Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шчырых прыхільнікаў улады там ня больш за дзясятак». Звольненая зь Мінкульту чыноўніца далучылася да каманды Латушкі


Павал Латушка і Натальля Задзяркоўская
Павал Латушка і Натальля Задзяркоўская

Адказнай за пытаньні культуры і нацыянальнай спадчыны ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве стала Натальля Задзяркоўская. У інтэрвію Свабодзе яна расказала, чаму далучылася да каманды Паўла Латушкі і якія яе задачы ў НАК.

«Дзень, калі мяне звальнялі, быў вельмі радасным момантам»

У Міністэрства культуры Натальля Задзяркоўская трапіла пасьля 12 гадоў працы ў Нацыянальнай бібліятэцы. Міністрам культуры ў той час акурат быў Павал Латушка. Спачатку яна была куратаркай бібліятэк. А пазьней узначаліла ўпраўленьне культуры і народнай творчасьці.

«Я адпрацавала там амаль 9 гадоў. Звольнілі мяне ў студзені сёлета. Празь некалькі тыдняў пасьля прыходу ў Мінкульт новага міністра Анатоля Маркевіча ён выклікаў мяне да сябе. Ён сказаў, што, паводле нейкіх зьвестак, мае погляды не адпавядалі дзяржаўнай ідэалёгіі. Гэта быў вельмі радасны для мяне момант, бо гэтай размовы я чакала амаль ад жніўня мінулага году, пасьля таго, як я, мой намесьнік і яшчэ шэраг калегаў паставілі подпіс супраць гвалту і за новыя выбары», — расказвае Натальля.

На знак салідарнасьці са звольненымі — Натальляй і яе намесьнікам — з упраўленьня культуры і народнай творчасьці сышлі яшчэ два супрацоўнікі. То бок упраўленьне страціла чатырох зь пяці чалавек. Шчырых прыхільнікаў цяперашняй улады ва ўсім міністэрстве, паводле Задзяркоўскай, ня больш за дзясятак чалавек.

«Шмат людзей пайшлі зь міністэрства, бо не змаглі зь ім працаваць»

Міністар Маркевіч да прыходу ў міністэрства ў сфэры культуры не працаваў. Раней ён быў памочнікам Лукашэнкі — інспэктарам па Берасьцейскай вобласьці. Да лютага 2019 году ён узначальваў Наваградзкі райвыканкам, а яшчэ раней быў старшынём райсавету, намесьнікам старшыні райвыканкаму, дырэктарам школы, настаўнікам. Паводле Задзяркоўскай, супрацоўнікаў міністэрства гэта не задавальняе.

Анатоль Маркевіч
Анатоль Маркевіч

«Мае былыя калегі адчуваюць сябе не ў сваёй талерцы са спадаром Маркевічам. З той прычыны, якую я ўжо агучыла, звольнілі мяне і майго намесьніка. Але шмат людзей пайшлі зь міністэрства, бо не змаглі зь ім працаваць з розных іншых прычынаў. Для яго чалавечы рэсурс, досьвед, прафэсіяналізм, на маю думку, значаць няшмат. Для яго галоўнае — чысьціня шэрагаў, ідэалягічная ў першую чаргу. Я зь ім працавала недзе месяц. Мне Маркевіч запомніцца шматлікімі працоўнымі нарадамі. Некаторыя працягваліся нават звыш 8 гадзін. У асноўным размаўлялі пра пытаньні ідэалёгіі».

«Сёлета выйшла даручэньне, каб да пачатку 2022 году скараціць 20% штатных адзінак»

Натальля Задзяркоўская кажа, што не шкадуе аб працы ў міністэрстве, бо там яна сустрэла шмат цікавых людзей і, паводле яе, яна не была задзейнічаная ў арганізацыі дзяржаўных спэцыяльных мерапрыемстваў і працы з «чорнымі сьпісамі». Яе заняткам было разьвіцьцё музэяў, фэстываляў народнай творчасьці, падтрымка фальклёру.

Галоўнай перашкодай, якая стрымлівае разьвіцьцё культуры ў Беларусі і якая сыходзіць ад Мінкульту, Натальля Задзяркоўская называе цэнзуру. І толькі пасьля гэтага яна дадае недафінансаваньне і плянавыя паказьнікі.

«За часы так званай стабільнасьці сетка ўстановаў культуры, менавіта тыя, якія ў сельскай мясцовасьці, бібліятэкі, клюбы, паводле экспэртаў, скарацілася на 25%. Гэта было паступова, але былі пэрыяды, калі ўсё было вельмі жорстка, 2013–2014 гады. А сёлета выйшла даручэньне, каб да пачатку 2022 году скараціць 20% штатных адзінак, то бок кожнага пятага».

У Мінкульце Задзяркоўская працавала пры Латушку і яшчэ трох міністрах. Паводле яе, Міністэрства культуры пры Латушку і наступных кіраўніках — гэта розныя ўстановы.

«Гэта розныя зьявы. Пры Паўлу Паўлавічу было складана, але быў рух, былі ідэі, ініцыятыва ішла ад міністэрства ў тым ліку. І ад людзей, якія прыходзілі да міністэрства. Можна па-рознаму працаваць на любой пасадзе і захаваць сябе, тады і праца будзе мець вынік на любой пасадзе».

«На прапагандысцкія мерапрыемствы існуюць цяжкасьці з пошукам зорак»

Ужо больш за месяц Натальля Задзяркоўская жыве ў Варшаве, дзе далучылася да каманды Паўла Латушкі. Рашэньне пра выезд, як сама кажа, прымалася вельмі цяжка.

«Я ніколі ня думала, што калісьці зьеду з краіны. Але заставацца ў Беларусі ў мяне не атрымлівалася. Як і многія іншыя, я не змагла заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца. Гэта было вельмі цяжка маральна. Я разумела, што ў тым стане, у якім я была, я практычна нічога не змагу там зрабіць. Нават калі са жніўня я была вымушаная недзе прамаўчаць, то больш не магла. Да гэтага дадалося асабістае пытаньне сына, які быў вымушаны зьехаць за мяжу яшчэ ў сьнежні».

У Народным антыкрызісным кіраўніцтве Задзяркоўская плянуе працягваць тое, чым займалася на сваёй пасадзе ў міністэрстве, але «з больш станоўчым вынікам».

«Досьвед і веды ёсьць. Буду працаваць на новую Беларусь. Будзем супрацоўнічаць з Фондам культурнай салідарнасьці. Мы будзем інфармаваць міжнародную супольнасьць, такія арганізацыі, як UNESCO, аб тым, што адбываецца ў Беларусі, і выкарыстоўваць усе мэханізмы, каб дапамагчы людзям. У бліжэйшым часе мы апублікуем праграму НАК па сфэры культуры, там ужо больш дакладна, пасьлядоўна і сыстэмна будзе ўсё выкладзена».

Задзяркоўская ўдзельнічала ў стварэньні кодэксу «Аб культуры». У камандзе Паўла Латушкі яна зоймецца распрацоўкай рэформы сфэры культуры.

«Яна ня будзе такой маштабнай, як гэта патрабуецца для сыстэмы ўнутраных справаў. У нас ёсьць умовы, але трэба даць людзям свабоду слова, творчага самавызначэньня, свабоду зарабляць грошы. А пакуль трэба дапамагаць рэпрэсаваным творцам і супрацьстаяць намаганьням улады выкарыстоўваць установы культуры для сваёй прапаганды. Але скажу такую рэч, што на прапагандысцкія мерапрыемствы існуюць цяжкасьці з пошукам зорак. Гэта ўсё тыя самыя прозьвішчы з канцэрту ў канцэрт».

З другога боку, Задзяркоўская ўражаная тым, як творча сябе праявілі беларусы падчас пратэстаў і які штуршок атрымала пратэставае мастацтва.

«Мы кожны год рабілі справаздачы аб аматарскіх аб’яднаньнях, і ў нас заўсёды іх не хапала, бо людзі неяк не аб’ядноўваліся. Мы не разумелі прычын і прыдумлялі іх для справаздач. А тут людзей ніхто не прымушаў ісьці, яны пайшлі самі і праявілі сябе такімі творамі... У будучай Новай Беларусі для маладых культуролягаў будзе шмат навуковай працы, каб паглядзець, як у Беларусі адбываўся штуршок для крэатыўнай культуры».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG