«Вучыць польскую мову і шмат чытае»
Заснавальніцу «Прэс-клюбу» Юлію Слуцкую трымаюць за кратамі з 22 сьнежня, яна сядзіць на «Валадарцы». Вінавацяць вядомую журналістку ў нясплаце падаткаў у вялікім памеры. 23 красавіка сьледзтва па справе працягнулі яшчэ на 2 месяцы. Пра гэта яе дачка Аляксандра даведалася ад абаронцы. Аляксандра адзначыла, што цягам двух тыдняў да гэтага ад маці не было лістоў, што яе ўжо не зьдзівіла.
«У іх нібы практыка такая: чамусьці як працяг справы, дык перад гэтым зьнікае ліставаньне. А потым зноў аднавілася. Мы стараемся пісаць адна адной кожны дзень. Маці трымаецца. Пра яе настрой ведаю, што працягвае верыць у вызваленьне. Але не засяроджваецца на пэўнай даце, а жыве станоўчымі эмоцыямі, якія ўдалося атрымаць цяпер. Прагулка, неба над галавой — ужо магчымасьць падняць настрой. Гэтак псыхалягічна лягчэй.
Бо ўмовы ў яе складаныя. У камэры 8 чалавек, людзі цікавыя, але кураць. Вольнага месца вельмі мала. Нядаўна падсялілі жанчыну, у якой ВІЧ, а з гэтай прычыны слабы імунітэт. Яна была прастуджаная, і ад яе ўсе падчапілі нейкую прастуду. Але гэта не „карона“, мама на яе раней перахварэла. Цяпер пачуваецца нармальна.
Два разы на дзень працягвае рабіць трэніроўкі, другую праводзіць падчас прагулкі, у турэмным дворыку. Але гэта не такі вялікі дворык, як у амэрыканскіх фільмах, а маленькая пляцоўка паміж бэтоннымі сьценамі, па цэнтры — часта лужына, бегчы можна толькі на месцы.
Яшчэ ведаю, што шмат чытае, піша і вучыць польскую мову, якой навучае Анжаліка Борыс, актывістка з Горадні», — расказала дачка Юлі Слуцкай Аляксандра.
Паводле Аляксандры, за 4 месяцы, як яе маці пад вартай, зь ёй правялі толькі два допыты, і тыя на самым пачатку.
«Цяпер проста сядзіць. Нечага чакаюць, ці што? Ня ведаю», — кажа Аляксандра пра сьледзтва.
Кожны дзень, акрамя панядзелка, Аляксандра носіць маці на «Валадарку» харчовую перадачу — суп, гародніну, садавіну, якую дазваляюць. Адначасова Аляксандра апякуецца братам Пятром, апэратарам Прэс-клюбу, якога таксама трымаюць на «Валадарцы» як фігуранта той жа справы аб падатках.
Усяго па гэтай справе праходзяць 5 супрацоўнікаў «Прэс-клюбу». Вядома, што яшчэ ўзімку сваякі затрыманых пералічылі на рахунак Сьледчага камітэту ў якасьці магчымай кампэнсацыі стратаў суму, у эквіваленце большую за 42 тысячы даляраў. Сваякі адзначалі, што гэта ня сьведчыць аб прызнаньні віны, але неабходна для верагоднай зьмены меры стрыманьня. Аднак для Юліі Слуцкай, як і для яе сына Пятра, мера стрыманьня дагэтуль ня зьмененая. Паводле Аляксандры, зь яе братам Пятром Слуцкім за 4 месяцы на «Валадарцы» ўвогуле не было ніводнага сьледчага дзеяньня.
Праваабаронцы прызналі Юлію Слуцкую і яе затрыманых калег па «Прэс-клюбу» палітычнымі вязьнямі.
«Частка лістоў не даходзіць, гэта цэнзура»
Журналіст і мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў быў затрыманы 12 студзеня і пасьля адседкі на Акрэсьціна ўтрымліваецца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Аляксандрава вінавацяць паводле 342 артыкула аб арганізацыі і падрыхтоўцы да дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
Андрэем апякуюцца бацькі і сябры, сярод іх журналіст Дзьмітрый. Ён рэгулярна лістуецца зь сябрам і перадае яму харчовыя перадачы.
«Што набыў? Сала зь мяснымі пражылкамі, як ён любіць, кавалак вэнджанай каўбасы, гародніну і садавіну, якую можна, бо ня ўсё, што хочацца ўкласьці, дазваляюць. Андрэй просіць не перадаваць салодкага, бо там магчымасьцяў рухацца няшмат, хоча трымаць сябе ў форме. Ён ня курыць, хоць раней прасіў перадаваць яму цыгарэты, відаць, для абмену, але цяпер ужо ня просіць. У яго добры настрой, не маркоціцца. Выпісаў яму „Новы час“ і „Беларусы і рынак“, чытае кнігі, глядзіць тэлевізар. Цяпер у камэры 4 чалавекі, раней было 8. Адносіны з усімі нармальныя».
Дзьмітры кажа, што ліставаньне з Андрэем ідзе зь перапынкамі.
«Мы з жонкай яму пішам, але дакладна ня ўсе лісты даходзяць, бо на некаторыя пытаньні адказаў не атрымліваем. Мяркую, гэта цэнзура. Таму стараемся нічога не пісаць такога, каб не нашкодзіць. Ведаю, што ўжо больш за 2 месяцы ніякія сьледчыя дзеяньні зь ім не вядуцца, а чаму гэтак — невядома», — расказаў Дзьмітрый, сябра журналіста Андрэя Аляксандрава.
Разам з Андрэем Аляксандравым міліцыянты затрымалі ягоную сяброўку Ірыну Злобіну. Паводле намесьніка міністра ўнутраных спраў Юрыя Казакевіча, Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна нібыта займаліся фінансаваньнем пратэставай актыўнасьці, са жніўня Андрэй аплаціў 250 штрафаў пратэстоўцам, грошы нібыта браліся з фонду BY.Help. Вядома, што Андрэй віны не прызнае.
Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна беларускімі праваабаронцамі прызнаныя палітвязьнямі. Пасьля 12 траўня стане вядома, ці працягнулі сьледзтва па справе Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай.
«Двойчы зьвярталася па спатканьне, але марна»
Жонка гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына Вольга толькі ў канцы сакавіка, праз больш як 2 тыдні ад затрыманьня мужа, пачала рэгулярна атрымліваць яд яго зьвесткі з турмы. А трымаюць Дзяніса Івашына ў горадзенскім сьледчым ізалятары, што ў будынку старажытнага кляштара. Вольга вельмі непакоіцца пра здароўе Дзяніса, бо ўмовы ў гэтым будынку лічыць «ня лепшымі».
«Піша, што ў камэры холадна. Зразумела, старыя тоўстыя сьцены, мала паветра, вільгаць. Раней выводзілі на прагулкі, цяпер ня ведаю. У камэры 6 чалавек, усе па крымінальных артыкулах, але кажа, што адэкватныя людзі, канфліктаў няма», — расказала Вольга пра ўмовы, у якіх знаходзіцца яе муж. Пры гэтым жанчына адзначае, што настрой мужа за час арышту «трошку зьмяніўся».
«Спачатку супакойваў, што вось-вось выйдзе, цяпер больш спакойны, відаць, прызвычаіўся да таго, што прыйдзецца пацярпець. Больш непакоіцца пра мяне і маці, увесь час пытаецца, як мы», — кажа Вольга.
Жонка Дзяніса Івашына прызналася, што для яе цяпер востра паўстала фінансавая праблема, бо яна не працуе, глядзіць старэйшых у сям’і.
Дзяніса Івашына ў турме рэгулярна наведвае адвакат, але не для ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях, мяркуе Вольга.
«Па кошце юрыдычных паслугаў бачу, што гэта проста візыты, ніякія ня допыты. То бок нічога ў справе не адбываецца. І меры стрыманьня не мяняюць. Двойчы зьвярталася да сьледчага, каб хаця б дазволіў спатканьне, але марна. Адказаў, што нібыта няма прычыны. Цяпер чакаю 12 траўня. Будзе 2 месяцы, і можа што зьменіцца зь мерай стрыманьня», — спадзяецца Вольга Івашына.
Дзяніс Івашын — пазаштатны карэспандэнт газэты «Новы час». Таксама Дзяніс займаўся ўласнымі журналісцкімі расьсьледаваньнямі, у тым ліку дасьледаваў дзейнасьць прарасейскіх структур, якія, на ягоную думку, зьвязаныя з рэстарацыяй «Поедем поедим», што каля Курапатаў. Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка. Паводле афіцыйнай інфармацыі, журналісту інкрымінуюць 365 артыкул Крымінальнага кодэксу аб умяшаньні ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, але ў чым канкрэтна падазраецца Дзяніс Івашын, ягоным сваякам дагэтуль невядома.
Дзяніс Івашын таксама прызнаны палітвязьнем.
За кратамі бо журналісты
З пачаткам выбарчай кампаніі 2020 года ўлады Беларусі пачалі вайну супраць журналістаў і незалежных мэдыя. Іх пазбаўляюць акрэдытацый, б’юць, страляюць у іх гумовымі кулямі, затрымліваюць, саджаюць на «суткі» і заводзяць на іх крымінальныя справы. З таго часу журналістаў затрымлівалі больш за 500 разоў. Беларуская асацыяцыя журналістаў адсочвае ўсе выпадкі перасьледу журналістаў і супрацоўнікаў СМІ. Вось тыя, хто знаходзіцца ў зьняволеньні пад крымінальным перасьледам.
Андрэй Аляксандраў, журналіст, за кратамі з 12 студзеня 2021
Андрэй Аляксандраў — журналіст, мэдыямэнэджэр, былы намесьнік дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, перастаў выходзіць на сувязь 12 студзеня. Амаль суткі родныя і калегі ня ведалі пра яго месцазнаходжаньне. Потым стала вядома, што Андрэя і ягоную дзяўчыну Ірыну Злобіну затрымалі як падазраваных паводле крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Намесьнік міністра ўнутраных спраў заявіў, што яны фінансавалі ўдзельнікаў пратэстаў «у тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампэнсацыяў утрыманьня ў ЦІП і ІЧУ». Праваабаронцы цьвердзяць, што гэта законная дабрачынная дзейнасьць.
30 чэрвеня журналісту выставілі яшчэ адно абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве», за што пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
За паэзію з-за кратаў Андрэй Аляксандраў стаў адным зь ляўрэатаў прэміі турэмнай літаратуры імя Францішка Аляхновіча.
1 верасьня 2022 Аляксандраў і Злобіна ўзялі шлюб у менскім СІЗА-1.
6 кастрычніка 2022 Менскі абласны суд прысудзіў Аляксандраву 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле шэрагу абвінавачаньняў, у тым ліку за «падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў беспарадках» і за «здараду дзяржаве». Ірына Злобіна атрымала 9 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
20 студзеня 2023 году МУС дадала палітвязьня ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
У наваполацкай калёніі Аляксандраў працуе ў цэху дрэваапрацоўкі, зьбівае скрыні і паддоны. У зьняволеньні ён схуднеў на 40 кіляграмаў. Яму дазволілі перапісвацца з палітзьняволенай жонкай Ірынай Злобінай.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Прысуд: 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), арт. 243 КК («Ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў»), арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»), арт. 356 КК «Здрада дзяржаве»).)
Судзьдзя: Вячаслаў Тулейка.
Дзяніс Івашын, журналіст-расьсьледавальнік, за кратамі з 12 сакавіка 2021
Рэдактара-валянтэра міжнароднай расьсьледвальнай супольнасьці InformNapalm і пазаштатнага карэспандэнта газэты «Новы час» Дзяніса Івашына супрацоўнікі КДБ затрымалі 12 сакавіка ў ягонай кватэры ў Горадні. Журналіста абвінавацілі ва «ўмяшаньні ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў» і ў «здарадзе дзяржаве».
Блізкія мяркуюць, што затрыманьне было зьвязана з расьсьледаваньнем Івашына пра службу былых украінскіх беркутаўцаў у МУС Беларусі.
Пасьля месяца закрытага судовага працэсу 14 верасьня 2022 Дзянісу Івашыну прысудзілі 13 год і 1 месяц калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 22 800 беларускіх рублёў.
Журналіст адмовіўся ад супрацы са сьледзтвам і не прызнаў сябе вінаватым. На яго ўсяляк ціснулі ў ізалятары падчас сьледзтва. У чэрвені 2023 году Івашына перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна. З канца 2024 году Дзянісу забараняюць званкі родным.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Рада БНР узнагародзіла яго мэдалём ордэна «Пагоні».
Прысуд: 13 год і 1 месяц калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле арт. 179 КК «Незаконны збор і распаўсюджваньне зьвестак пра прыватнае жыцьцё» і арт. 356 «Здрада дзяржаве».
Судзьдзя: Валеры Раманоўскі.
Анджэй Пачобут, журналіст, за кратамі з 25 сакавіка 2021
25 сакавіка, у разгар беларуска-польскага дыпляматычнага канфлікту, у Горадні прайшлі ператрусы ў сяброў непрызнанага афіцыйным Менскам Саюзу палякаў у Беларусі. Генпракуратура распачала крымінальную справу за «распальваньне нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці». Сярод арыштаваных лідэраў арганізацыі і вядомы журналіст Анджэй Пачобут. СПБ, а таксама ўрад Польшчы заявілі, што перасьлед ёсьць «актам запалохваньня ўсёй польскай меншасьці ў Беларусі».
Увосень 2021 года Пачобут адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Суд над Пачобутам пачаўся 16 студзеня 2023 году ў закрытым рэжыме. 8 лютага агучылі прысуд. Пасьля прысуду Пачобуту Польшча закрыла яшчэ адзін польска-беларускі пункт пропуску «Баброўнікі — Бераставіца».
4 кастрычніка 2022 году КДБ дадаў журналіста ў «сьпіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». 23 чэрвеня 2023 году МУС унесла палітвязьня ў «сьпіс экстрэмістаў». У жніўні 2023 году Пачобута зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу на 6 месяцаў.
У кастрычніку 2025 году Анджэя Пачобута ўзнагародзілі прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Прысуд: 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле ч. 3 арт. 130 КК «зьдзяйсьненьне групай асобаў наўмысных дзеяньняў, накіраваных на распальваньне нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасьці і зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў для рэабілітацыі нацызму» і паводле ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы».
Судзьдзя: Дзьмітры Бубенчык.
Людміла Чэкіна, генэральны дырэктар Tut.by, за кратамі з 18 траўня 2021
Людміла Чэкіна працавала ў Tut.by зь 2008 году, спачатку юрысконсультам, у 2017 годзе яна ўзначаліла кампанію.
Людмілу Чэкіну затрымалі 18 траўня 2021 году разам зь іншымі фігурантамі «справы Tut.by» за нібыта ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
Цягам наступнага году трох фігурантак справы Алены Талкачову, Вольгу Лойка і Кацярыну Ткачэнка выпусьцілі з-пад варты. Яны зьехалі за мяжу. Крымінальную справу ў дачыненьні да іх вылучылі ў асобную судовую вытворчасьць. Абвесьцілі іх вышук.
Суд над Людмілай Чэкінай і галоўнай рэдактаркай Tut.by Марынай Золатавай пачаўся ў Менскім гарадзкім судзе 9 студзеня 2023 году. Прысуд агучылі 17 сакавіка 2023 году. Абедзьвюх асудзілі на 12 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Чэкінай таксама далі 37 тысяч рублёў штрафу.
У кастрычніку 2022 году КДБ уключыў Чэкіну ў сьпіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». 18 жніўня 2023 году МУС унёс палітзьняволеную ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Праваабаронцы прызналі Чэкіну палітычнай зьняволенай.
Прысуд: 12 гадоў калёніі агульнага рэжыму паводле часткі 2 артыкулу 243 «ухіленьне ад сплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры»; часткі 3 артыкулу 130 «распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці»; часткі 3 артыкулу 361 «заклікі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».
Судзьдзя: Валянціна Зянькевіч.
Пракурор: Тацяна Гракун.
Дзьмітры Наважылаў, былы гендырэктар агенцтва БелаПАН, за кратамі з 18 жніўня 2021
У 1990-х Дзьмітры Наважылаў працаваў разам з Паўлам Шараметам карэспандэнтам ОРТ у Беларусі, пасьля быў кіраўніком карпункту расейскага тэлеканалу «Первый». З 2015 года – у БелаПАН. Пасьля сьмерці заснавальніка агенцтва Алеся Ліпая ў жніўні 2018 г. Наважылаў стаў выканаўцам абавязкаў, а потым і гендырэктарам. У студзені 2021-га Наважылаў звольніўся на ўласнае жаданьне, аднак 18 жніўня да яго прыйшлі зь ператрусам і затрымалі. Падазраваны паводле ч.1 арт. 342 КК, Наважылаў ня выйшаў на волю пасьля трох сутак у ізалятары на Акрэсьціна.
6 кастрычніка 2022 Менскі абласны суд прысудзіў Наважылаву 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньня ў стварэньні і дзейнасьці «экстрэмісцкага фармаваньня» і ў нявыплаце падаткаў.
20 студзеня 2023 году МУС дадала Наважылава ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Дзьмітры працуе ў калёніі ў швейным цэху.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Прысуд: 6 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэкса («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім») і арт. 243 КК (Ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў).
Судзьдзя: Вячаслаў Тулейка.
Сяргей Сацук, журналіст, рэдактар «Ежедневника», за кратамі з 8 сьнежня 2021 году
Аднаго з пачынальнікаў журналістыкі расьсьледаваньняў у Беларусі арыштавалі 8 сьнежня 2021 пасьля вобшуку дома і допыту ў Сьледчым камітэце ў справе паводле артыкула 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманне хабару).
25 сакавіка 2020 года Сацука ўжо затрымлівалі ў гэтай жа справе. Праваабарончыя арганізацыі заявілі тады пра «наяўнасьць палітычнага матыву ў перасьледзе журналіста, накіраванага на прымус да спыненьня або зьмяненьня характару яго дзейнасьці па распаўсюджваньні інфармацыі аб карупцыі». 4 красавіка 2020 генпракурор Беларусі адмяніў рашэньне аб узяцьці пад варту Сяргея Сацука.
У чэрвені 2022 стала вядома, што журналіста вінавацяць яшчэ і ў распальваньні варажнечы (арт. 130 КК) і перавышэньні ўлады альбо службовых паўнамоцтваў (арт. 426 КК). Якіх канкрэтна дзеяньняў рэдактара тычацца абвінавачаньні, невядома.
26 кастрычніка 2022 году Менскі гарадзкі суд прыгаварыў Сяргея Сацука да 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама яму прысудзілі сумарны штраф звыш 28 тысяч рублёў. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, прысуд Сацуку — помста за ягоныя рэзанансныя расьсьледаваньні.
Сяргей Сацук мае даўнія праблемы з сэрцам, яму пажыцьцёва прапісалі прымаць пэўныя лекі. У сьледчых ізалятарах Менску, а потым турмы № 4 Магілёва Сацуку не перадавалі рэцэптурныя прэпараты. У магілёўскай калёніі яму дазволілі перадаваць кардыялягічныя прэпараты. Да таго ж яго перавялі на лягчэйшую працу — журналіст перабірае і сартуе сьмецьце.
Праваабаронцы прызналі журналіста палітвязьнем.
Прысуд: 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкулаў 430 Крымінальнага кодэкса («Атрыманьне хабару»), 130 («Распальваньне варожасьці ці варажнечы»), 426 («Перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў»).
Судзьдзя: Сьвятлана Бандарэнка.
Андрэй Фамін, капірайтар, за кратамі з 26 кастрычніка 2022 году
Андрэй Фамін родам з Магілёва, жыў у Менску. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Працаваў капірайтарам. Суд над ім пачаўся 15 чэрвеня 2023 году. Фаміна вінавацілі ў тым, што ён нібыта быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі самвыдату «Весьнікі», якую праз паўтара месяцы пасьля затрыманьня мужчыны прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Таксама яго абвінавацілі ва ўдзеле ў маршы пратэсту 30 жніўня 2020 году і закліках да санкцый.
Суд над Фаміным пачаўся 15 чэрвеня 2023 году ў Менскім гарадзкім судзе. 21 чэрвеня 2023 году яго асудзілі на сем гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Прысуд вынесла Анжэла Касьцюкевіч.
Фамін сядзеў у СІЗА №1 у Менску. Пасьля прысуду яго перавялі ў турму №4 у Магілёве чакаць апэляцыі, якую прызначалі на 8 верасьня 2023 году. У пачатку кастрычніка 2023 году стала вядома, што Андрэя перавялі ў ПК №17 у Шклове.
29 верасьня 2023 году МУС уключыла Фаміна ў «сьпіс экстрэмістаў». Таксама яго ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» КДБ.
Праваабаронцы прызналі Андрэя Фаміна палітвязьнем.
Прысуд: 7 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле часткі 3 артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Заклікі да санкцый»), часткі 1 артыкулу 342 КК («Удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), часткі 3 артыкулу 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня»).
Судзьдзя: Анжэла Касьцюкевіч.
Аляксандар Ігнацюк, журналіст-фрылянсэр, за кратамі з 18 ліпеня 2023 году
Аляксандар Ігнацюк – журналіст-фрылянсэр з Палесься. У канцы 1990-х і пачатку 2000-х выдаваў незалежную рэгіянальную газэту «Вячэрні Столін», быў яе галоўным рэдактарам. У сьнежні 2003 году Ігнацюка асудзілі за «абразу» былога старшыні Столінскага райвыкнакама Ўладзімера Пашкевіча. Яму далі штраф памерам 30 базавых велічыняў (тады гэта складала каля 230 даляраў). Выхад газэты некалькі разоў прыпыняла Міністэрства інфармацыі. У выніку «Вячэрні Столін» закрыўся. Пазьней Ігнацюк стварыў сайт «Пра Столін». 13 лютага 2024 году сайт stolin.by і асабістую старонку Ігнацюка ў «ВКонтакте» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», раней яго ўжо заблякавалі на тэрыторыі Беларусі.
18 ліпеня 2023 году Ігнацюка затрымалі. Судовы працэс над ім ішоў з 15 сакавіка па 5 красавіка 2024 году ў закрытым рэжыме ў судзе Столінскага раёну. Ігнацюка прызналі вінаватым у арганізацыі пратэстаў у Століне і Менску, «паклёпе на Лукашэнку» і «вымаганьні». Яго асудзілі на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і далі штраф у памеры 200 базавых велічыняў (8 тысяч рублёў).
7 чэрвеня 2024 году Аляксандра ўнесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў».
Праваабаронцы прызналі Аляксандра Ігнацюка палітвязьнем.
Прысуд: 6 гадоў калёніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму паводле частак 1 і 2 артыкулу 208 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Вымаганьне»), часткі 1 артыкулу 342 КК Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»), часткі 2 артыкулу 367 КК Беларусі («Паклёп на Лукашэнку») і штраф у памеры 200 базавых велічыняў (8 тысяч рублёў).
Судзьдзя: Сяргей Насеня.
Антон Казельскі, відэаапэратар АНТ, за кратамі з 12 кастрычніка 2023 году
Антон Казельскі працаваў апэратарам дзяржаўнага тэлеканала АНТ у 2022-2023 гадах. Нейкі час жыў у Расеі, апошнім часам – у Менску. Жанаты, чацьвёра дзяцей. Малодшае дзіця нарадзілася ўжо пасьля затрыманьня бацькі.
Антона затрымалі на працоўным месцы. Са словаў ягонага былога сукамэрніка, апэратара выклікаў на працу калега, папярэдзіў, каб той узяў апаратуру. Казельскага вінавацяць у «закліках да санкцыяў і іншых дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы» і «распальваньні варожасьці». Прычынай маглі стаць камэнтары ў Telegram. Суд над Антонам пачаўся 20 траўня 2024 году ў Менскім гарадзкім судзе. Яго асудзілі на тры гады пазбаўленьня волі. У Вярхоўным судзе 13 жніўня 2024 году разглядзелі апэляцыйную скаргу Казельскага. Прысуд застаўся бязь зьменаў.
30 жніўня 2024 году журналіста ўнесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў» МУС.
Праваабаронцы прызналі Антона Казельскага палітвязьнем.
Прысуд: 3 гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле часткі 3 артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу («Заклікі да санкцыяў і іншых дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы»), часткі 1 артыкулу 130 КК («Распальваньне варожасьці»).
Судзьдзя: Сьвятлана Макарэвіч.
Алесь Сабалеўскі, блогер, фрылянсэр, за кратамі з 12 сьнежня 2023
Алесь Сабалеўскі – былы магілёўскі блогер і журналіст, супрацоўнічаў з шэрагам незалежных рэгіянальных выданьняў. Вёў Youtube-канал пра падзеі культурнага і грамадзкага жыцьця ў Магілёве.
Блогера затрымалі ранкам 12 сьнежня 2023 году ў Магілёве. Яго забралі з працы ў пункце пракату. За некалькі дзён да гэтага прайшла хваля затрыманьняў і ператрусаў у магілёўскіх журналістаў. Іх дапытвалі ў КДБ, калі інфармацыйныя рэсурсы «Магілёў. Меdia» і 6TV Bielarus прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»
Сабалеўскаму спачатку далі 10 сутак арышту, за што – невядома. Потым на яго склалі яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол – за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (артыкул 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях Беларусі). Аднак і пасьля другога адміністрацыйнага арышту 6 студзеня ён ня выйшаў на свабоду.
Паводле вэрсіі тэлеграм-канала Mayday Team, які вядуць магілёўскія журналісты і праваабаронцы, Алеся Сабалеўскага маглі перавесьці ў сьледчы ізалятар.
У студзені 2021-га да Сабалеўскага ўжо прыходзілі з вобшукам. Тады ператрусы правялі ў офісе рэдакцыі інфармацыйнага сайта «Магілёўскі рэгіён» і ў кватэрах шэрагу рэгіянальных журналістаў. Тэхніку, якую забралі падчас ператрусаў, журналістам вярнулі толькі ў кастрычніку 2022 году.
Паводле інфармацыі ад людзей, якія знаходзіліся з Алесем Сабалеўскім у адной камеры ІЧУ ў першыя дні пасьля ягонага затрыманьня, яго білі на допытах, на целе журналіста было відаць гематомы.
Разглядаць справу Алеся Сабалеўскага разам са справай Яўгена Глушкова пачалі 12 ліпеня 2024 году ў Магілёўскім абласным судзе. Алеся прызналі вінаватым ва «удзеле ў вайне ва Ўкраіне», а таксама ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзеле ў ім». Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітры Кранжыеўскі. Прысуд агучылі 31 ліпеня 2024 году. Сабалеўскага асудзілі на 4 гады зьняволеньня.
28 чэрвеня 2024 году Алеся ўнесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў».
Алеся Сабалеўскага прызналі палітвязьнем.
Прысуд: 4 гады калёніі паводле часткі 1 артыкулу 361-3 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Удзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі замежнай дзяржавы без упаўнаважаньня дзяржавай»); часткі 1 артыкулу 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»); часткі 3 артыкулу 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і 8 тысяч рублёў штрафу.
Судзьдзя: Дзьмітры Кранжыеўскі.
Яўген Глушкоў, журналіст, відэаапэратар, за кратамі з 5 студзеня 2024
Яўген Глушкоў – былы магілёўскі журналіст і відэаапэратар. У 1990-я і 2000-я працаваў на гарадзкой тэлевізіі, пасьля супрацоўнічаў зь некалькімі гарадзкімі парталамі.
Глушкоў у апошні раз зьвязваўся са знаёмымі 4 студзеня 2024 году. Пасьля гэтага дома не зьяўляўся, нікому не пісаў, не тэлефанаваў. Знаёмыя мяркуюць, што Глушкова затрымалі 4 або 5 студзеня. Суседзі бачылі, як яго выводзяць міліцыянты. Яўген жыў адзін, кантакты з жонкай і сынам апошнім часам не падтрымліваў. Жонцы сьледчы паведаміў, што Глушкоў пад сьледзтвам. Сілавікі прымусілі Глушкова запісаць відэа, дзе ён кажа, што супрацоўнічаў з інтэрнэт-рэсурсам 6tv.by. Гэтае мэдыя абвешчанае ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем»
У сьнежні 2023 году прайшла хваля затрыманьняў і ператрусаў у магілёўскіх журналістаў. Іх дапытвалі ў КДБ, калі інфармацыйныя рэсурсы «Магілёў. Меdia» і 6TV Bielarus прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
У траўні 2018 году Глушкова аштрафавалі на 735 рублёў (30 базавых) за «выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў MayDay, Глушкова затрымалі штурмам дому, бо ён не адчыніў дзьверы сілавікам. Яго выцягнулі на вуліцу ў адзеньні, у якім ён знаходзіўся дома. Паводле некаторых зьвестак, крымінальную справу завялі за журналісцкую дзейнасьць. Меркаваны артыкул – «Стварэньне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні» (артыкул 361-1 Крымінальнага кодэксу).
Разглядаць справу Яўгена Глушкова разам са справай Алеся Сабалеўскага пачалі 12 ліпеня 2024 году ў Магілёўскім абласным судзе. Яўгена прызналі вінаватым ва «удзеле ў вайне ва Ўкраіне», а таксама ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзеле ў ім». Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітры Кранжыеўскі. Прысуд агучылі 31 ліпеня 2024 году. Глушкова асудзілі на 3 гады зьняволеньня.
Пасьля СІЗА яго перавялі ў турму № 4 у Магілёве, потым — у бабруйскую калёнію. 11 кастрычніка 2024 году Яўгена ўнесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў».
Праваабаронцы прызналі Яўгена Глушкова палітвязьнем.
Прысуд: 3 гады калёніі паводле часткі 1 артыкулу 361-3 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Удзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі замежнай дзяржавы без упаўнаважаньня дзяржавай»); часткі 1 артыкулу 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»); часткі 3 артыкулу 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і 8 тысяч рублёў штрафу.
Судзьдзя: Дзьмітры Кранжыеўскі.
Вольга Радзівонава, журналістка, за кратамі з 7 сакавіка 2024
Вольгу Радзівонаву затрымалі 7 сакавіка 2024 году. Яе ўтрымліваюць у СІЗА № 1. Падчас сьледзтва яе накіроўвалі на псыхіятрычную экспэртызу ў лякарню ў Навінках.
Паводле Генпракуратуры, Радзівонава падрыхтавала для нямецкага выданьня Die Tageszeitung шэраг артыкулаў, у якіх знайшлі «выказваньні, накіраваныя на распальваньне нацыянальнай і сацыяльнай варожасьці, дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь, а таксама паклёп і абразы ў дачыненьні да Лукашэнкі».
Вольгу пачалі судзіць у Менскім гарадзкім судзе 16 лістапада 2024 году. Справу разглядала Вера Галаўкова. 10 сьнежня 2024 году журналістку асудзілі на 4 гады калёніі агульнага рэжыму. Ёй далі штраф у памеры 100 базавых велічынь (4 тысячы рублёў). Таксама з Вольгі спагналі даход, які яна атрымала за напісаньне артыкулаў.
Маці Вольгі больш за 80 гадоў, яна хварэе, патрабуе пастаяннага догляду.
7 сакавіка 2025 году Вольгу ўнесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў».
Вольгу Радзівонаву прызналі палітзьняволенай.
Прысуд: 4 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах калёніі агульнага рэжыму паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэксу («Абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь»), часткі 1 артыкула 130 КК («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або звады»), частак 1 і 2 артыкула 367 КК («Паклёп на прэзыдэнта), артыкула 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).
Судзьдзя: Вера Галаўкова.
Паліна Піткевіч, журналістка, за кратамі з 6 чэрвеня 2024
Паліна Піткевіч скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў 2016 годзе. Пісала на тэмы культуры, спрабавала сябе як літаратарка. У межах конкурсу маладых аўтараў надрукаваны яе твор «Нырэц па пэрліны». Друкавалася ў часопісе «Маладосць». Грала як акторка ў «Лябараторыі сацыяльнага тэатру» ў Менску. Апекавалася бадзяжнымі жывёламі.
Паліну затрымалі 6 чэрвеня 2024 году. Яна знаходзілася ў СІЗА № 1. Міністэрства інфармацыі Беларусі 13 чэрвеня 2024 году ўнесла сайт і сацыяльныя сеткі мэдыяпраекту Media IQ у «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». КДБ Беларусі 18 чэрвеня 2024 году абвесьціў Media IQ «экстрэмісцкім фармаваньнем». Сілавікі назвалі Паліну Піткевіч удзельніцай гэтага мэдыяпраекту.
7 сакавіка 2025 году Піткевіч асудзілі на тры гады пазбаўленьня волі нібыта за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні». Працэс праходзіў у Менскім гарадзкім судзе. Справу разглядала судзьдзя Сьвятлана Чарапанава.
30 траўня 2025 году Паліну Піткевіч унесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў».
Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай.
Прысуд: 3 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах калёніі агульнага рэжыму паводле часткі 3 артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі («удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і буйны штраф.
Судзьдзя: Сьвятлана Чарапанава.
Данііл Палянскі, журналіст, за кратамі з 3 верасьня 2024
Данііл Палянскі — берасьцейскі журналіст, відэаапэратар. Супрацоўнічаў зь дзяржаўнымі і камэрцыйнымі тэлеканаламі, незалежнымі рэгіянальнымі сайтамі. У апошнія гады быў валянтэрам пошукава-выратавальнага атрада «Анёл» у Берасьці.
На пачатку верасьня 2024 году ён езьдзіў у Расею да сваякоў. У дарозе яго спынілі супрацоўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі. Абвінавацілі ў тым, што ён нібыта не падпарадкаваўся і не паказаў дакумэнтаў. Паводле знаёмых Палянскага, у гэты момант пашпарт быў у руках супрацоўніка ФСБ. Калі ён вярнуўся ў Берасьце, яго затрымаў КДБ.
25 ліпеня 2025 году Палянскага ў закрытым рэжыме асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня нібыта за «здраду дзяржаве» і 21 тысячу рублёў штрафу. Яго прызналі прызналі палітвязьнем.
Прысуд: 10 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве») і штраф 21000 беларускіх рублёў.
Судзьдзя: невядома.
Ігар Ільяш, журналіст, за кратамі з 22 кастрычніка 2024
Ігар Ільяш — журналіст, супрацоўнічаў зь беларускімі незалежнымі СМІ. Пра ягонае затрыманьне стала вядома ў кастрычніку 2024 году з праўладных тэлеграм-каналаў. Паводле іх, Ільяша абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкім фармаваньням» — за тое, што даваў інтэрвію незалежным мэдыя, а таксама нібыта «займаўся зборам зьвестак для замежных выведак» — даваў камэнтары ўкраінскім выданьням.
Яго прызналі палітвязьнем.
Раней Ігара затрымлівалі 16 ліпеня 2021 году падчас хвалі ператрусаў у незалежных журналістаў па ўсёй Беларусі. У ягонай кватэры правялі вобшук, забралі тэхніку і кнігі. Журналіста затрымалі ў межах крымінальнай справы. Зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на 10 дзён. Тады Ігар выйшаў на волю 26 ліпеня 2021 году.
Жонка Ігара Ільяша, журналістка Кацярына Бахвалава за кратамі з 15 лістапада 2020 году з палітычных прычын. Яе спачатку асудзілі на 2 гады калёніі, а пазьней — на 8 гадоў і 3 месяцы калёніі.
Суд над Ігарам Ільяшом пачаўся 21 лютага 2025 году ў Менскім гарадзкім судзе. Справу разглядае Сяргей Кацар. 13 сакавіка 2025 году стала вядома, што суд абвесьціў перапынак у разглядзе справы. Аналітычныя публікацыі Ільяша адправілі на экспэртызу. Яе праводзіць доктар філялягічных навук зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Сяргей Лебядзінскі. Суд адхіліў хадайніцтва журналіста, каб экспэртызу праводзілі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспэртызаў.
4 верасьня 2025 году працэс аднавілі. Лебядзінскі ў экспэртызе крытыкаваў словы, якія выкарыстоўваў Ігар Ільяш: «палітзьняволеныя», «палітычная эміграцыя», «вайна супраць Украіны». 16 верасьня Ігару агучылі прысуд: 4 гады калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 4200 рублёў. Вярхоўны суд разглядзеў апэляцыйную скаргу на прысуд Ільяшу 14 лістапада 2025 году. Прысуд пакінулі ў сіле. Ігара ўнесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў» 5 сьнежня 2025 году.
Прысуд: 4 гады калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 4200 рублёў паводле артыкулу 369-1 Крымінальнага кодэксу («Дыскрэдытацыя Беларусі»), часткі 2 артыкулу 361-4 КК («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Судзьдзя: Сяргей Кацар.
Сяргей Чабоцька, уласьнік і рэдактар горадзенскага рэсурсу навінаў s13.ru, за кратамі з 23 кастрычніка 2024
Сяргея затрымалі 23 кастрычніка 2024 году. Тройчы яго асудзілі на 15 дзён арышту ў адміністрацыйных справах нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і за «парушэньне правілаў арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў». 45 дзён арышту меліся скончыцца 7 сьнежня. Пазьней стала вядома, што на Чабоцьку завялі крымінальную справу за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім». Сяргея да суду ўтрымлівалі ў СІЗА горадзенскай турмы № 1.
Сайт s13.ru КДБ 9 сьнежня 2024 году прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем». Партал і ягоныя старонкі ў сацыяльных сетках не абнаўляюцца з 23 кастрычніка.
Паводле матэрыялаў справы, Сяргей Чабоцька «сумесна зь іншымі асобамі стварыў сайт S13 і аднайменныя рэсурсы, дзе публікаваліся заклікі да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу, абраза прадстаўнікоў улады і паклёпніцкія сьведчаньні» у дачыненьні Лукашэнкі. 31 кастрычніка 2025 году яго асудзілі на 3,5 году калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму нібыта за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім».
21 лістапада 2025 году Чабоцьку ўнесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў». З гэтага сьпісу стала вядома, што яго судзілі таксама за «паклёп на Лукашэнку». Пасьля прысуду Чабоцьку перавялі ў калёнію №17 у Шклове.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Прысуд: 3,5 году пазбаўленьня волі паводле артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім») і часткі 2 артыкулу 367 («паклёп на Лукашэнку»).
Павал Дабравольскі, былы журналіст Naviny.by, за кратамі з 22 студзеня 2025
Павал Дабравольскі раней супрацоўнічаў зь незалежнымі выданьнямі. Падчас пратэстаў 2020 году яго затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за прафэсійную дзейнасьць. Увосень 2021 году ён зьехаў зь Беларусі.
У кастрычніку 2024 году, як Дабравольскі напісаў у сваіх сацыяльных сетках, ён вярнуўся ў Беларусь. У студзені 2025 году яго затрымалі. Ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. У кастрычніку 2025 году стала вядома, што Дабравольскага вінавацяць у «здрадзе дзяржаве».
Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, абвінавачаньне зьвязанае з журналісцкімі публікацыямі Дабравольскага. Раней ён працаваў на беларускае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, сярод іншаземных мэдыя – на ўкраінскі часопіс NV.ua.
Увосень 2025 году Паўла перавялі з СІЗА КДБ у СІЗА ў Калядзічах. 3 лютага 2026 году стала вядома, што ягоную крымінальную справу перадалі ў Менскі гарадзкі суд. 27 лютага 2026 году ў Менскім гарадзкім судзе пачаўся суд над Дабравольскім. Ён праходзіў у закрытым рэжыме. 9 сакавіка стала вядома, што Паўла асудзілі на 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «Здраду дзяржаве». Як паведаміла выданьне «Позірк», абвінавачаньне было зьвязанае з прафэсійнай дзейнасьцю журналіста падчас масавых акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Прысуд: 9 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»).
Алег Хаменка, музыка, радыёвядоўца, за кратамі з 25 чэрвеня 2025 году
Алег Хаменка – музыка, лідэр гурту «Палац», радыёвядоўца, прамоўтэр беларускай музыкі праз радыё, стваральнік фолк-мадэрну – новага кірунку ў сучаснай беларускай музыцы. Яго затрымалі 17 чэрвеня 2025 году ў Менску. У ягонай кватэры правялі ператрус. Спачатку на яго склалі адміністрацыйны пратакол і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна ў Менску.
У пачатку ліпеня стала вядома, што супраць Хаменкі пачалі крымінальную справу за «Спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і перавялі ў сьледчы ізалятар № 1 у Калядзічах. Падставай для абвінавачаньня стала супрацоўніцтва з «Радыё Рацыя», якое ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». 19 лютага 2026 году пачаўся суд над Хаменкам у Менскім гарадзкім судзе. 4 сакавіка 2026 году яго асудзілі на 3 гады зьняволеньня.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Прысуд: 3 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах калёніі агульнага рэжыму паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу («Спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і штраф больш за 20 тысяч рублёў.
Яніна Пазьняк, дачка палітзьняволенага журналіста, за кратамі з 4 верасьня 2025 году
Яніна Пазьняк – дачка палітзьняволенага журналіста Кірылы Пазьняка. Яе затрымалі разам з бацькам. Яніна спачатку знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрыманьня, празь некалькі дзён яе перавялі ў сьледчы ізалятар № 1.
Супраць Яніны завялі крымінальную справу за «ўзаемадзеяньне з экстрэмісцкім фармаваньнем». У дзень, калі яе з бацькам затрымалі, 4 верасьня 2025 году, Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі абвясьціў «экстрэмісцкім фармаваньнем» YouTube-канал «Платформа 375» і назваў Кірылу Пазьняка яго «арганізатарам».
Праваабаронцы прызналі Яніну Пазьняк палітзьняволенай 23 студзеня 2026 году.
Абвінавачаньне: дакладна невядомае
Кірыла Пазьняк, журналіст, за кратамі з 4 верасьня 2025 году
Кірыла Пазьняк быў адным зь вядоўцаў дэбатаў паміж праўладнымі прапагандыстамі і іх апанэнтамі, якія вымушана зьехалі з краіны. Дэбаты праходзілі на Youtube-канале «Плятформа 375» у 2021-2022 гадах. Апошні эфір адбыўся 3 сьнежня 2022 году з удзелам супрацоўніка СТБ Рыгора Азаронка і «СБ. Беларусь сегодня» Юрыя Цераха – у Менску, а таксама сузаснавальніка арганізацыі былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol Алега Талерчыка і шоўмэна Дзяніса Дудзінскага – у Варшаве. Яго вёў Пазьняк.
Youtube-канал «Плятформа 375» 4 верасня 2025 году Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем». У гэты ж дзень затрымалі Кірылу Пазьняка. Пазьней акаўнты Пазьняка ў TikTok дадалі ў «экстрэмісцкі сьпіс».
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Абвінавачаньне: дакладна невядомае
Андрэй Пакаленка, намесьнік дырэктара газэты «Інтэкс-прэс», кіраўнік парталу навін BAR24, за кратамі з 3 сьнежня 2024 году
Андрэй Пакаленка працаваў намесьнікам дырэктара па разьвіцці незалежнай баранавіцкай газэты «Intex-press» з 1996 году. 29 красавіка 2023 году Баранавіцкая раённая пракуратура прызнала сайт і сацыяльныя сеткі Intex-Press «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Пасьля ліквідацыі газэты Пакаленка разам з калегам Уладзімерам Янукевічам стварылі баранавіцкі партал навін BAR24, дзе працаваў былы калектыў Intex-press. У студзені 2025 году сайт bar24.by перастаў адкрывацца.
Пакаленку затрымалі 3 сьнежня 2024 году, у гэты ж час затрымалі яшчэ шэсьць супрацоўнікаў Intex-press. Суд над Пакаленкам і ягоным паплечнікам Уладзімерам Янукевічам пачаўся ў Берасьцейскім абласным судзе 3 лютага 2026 году. Сутнасьць абвінавачаньня невядомая. 26 лютага 2026 году яму агучылі прысуд – 12 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
У жніўні 2025 году яшчэ чатырох журналістаў BAR24 асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», імаверна, на «хатнюю хімію».
Праваабаронцы прызналі Пакаленку палітвязьнем.
Прысуд: 12 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах калёніі агульнага рэжыму паводле артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве») і 45 тысяч рублёў штрафу.
Уладзімер Янукевіч, дырэктар «Інтэкс-прэс», кіраўнік парталу навін BAR24, за кратамі з 3 сьнежня 2024 году
Уладзімер Янукевіч працаваў дырэктарам і галоўным рэдактарам незалежнай баранавіцкай грамадзка-палітычнай газэты-штотыднёвіка «Intex-press» з 1996 году. Янукевіча двойчы судзілі і штрафавалі па адміністрацыйных справах за публікацыю інтэрвію з Сьвятланай Ціханоўскай у 2021 годзе. У лютым 2023 году ў «Выдавецкім доме «Інтэкс-прэс»» прайшоў ператрус. 29 красавіка 2023 году Баранавіцкая раённая пракуратура прызнала сайт і сацыяльныя сеткі Intex-Press «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Пасьля ліквідацыі газэты Янукевіч разам з калегам Андрэем Пакаленкам стварылі баранавіцкі партал навін BAR24, дзе працаваў былы калектыў Intex-press. У студзені 2025 году сайт bar24.by перастаў адкрывацца.
Янукевіча затрымалі 3 сьнежня 2024 году, у гэты ж час затрымалі яшчэ шэсьць супрацоўнікаў «Intex-press». Суд над Янукевічам і ягоным паплечнікам Андрэем Пакаленкам пачаўся ў Берасьцейскім абласным судзе 3 лютага 2026 году. Сутнасьць абвінавачаньня невядомая. 26 лютага 2026 году яму агучылі прысуд – 14 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
У жніўні 2025 году яшчэ чатырох журналістаў BAR24 асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», імаверна, на «хатнюю хімію».
Праваабаронцы прызналі Янукевіча палітвязьнем.
Прысуд: 14 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах калёніі агульнага рэжыму паводле артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве») і 135 тысяч рублёў штрафу.