць — як падбітую дзічыну. У дзядка на назе была гіганцкая гематома. Ён пра гэта нікому не казаў. Я выпадкова гэта заўважыў. Мы сталі рабіць яму прымочкі.

Ён быў абсалютна „ў тэме“, нікога не абвінавачваў, ні на кога не крыўдаваў. Трымаўся нароўні з усімі, падтрымліваў зносіны. Для мяне гэта аб’ект гонару і павагі».

Пра скрыпача: «На футурале былі адбіткі ботаў»

«У суседняй камэры сядзеў хлопец-скрыпач. Яму гадоў 20. Яго забралі ў той жа дзень, што і мяне, зь пераходу мэтро. Я яго бачыў на волі, кідаў яму грошы. Ён іграў „Муры“.

Скрыпку забралі разам зь ім. Я перакідваў гэтую скрыпку з адной кучы ў другую, калі ехалі з Акрэсьціна ў Жодзіна, бо апошнім заходзіў у аўтазак, і амапаўцы прымушалі грузіць рэчы. Я стараўся класьці скрыпку паверх усіх пакетаў. На футурале былі адбіткі ботаў».

Пра Івана, які сядзеў даўжэй за ўсіх: «У яго быў пакет з пакетамі»

«Каго мне вельмі шкада, дык гэта хлопца Івана. Апошні раз я яго бачыў у малюсенькім аднамесным ізалятары, дзе зьмясьцілася сем чалавек. Ён рабочы з Ангарскай. Атрымаў 30 сутак.

Аляксей Крукоўскі, архіўнае фота
Аляксей Крукоўскі, архіўнае фота

Яму было вельмі цяжка. Ён добра падрыхтаваны для камэры, спрытны, гаспадарлівы. Калі я прыйшоў, у яго ўжо быў пакет з пакетамі — каля 50 паліэтыленавых пакетаў, акуратна ўкладзеных адзін у адзін, якія служылі падушкай.

Для яго была абсалютна невыноснай думка, што ўсе выйдуць, а ён застанецца. Ён казаў, што нешта з сабой зробіць. Гэта для яго было як катаваньне».

Пра болевыя месцы: «Мне, 50-гадоваму мужыку, было страшна крыўдна»

«На Акрэсьціна да нас укінулі мужчыну Сяргея, якога затрымалі за карцінку 2019 году. Мяне ўразіла, наколькі ён быў засмучаны. Яго з РАУСу везьлі разам з двума алкашамі. На Акрэсьціна алкашам выдалі матрацы і бялізну, яму таксама, але перад самай камэрай забралі. Яго надзвычай, па-дзіцячы ўразіла гэтая несправядлівасьць.

У мяне слабае месца, як выявілася, — тое, што мне не аддалі першую перадачу. Усім перадалі, а мне не. І мне, 50-гадоваму мужыку, было страшна крыўдна. Потым перадача чакала мяне на выхадзе з маім заплечнікам. Ніякіх тлумачэньняў не было.

Другая перадача да мяне дайшла за два дні да выхаду. Яна мяне ўжо асабліва ня грэла: кранула, але не была практычна карыснай. Важнейшае тое, што перадаюць у першы тыдзень: пераапрануцца, цяплей адзецца, бо ў камэрах страшна холадна. Многія захварэлі».

Пра камэрныя правілы

«Перадачамі ў „палітычных“ камэрах дзеляцца. Хлопцы з крымінальным мінулым не дзяліліся перадачамі, хоць самі бралі з „абшчаку“. Раней доўгі час была карцінка, што сядзяць усе інтэлігенты, айцішнікі, лекары. Па маіх адчуваньнях, цяпер за палітыку сядзяць 30% людзей з крымінальным досьведам.

Аляксей Крукоўскі, архіўнае фота
Аляксей Крукоўскі, архіўнае фота

У „палітычных“ камэрах няма правілаў, якія маюцца ў клясычных крымінальнікаў, кшталту не сядзець каля парашы, ня браць удзел у „брудных“ справах, як прыбіраньне.

Людзі садзіліся і насупраць туалету, ніхто нікога не папракаў. Я першыя дні гідзіўся, мне было няёмка перад людзьмі, якія спраўлялі свае патрэбы, а потым я зразумеў, што проста ня выжыву, калі ня буду нейкі час сядзець, выпрастаўшы ногі. Усе праз гэта прайшлі. Хлопчыкі „па паняцьцях“ туды не хадзілі. Яны ўпарта сядзелі за сталом.

На Акрэсьціна ўсім выдалі гумавыя пранумараваныя тапкі. Мы выдзелілі адну пару, якой усе карысталіся на парашы. Усе абавязкова мылі рукі. Гэта была павага да ўсіх.

Стараліся ўсё выкладаць наверх, бо падчас шмону тое, што знаходзілі ў торбах, маглі расьцерушыць па падлозе. Пасьля шмону частка рэчаў прападала. Прыкладам, адбіраюць вільготныя сурвэткі. Нібыта хтосьці заткнуў „талчок“ такой сурвэткай, таму ва ўсіх іх сталі забіраць».

Пра катаваньні: «Асаблівая форма катаваньня — радыё»

«У Жодзіне матрацаў, бялізны ні ў кога не было. Выкарыстоўваць ложак дазволена толькі з 22:00 да 6:00. Калі сядзеш або ляжаш на ложак удзень, б’юць. На Акрэсьціна можна было сядзець удзень.

Быў стол на 8 месцаў і 2 лавы. Можна сядзець за сталом. У каго апухалі ногі, здаравей было стаяць. Можна ляжаць на падлозе, але падлога кафляная (у ІЧУ на Акрэсьціна была драўляная).

Адначасна хадзіць па камэры маглі два чалавекі. Астатнім пры гэтым некамфортна, трэба падцягваць ногі. У нас сядзеў айцішнік, які актыўна займаўся спортам, але гэта перашкаджала астатнім.

У Жодзіне спалі на вузкіх лаўках, нехта — на стале, некаторыя па двое на жалезных ложках. Я спаў на другім паверсе адзін.

У ЦІПе на Акрэсьціна, дзе я правёў дзень, не было ніякай вады. Гэта катаваньне. Калі ты маеш магчымасьць памыць рукі пасьля прыбіральні, гэта робіць цябе чалавекам. У ЦІПе я, як і ўсе, спаў на кафлянай падлозе.

Асаблівая форма катаваньня — радыё, якое працуе цэлы дзень і часам ноччу. Гэта мне не давала спаць. Думаю, ахоўнікі разглядалі гэта як форму пакараньня і перавыхаваньня. Часам яны ўрубалі флэшку з гітамі афіцыйнай эстрады: „Слухай бацьку“, „Белая Русь, я тобой горжусь“, „Мама-Беларусь“. Уключалі Данчыка „Аксамітны летні вечар“.

Першы радыёканал — беларускамоўны. Беларуская мова не выклікала раздражненьня, ніхто на яе не наракаў. Людзі адрозьнівалі прапагандысцкі дыскурс і беларускую мову. Яны ня зводзілі гэта ў адно».

Пра ахоўнікаў: «Я ня веру ў добрых і злых дзяжурных»

«На прагулку выводзілі адразу 4 камэры, усяго два разы за час арышту. Ахоўнікі спачатку прасоўвалі празь сетку цыгарэты, а потым пачалі раўці. Мне ўдарылі ў грудзі са словамі „Гніда яб***я“.

Мяне гэта ашаламіла. Я быў не падрыхтаваны. Сонейка прыгрэла, людзі кураць, дымок, міла. Бац — жорсткае вяртаньне ў рэальнасьць.

Я ня веру ў добрых і злых дзяжурных. Гэта фантазіі вязьняў, якія спрабуюць аддзяліць поры дня і ночы. Ёсьць вонкавыя абставіны. На выходныя начальства адсутнічае — дзяжурныя пачынаюць дурэць. Нейкі старшы іх прыструньвае, і гэта выглядае, як добрая зьмена. Падчас „добрай“ зьмены могуць прынесьці перадачу.

Ня ўсе яны прыродныя садысты, але ўсе — сыстэмныя садысты. Калі трэба, яны ўсе могуць бесчалавечна абыходзіцца зь вязьнямі. Людзі на працы».

Пра рэлігійную сьвятыню: «Абразком я спрабаваў парэзаць грушу»

«Маці мне перадала лямінаваны абразок трох Віленскіх пакутнікаў. Я думаў, куды яго падзець. Пастаўлю на палічку — будзе вельмі крыўдна, калі яго скінуць адтуль падчас шмону. Пакладу сабе ў штаны — але яны ўсё правяраюць і могуць выкінуць на калідор. Урэшце паклаў яго ў торбу. Дарэчы, усё робіцца функцыянальнай рэччу ў турме. Абразком я спрабаваў парэзаць грушу.

Абразок страшна ўсіх інтрыгаваў, бо людзі тэкстаў даўно ня бачылі, бо ўжо перачыталі ўсе надпісы на туалетнай паперы, на дакумэнтах, што выдалі ў турме (пра аплату харчаваньня і арыштаваныя тэлефоны). Хтосьці адразу выхапіў абразок і пачаў чытаць малітву.

Пасьля чарговага шмону абразок ляжаў пасярод пакоя на падлозе. Адзін малады чалавек спытаўся: «Пэўна, яны ня веруючыя?». Я яму сказаў: «Абсалютна ня важна, вернікі яны ці не. Яны проста прафэсійна выконваюць сваю працу, а потым спакойна могуць хадзіць у царкву».

Пра Вялікдзень. «Ратуйце, памажыце! Жыве Беларусь!»

«Псыхалягічна самым цяжкім днём была нядзеля, бо Вялікадня не было. Чэрці шалелі, шмон быў даволі жорсткі. Падчас „гадзіны выхаваньня“ яны імітавалі дзіцячымі галасамі зьбіваньне на калідоры, лупілі па сьценках: „Ратуйце, памажыце! Жыве Беларусь!“ — „На табе! На! Су*а, яб*ла закрый!“

На першым радыёканале Вялікадня не было, толькі зранку віншаваньне Веньяміна. Я не чакаў, што ў камэры будуць сьпяваць рэлігійныя песьні або імітаваць біцьцё яек, але было відаць, што людзям усё роўна.

У нядзелю Ён не ўваскрос, гэта адбылося пазьней, калі мне выдалі перадачу і калі я ўжо выйшаў на волю. Тады мы ў сям’і пахрыстосаваліся».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG