Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская мова раздражняе ахоўнікаў», — жонка палітвязьня Цурпанава, якому пагражае новы прысуд


Валадар Цурпанаў
Валадар Цурпанаў

Праваабаронцу і аднаго зь лідэраў леташніх пратэстаў у Магілёве Валадара Цурпанава перавялі з «хіміі» у сьледчы ізалятар турмы № 4. Яму пагражае больш жорсткі прысуд. Былы сукамэрнік палітвязьня расказаў ягонай жонцы пра стан Валадара.

Паводле сукамэрніка, Цурпанаў адстойвае ў ізалятары турмы № 4 права гаварыць па-беларуску і адмаўляецца закладаць рукі за сьпіну, бо лічыць такое патрабаваньне ахоўнікаў незаконным.

59-гадовы актывіст чакае ў турме суду за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня ва ўстанове адкрытага тыпу. Раней суд Магілёўскага раёну прызначыў яму тры гады «хіміі» за абразу двух судзьдзяў. Сваёй віны актывіст не прызнаў.

Хто такі Валадар Цурпанаў

  • Актывіст апазыцыі з канца 1980-х гадоў. Кіраваў абласной арганізацыяй Партыі БНФ. У 1997-м галадаў 10 дзён у ізалятары.
  • У жніўні 2020-га дамогся сустрэчы пратэстоўцаў з кіраўнікамі гарадзкой і абласной выканаўчай улады Магілёву.
  • 1 верасьня 2020-га прыйшоў на ўрачыстую лінейку ў 43-ю магілёўскую школу і заклікаў пэдагогаў, якія працавалі ва ўчастковых камісіях, пакаяцца за фальсыфікацыю выбараў. Яго затрымалі і асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту.
  • Агулам за чатыры месяцы пратэстаў правёў у няволі 43 дні.
  • 10 дзён трымаў сухую галадоўку, пратэстуючы супраць незаконнага зьняволеньня. Быў шпіталізаваны.
  • 24 сьнежня 2020 году судзьдзя Халадцоў за рэзкае выказваньне пра магілёўскіх судзьдзяў Вікторыю Палякову і Вольгу Краўчанку, якія разглядалі супраць актывіста адміністрацыйныя справы, прызначыў яму тры гады «хіміі».
  • Прысуд яму праваабаронцы лічаць палітычна матываваным і зьвязаным зь мірнай рэалізацыяй права на выказваньне грамадзянінам сваіх думак.
  • Да зьняволеньня рабіў мантажнікам у прыватнай арганізацыі.

Чаму Цурпанава з «хіміі» адправілі ў турму

Валадара Цурпанава адправілі адбываць пакараньне ў райцэнтар Круглае, што за 50 кілямэтраў ад Магілёва. У мясцовай спэцкамэндатуры ён прабыў з 5 лютага да 10 сакавіка. Там яго паставілі на ўлік як «схільнага да дэструктыўных дзеяньняў». Актывіст адмаўляўся выконваць патрабаваньні, якія, на ягоную думку, парушаюць чалавечы гонар і годнасьць. Свае дзеяньні ён называў «грамадзкім непадпарадкаваньнем».

Ад супрацоўнікаў актывіст патрабаваў, каб зь ім яны гаварылі па-беларуску.

За час знаходжаньня на «хіміі» Цурпанаў дамагаўся ад адміністрацыі паляпшэньня бытавых умоваў асуджаных. Пісаў скаргі ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Адно з патрабаваньняў тычылася наведваньня зьняволенымі лазьні. Яго, па словах «хімікаў», выканалі.

Цурпанаў пачынае з плошчы Леніна ў Магілёве адну з акцыяў пратэсту
Цурпанаў пачынае з плошчы Леніна ў Магілёве адну з акцыяў пратэсту

10 сакавіка Цурпанаў паведаміў, што на яго завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня на «хіміі». Ён нібыта «дапусьціў шэраг парушэньняў парадку і ўмоваў адбыцьця пакараньня». Сярод іх згадвалася ляжаньне на ложку ў недазволены час і незапраўленае спальнае месца.

У той жа дзень, як дазналася жонка актывіста, яго вывезьлі з спэцкамэндатуры. Некалькі дзён трымалі ў Круглянскім ізалятары, а потым этапавалі ў магілёўскую турму № 4.

Цурпанава ў турме хочуць пакараць за непадпарадкаваньне карцарам

За амаль два месяцы Ірына Цурпанава атрымала ад зьняволенага мужа толькі паштоўку да свайго дня народзінаў. Яна прыйшла ёй 10 красавіка. Замест тэксту там быў малюнак з сэрцайкамі.

Днямі Ірына даведалася ад былога мужавага сукамэрніка, што самаадчуваньне ў Валадара нармальнае. Кожную раніцу ён робіць зарадку. Ейныя перадачы атрымлівае рэгулярна. У дзень вызваленьня, сказаў Ірыне мужчына, Валадар пры ім напісаў чатыры лісты.

Ірына Цурпанава
Ірына Цурпанава

Па словах былога зьняволенага, Цурпанаў з ахоўнікамі «паводзіць сябе з годнасьцю». Гаворыць зь імі па-беларуску, што выклікае ў тых раздражэньне, і яны дэманстратыўна паказваюць, што не разумеюць яго. Валадар тлумачыць ім, што ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы і ён мае права гаварыць на сваёй роднай.

Таксама Валадар адмаўляецца закладаць рукі за сьпіну. Ён лічыць, што такое патрабаваньне ахоўнікаў беспадстаўнае.

Паводле мужчыны, перад вызваленьнем Цурпанаў даведаўся, што турэмная камісія вырашала, ці караць яго карцэрам за непадпарадкаваньне і парушэньне рэжыму.

«Ён заяўляе, што не баіцца карцару і лічыць, што пакараньне ім будзе беспадстаўным. Сябе невінаватым не прызнае», — цытуе свайго суразмоўцу Цурпанава. Былы зьняволены казаў ёй, што пакараньне карцарам жорсткае і невядома, ці будуць прымаць перадачы, пакуль муж будзе ў ім.

Цурпанаў і ў турме на прафіляктычным уліку як «схільны да дэструктыўных дзеяньняў»

У гутарцы з журналістам былы нявольнік дадаў, што з Цурпанавым сядзеў у адной камэры больш за тыдзень. Таго паставілі на прафіляктычны ўлік як «схільнага да дэструктыўных дзеяньняў». Такую катэгорыю нявольнікаў, паводле суразмоўцы, выводзяць з камэры ў наручніках, а Валадар патрабуе ад ахоўнікаў тлумачыць, чаму так абыходзяцца зь ім.

Валадар Цурпанаў шмат піша, чытае Біблію і іншую літаратуру. Што да рэакцыі ахоўнікаў на беларускую мову, то, як адзначае суразмоўца, некаторыя яе сапраўды не разумеюць. Іншыя ж патрабуюць, каб нявольнік адказваў ім па-расейску, бо інструкцыі ў іх расейскамоўныя.

Па словах вызваленага, у сьледчым ізалятары «палітычных» не зьмяшчаюць у адну камэру.

«Адзінока бяз мужа...»

Ірына Цурпанава са спасылкай на ўласныя крыніцы кажа, што новы суд над мужам можа адбыцца ўжо ў траўні ў Круглым. Палітвязьню пагражае да трох гадоў зьняволеньня.

Валадар і Ірына Цурпанавы
Валадар і Ірына Цурпанавы

Жанчына прызнаецца, што жыве з пастаянным пачуцьцём трывогі і думае пра мужа. Штотыдзень зьбірае яму перадачы.

«Калі перадаю іх, то мне лягчэй, а на наступны дзень зноў пачынаю хвалявацца», — кажа яна пра свой эмацыйны стан і дадае, што спадзяецца дачакацца мужа.

Ірына Цурпанава адзначае, што ганарыцца ім, бо ён у цяжкі для Радзімы час зрабіў, як грамадзянін: не пабаяўся стаць лідэрам пратэстаў і цяпер, нягледзячы на выпрабаваньні, не адступаецца ад сваіх прынцыпаў.

Ірына Цурпанава шмат гадоў адрабіла школьнай настаўніцай, і цяпер яе падтрымліваюць выпускнікі. Не забываюць яе былыя калегі, і мужавы таксама. Турбуюцца пра яго і аднадумцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG