Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслаў Ракіцкі: «Сёньня хіба што найгоршы час для тэатраў»


Вячаслаў Ракіцкі

«Беларускі тэатар на скрыжаваньні лёсаў і эпох» — так называецца новая кніга Вячаслава Ракіцкага. У выданьні на 520 старонках сабраныя матэрыялы больш як саракагадовай дзейнасьці аўтара ў галіне тэатразнаўства і тэатральнай крытыкі. Мы пагаварылі з Вячаславам Ракіцкім пра мінуўшчыну, сучаснасьць і будучыню беларускага тэатру.

Новая кніга Вячаслава Ракіцкага
Новая кніга Вячаслава Ракіцкага

— Ваша кніга поўная знакаў. Узяць хоць бы самы першы тэкст. Гэта рэцэнзія на спэктакль «Раскіданае гняздо» на купалаўскай сцэне. Чаму менавіта зь яго вы пачалі свой расповед пра беларускі тэатар на скрыжаваньні лёсаў і эпох?

— Калі азіраесься ў мінулае, спрабуеш выстраіць з калісьці напісанага, сказанага табой лягічны ланцужок разьвіцьця падзеяў, тым больш з хай і невялікай, але ўсё ж прэтэнзіяй на гістарызм. Тады натуральным чынам выбіраеш падзеі цэнтральныя, значныя, ці, як вы зазначылі, знакавыя. Вы не памыляецеся, я акцэнтаваў у гэтай кнізе менавіта знакавыя зьявы. А распачаў я кнігу менавіта з гэтага спэктакля, па-першае, таму, што ўжо тады гэты спэктакль ацэньваўся як выбітны. І сёньня, праз амаль паўстагодзьдзя, я лічу тую пастаноўку вялікай п’есы Янкі Купалы найвялікшым дасягненьнем беларускай сцэны і з гледзішча глыбіні аналізу народнага лёсу, і з гледзішча рэвалюцыйнага прарыву на сцэну новай эстэтыкі, адыходу ад побытавага, ці псэўдапсыхалягічнага, тэатру і пераходу да мэтафарычнай, вобразнай мовы. Другая прычына зьвязаная ўласна з маім досьведам крытыка, які і пачаўся з аналізу гэтага выбітнага спэктаклю. Тая рэцэнзія была ўвогуле самай першай у маёй творчасьці. Магчыма, той спэктакль паўплываў на тое, што я з журналіста паводле базавай адукацыі пачаў перакваліфікоўвацца ў тэатральнага крытыка і далей у тэатразнаўца.

«Раскіданае гняздо» Купалы — Луцэнкі так уразіла мяне, што і выбар тэмы дысэртацыі вызначыла: «Эвалюцыя жанру народнай драмы ў беларускім тэатры». Так, адлюстраваньне народнага лёсу ў тэатры і сцэнічная прырода жанру народнай драмы сталі маімі галоўнымі навуковымі прыярытэтамі. І ў загаловак гэтай кнігі я ўключыў назву той рэцэнзіі. У той першай, амаль вучнёўскай, публікацыі я нібыта прадвызначыў свой наступны шлях крытыка і тэатразнаўцы — шлях, які мне лёсам было наканавана прайсьці ў дзьвюх эпохах: камуністычнай і посткамуністычнай, у часах, калі Беларусь была ў складзе злавеснай імпэрыі СССР і калі яна вярнула сабе незалежнасьць. Гэтае скрыжаваньне вызначыла лёсы і самога тэатральнага мастацтва, і людзей, якія ім займаліся.

— Невыпадковым бачыцца і тое, што кніга, пачаўшыся з разгляду пастаноўкі знакавай п’есы Купалы, зробленай Барысам Луцэнкам, заканчваецца разьвітальнай рэфлексіяй з маэстра, з адыходам якога скончылася, паводле вашых словаў, глыбокая і яскравая эпоха беларускага тэатру. Выглядае, што ў лютым 2020 году, калі памёр славуты рэжысэр, вы ўжо прадчувалі надыход нейкіх няясных, але эпахальных пераменаў. І ня толькі на тэатральных падмостках. Ці так гэта?

— Эпоха для тэатру вымяраецца як самім часам і месцам, у якім і дзе ён існуе, так і асобамі, якія яго ствараюць: вызначаюць тэматычныя прыярытэты, фармуюць эстэтыку, якая дамінуе працяглы пэрыяд. Гэты пэрыяд, як правіла, роўны творчаму адрэзку жыцьцяў майстроў і створаных імі калектываў. Тыя практычна паўстагодзьдзя разьвіцьця беларускага тэатру, якія я збольшага занатаваў у сваіх крытычных і тэатразнаўчых публікацыях, вызначыла вельмі таленавітая плеяда рэжысэраў, якая ў недалёкія ад сёньня гады або паступова пакідала гэты сьвет, або іх выкідвалі з прафэсіі. Барыс Іванавіч Луцэнка быў апошнім і ці не найвялікшым зь іх. Апроч таго, што ён стварыў шэраг шэдэўраў нацыянальнага беларускага рэпэртуару — «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, «Зацюканы апостал» Андрэя Макаёнка — у Купалаўскім тэатры; «Пайсьці і не вярнуцца» паводле Васіля Быкава, «Вяртаньне ў Хатынь» паводле Алеся Адамовіча — у Горкаўскім тэатры; ён ператварыў Дзяржаўны рускі тэатар БССР імя М. Горкага ў сапраўдны эўрапейскі тэатар. Той тэатар, хай і меў у назове прыметнік «рускі», зусім не зацыкліваўся на расейскім рэпэртуары. У ім ішла вялікая сусьветная драматургія — «Макбэт» Уільяма Шэксьпіра, «Трагедыя чалавека» Імрэ Мадача, «Трохграшовая опэра» Бертольда Брэхта, «Салодкагалосая птушка юнацтва» Тэнэсі Ўільямса... Адпаведнай новаму часу, новым тэндэнцыям разьвіцьця сусьветнага тэатру была і эстэтыка тых спэктакляў.

Сёньня ж у назове тэатру імя М. Горкага няма больш прыметніка «рускі», затое зьявілася ганаровае званьне «Нацыянальны». Але і рэпэртуар, дзе ганарацца цьвілай «Ханумой» ці безгустоўнымі «Знойнымі мамачкамі», і мастацкі ўзровень спэктакляў больш адпавядаюць нейкаму правінцыйнаму, чым Нацыянальнаму і сталічнаму беларускаму тэатру.

Я шчасьлівы, што мой век як тэатральнага крытыка і тэатразнаўцы прыпаў на час, калі беларускі тэатар стваралі Барыс Луцэнка, Валеры Раеўскі, Валеры Масьлюк, Валеры Мазынскі, Юры Міроненка, Мікалай Пінігін. Што тычыцца Пінігіна, дык менавіта яму лёсам наканавана было паставіць апошнюю кропку ў той эпосе разьвіцьця нацыянальнай сцэны, якую я занатаваў у гэтай кнізе. І зноў было зусім не прадказальным, а мо і містычным, што здарылася гэта ў векавы юбілей галоўнай драматычнай сцэны краіны. І сёньня ўжо наш тэатар, як і краіна, грамадзтва апынуліся не на скрыжаваньні, а на раздарожжы...

— Апошняя ваша публікацыя, уключаная ў кнігу замест пасьляслоўя, датаваная 11 красавіка 2020 году. Гэта ваш асабісты рэйтынг трыццаці найлепшых спэктакляў на беларускіх сцэнах з 1970-х да нашых дзён. На першым месцы — «Раскіданае гняздо» ў пастаноўцы Барыса Луцэнкі ў тэатры імя Я.Купалы ў 1972 годзе. І тут таксама бачыцца нейкі ваш прагноз-прысуд беларускаму тэатру. Экспэрымэнты, навацыі, пошукі — гэта цудоўна, але найлепшае ўжо было. Ці мы памыляемся?

— Што да даты, то гэта не зусім так. Свой рэйтынг, датаваны 11 красавіка 2020 году, я вынес у пасьляслоўе. Асноўная ж частка кнігі завяршаецца публікацыяй у «Нашай ніве» 14 верасьня летась рэцэнзіі на спэктакль Гомельскага гарадзкога моладзевага тэатру «Дзядзька Ваня» Антона Чэхава. Прэм’ера адбылася ў жніўні ў разгар пандэміі і незадоўга да выбуховых грамадзка-палітычных падзеяў у нашай краіне. Гэта быў апошні спэктакль, які я паглядзеў у тэатрах Беларусі.

Прагноз-прысуд?.. Ня думаю, што я яго паставіў ці меў на мэце яго паставіць. Я проста са сваёй званіцы падсумаваў тую тэатральную эпоху, у якую я жыў і якая, гэта маё перакананьне, завяршылася. Завяршылася зноў жа ў знакавым, шмат у якіх сэнсах, 2020 годзе.

Сёньня хіба што найгоршы час для працы тэатраў. Пасьля пандэміі і ў новай Беларусі, у якую я веру, нічога ня будзе ўжо так, як раней. Гэта будзе новая, іншая эпоха. Мы ўсе ўжо становімся іншымі. Іншым будзе і тэатар. І ў глябальным сэнсе, і ў нашым, нацыянальным. Ці будзе ён лепшым?.. Ён будзе адпаведным свайму часу. І ў ім абавязкова будзе нешта такой жа высокай якасьці, як «Раскіданае гняздо» ці «Макбэт», ці «Тутэйшыя». Але дзеля гэтага тэатры сёньня не павінны страціць тое, што іх зьвязвае з традыцыяй. А званочак гэтай небясьпекі ўжо зазьвінеў.

— Сваю кнігу вы аддалі ў друк ужо ў часе падзеяў, якія радыкальна зьмянілі ня толькі грамадзка-палітычны, але і культурны, у тым ліку і тэатральны, ляндшафт. Але пра гэта ў кнізе няма ні слова. Вы сьвядома абышлі маўчаньнем такую вялікую бяду, як зьнішчэньне тэатру імя Янкі Купалы? І што вы думаеце пра будучы ягоны лёс і творчыя пэрспэктывы былых купалаўцаў?

— На той момант кніга ўжо была гатовая. У ёй стаяла кропка, вялася толькі папярэдняя тэхнічная праца з выдавецтвам. Кніга завяршалася сапраўды знакавымі падзеямі і круглымі датамі: 2020 год, 100-годдзе Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы, разьвітаньне з галоўнымі дзейнымі асобамі нашай тэатральнай эпохі... І ў гэты момант сцэнічнае мастацтва і ўвогуле ўсю беларускую культуру спасьцігла, як вы кажаце, вялікая бяда. На нейкі момант у мяне мільганула думка: а мо дапісаць яшчэ адзін разьдзел? Але пра што? Проста канстатаваць факт сыходу бальшыні трупы з Тэатру? Падзяліцца для гісторыі ўласнай рэфлексіяй таго моманту? Для кнігі гэтага мала. Катастрофа, а інакш зьнішчэньне Купалаўскага тэатру і вызначыць не магу, патрабуе ўдумлівага, усебаковага аналізу, каб і ў мяне не перамагла эмоцыя, як гэта здарылася са многімі. На гэты момант я магу толькі канстатаваць сваю, на вялікі жаль, не аптымістычную думку: Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы сёньня няма. Тэатар — гэта трупа, якая мэтанакіравана фармуецца дзесяцігодзьдзямі, гэта мастацкае кіраўніцтва, якое складае і рэалізуе праграму тэатру з улікам яго традыцыяў і пэрспэктывы. Загадамі чыноўнікаў, а яны ў нас далекаватыя ад мастацтва, тэатар не адновіш.

Час ляціць, і чым болей мы аддаляемся ад жніўня 2020 году, тым больш ілюзорнымі становяцца нашы надзеі на адраджэньне гэтай вялікай яшчэ нядаўна сцэны. Нават калі настане момант вяртаньня, ці ўсе са звольненых купалаўцаў змогуць гэта зрабіць? А ў якой творчай форме будуць тыя, хто вернецца, ці не «растрэніруюцца» яны за час прастою? Ці сам Мікалай Пінігін будзе гатовы вярнуцца? А што рабіць з тымі новымі акторамі, якія ўжо занялі ці зоймуць вакансіі ў трупе? А да іх могуць дадацца яшчэ і новыя рэжысэры... Страчаны ўжо амаль год, і ніхто сёньня ня дасьць вам уцямнага адказу пра пэрспэктыву купалаўцаў. А тое, што Тэатар імя Янкі Купалы быў зьнішчаны акурат у 2020 годзе — нечаканае і моцнае пацьверджаньне маёй тэзе, што завяршылася цэлая тэатральная эпоха.

— «Гэтая кніга — мая памяць пра тэатар, зь якім я пражыў ледзь не паўстагодзьдзя», — напісалі вы ў прадмове, якая так і называецца — «Мая памяць пра тэатар». І гэтым адмысловым азначэньнем жанру кнігі ад пачатку надалі ёй адпаведную настраёвасьць. Позірк аўтара ў мінуўшчыну перадаецца й чытачу, у якога ўзьнікае заканамернае пытаньне: «Дык што, беларускі тэатар увогуле ня мае будучыні?»

Але завяршаць нашу гаворку на такой пэсымістычнай ноце ня хочацца. Таму дазвольце іншае пытаньне. Куды, у які тэатар ходзіць цяпер аўтар кнігі? І што раіць паглядзець шараговым тэатралам?

— Пэсымізму няма. А настраёвасьць кнігі палягае, як мне здаецца, у натуральнай настальгічнасьці. Беларускі тэатар, як і тэатар кожнага з народаў, мае сваю гісторыю і сваю будучыню. Тэатар, як і чалавецтва, навучыўся пераадольваць крызісы. Праўда, трапляючы ў крызісныя станы, заўсёды шмат што губляецца. Што да нацыянальных мастацтваў, дык трэба заўсёды думаць, як ня страціць традыцыю, дбаць пра пераемнасьць, ня зьнішчаць назапашанае. Калі яны страчваюцца, вось тады надыходзіць катастрофа.

Што да вашага канкрэтнага пытаньня, адказваю, што я даўно нікуды не хаджу. Стараюся, наколькі гэта магчыма, захоўваць эпідэмічны рэжым, берагчы сябе, сваіх блізкіх і іншых людзей. У бальшыні краінаў сьвету тэатры ўжо другі год ці цалкам не працуюць для публікі, ці працуюць толькі ў онлайн-рэжыме, ці адчыняліся і тут жа зачыняліся, ці працуюць пры абмежаванай запаўняльнасьці заляў. Заможныя краіны дапамагаюць тэатрам і творцам матэрыяльна. У Беларусі ж ня толькі што няма ніякай дапамогі, дык улады яшчэ патрабуюць ад дзяржаўных тэатраў выконваць пляны па пастаноўках, колькасьці спэктакляў, гледачоў. Аб прыватных ініцыятывах увогуле гаварыць нельга, яны для дзяржавы як бы і не існуюць. Я ведаю нямала выпадкаў, калі артысты хварэлі на ковід, ды і самай першай афіцыйна абвешчанай ахвярай страшнай хваробы стаў менавіта актор.

Тэатры ня маюць выбару. Мы ж, гледачы, выбар маем. Таму я сваё наведваньне тэатраў паставіў на паўзу, хоць за працэсам сачу праз водгукі ў прэсе, праз тэлефонныя размовы зь людзьмі тэатру. Занатоўваю, на якія спэктаклі мушу пайсьці найперш, як толькі гэта стане магчымым. Першымі ж у Менску будуць спэктаклі ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі («Калека з вострава Інішман» Марціна Макдонаха ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева) і ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек («Запіскі юнага лекара» паводле Міхаіла Булгакава ў пастаноўцы Яўгена Карняга).

Вячаслаў Ракіцкі — беларускі тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык, пэдагог, шматгадовы аўтар Радыё Свабода.

Нарадзіўся ў 1953 годзе ў мястэчку Празарокі на Глыбоччыне. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтру і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Аўтар дзьвюх кніг — «Беларуская Атлянтыда» і кнігі «Сто адрасоў Свабоды». Адзін з аўтараў трохтомнага акадэмічнага выданьня «Гісторыя беларускага тэатру», зборніка перакладаў драматургіі Славаміра Мрожака «Дом на мяжы». Напісаў некалькіх сотняў мастацтвазнаўчых і крытычных артыкулаў. Сумесна з Андрэем Куцілам на замову тэлеканала «Белсат» зьняў дакумэнтальныя фільмы «Даволі! Да Волі...», «Каханьне па-беларуску», «Выбар Саньнікава», «Дарога Статкевіча», дакумэнтальныя тэлесэрыялы «Сьцяна», «Краты», «Пераемнікі». Ляўрэат шэрагу міжнародных кінафэстываляў.

Працаваў у Беларускім тэатры юнага гледача, Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Нацыянальнай акадэміі навук, на Беларускім тэлебачаньні, у газэце «Культура». Быў галоўным рэдактарам часопісу «Спадчына». Выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў, Беларускім унівэрсытэце культуры, Інстытуце сучасных ведаў, Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG