Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі ідэалёгія замяніла культуру». Стваральнікі ўнікальнага гомельскага тэатру пасьля перасьледу зьехалі ў Варшаву


Андрэй і Алеся Бардухаевы-Арлы
Андрэй і Алеся Бардухаевы-Арлы

Стваральнікі прыватнага гомельскага тэатру Team Theatre акторы Андрэй і Алеся Бардухаевы-Арлы першыя ў Беларусі паставілі спэктакль для невідушчых дзяцей. Яны прыцягвалі да пастановак невідушчых актораў, рабілі інклюзіўныя балі для людзей з інваліднасьцю. Аднак пасьля падтрымкі пратэстаў летась вымушаныя былі зьехаць з Беларусі.

Чым вядомыя Бардухаевы-Арлы

Андрэй і Алеся скончылі Акадэмію мастацтваў і прысьвяцілі сваё жыцьцё тэатру. Працавалі ў Гомельскім моладзевым тэатры. Пасьля скандалу з ідэолягам Віталем Атаманчуком вымушаны былі пакінуць яго. Стварылі свой Team Theatre. Ладзілі атмасфэрныя спэктаклі, спэктаклі-паглыбленьні, спэктаклі-прысутнасьці, спэктаклі-канцэрты.

На вершы Ўладзімера Караткевіча Андрэй Бардухаеў-Арол разам са Зьмітром Вінаградавым стварылі пранізьлівы кліп REQUIEM.

У 2018 годзе яны першыя ў Беларусі пры падтрымцы Velcom паставілі спэктакль для невідушчых дзяцей. Гледачам было прапанавана заплюшчыць вочы — каб людзі з асаблівасьцямі і «звычайныя» маглі нароўні ўспрымаць пастаноўку.

Team Theatre ладзіў унікальныя інклюзіўныя балі, у якіх бралі ўдзел да 150 чалавек. Гэта людзі з асаблівасьцямі зроку, слыху, інваліды-вазочнікі.

Пасьля падтрымкі леташніх пратэстаў гомельскія ўлады звольнілі сужэнцаў зь Беліцкага дому культуры і пазбавілі пляцоўкі за «актыўную грамадзянскую пазыцыю, за рэпост вершаў Купалы, за падтрымку купалаўцаў, за тое, што мы супраць гвалту». Пасьля пачалі паступаць намёкі і пагрозы.

«Людзі, ня згодныя з уладай, ня маюць права карыстацца нейкімі дабротамі»

Андрэй, Алеся і іх малодшы 12-гадовы сын цяпер у Варшаве. Зьехалі, бо заставацца ў Беларусі было небясьпечна.

«Нас папярэдзілі, што нехта з нас мае рэальную магчымасьць сесьці за пратэсты і ўсё, што зь імі зьвязана. Падрабязнасьці я раскажу пазьней, калі прыйдзе час. Трэба было хутка зьбірацца і ехаць. Мы ехалі са сьлязьмі і рыданьнямі, але не было адчуваньня, што мы можам нешта страціць, апроч свабоды», — дзеліцца дырэктар Team Theatre Андрэй Бардухаеў-Арол.

Адзінае, ён моцна шкадуе людзей з інваліднасьцю, якія актыўна ўдзельнічалі ў тэатральных праектах. Але Андрэй кажа, што пакінулі іх у надзейных руках.

Страта пляцоўкі, тэатру, працы — стан ня новы для Бардухаевых-Арлоў. Бо яшчэ ў 2016 годзе прайшлі праз гэта.

«Мы маем досьвед супрацьстаяньня з ідэалёгіяй, але нават няма ніякага жаданьня вяртацца ў думках у 2016 год і ўспамінаць той канфлікт. Быў момант, калі ідэолягі забаранілі нават згадваць нашы прозьвішчы. Але мы стварылі свой тэатар — і пра нас пачалі пісаць сталічныя выданьні. Бо гэта былі ўнікальныя праекты і спэктаклі. Нам нават далі памяшканьне ў ДК „Беліцкі“, працу і заробак... 180 рублёў. Як мы жылі? Алеся рабіла сайты, я розныя „халтуры“», — успамінае Андрэй.

Пасьля актыўнага ўдзелу ў пратэстах памяшканьне ў ДК «Беліцкі» у іх забралі і пазбавілі працы. «Нам так патлумачылі: „Людзі, якія не падтрымліваюць дзейную ўладу, ня маюць права карыстацца нейкімі яе дабротамі“. Мы маглі б ня ўдзельнічаць у акцыях, але гэта было бы здрадай для нас саміх, для нашых сяброў, паплечнікаў. Гэта быў сьвядомы выбар, бо так далей жыць нельга», — тлумачыць дырэктар тэатру.

«Наш заробак — добры паказчык таго, што трэба зьмяняць у краіне»

Андрэй Бардухаеў-Арол кажа, што яны ніколі не разьлічвалі, што праца ў тэатры будзе прыбытковай.

«Алеся і я заўсёды падпрацоўвалі. Але само стаўленьне дзяржавы да нас і да таго, што мы робім, і як гэта аплачваецца — вельмі добры паказчык таго, што трэба зьмяняць у краіне. У нас няма інстытуту культуры! Яго цалкам замяніў інстытут ідэалёгіі», — лічыць суразмоўца.

Ён і сёньня мае надзею на перамены ў Беларусі.

«Я ўпэўнены, што ўсё ў нас атрымаецца. Нічога нікуды ня зьнікла, усё рухаецца. Як толькі хоць трохі нешта зьменіцца, мы адразу рванём назад. Цяпер мы хочам працаваць тут (у Польшчы. — РС) зь людзьмі з абмежаванымі магчымасьцямі. У нас тут шмат сяброў, нас сустрэлі гасьцінна, дапамагаюць хто чым можа. Галоўнае наша багацьце — гэта сябры», — кажа дырэктар тэатру.

Што яго найбольш зьдзівіла ў Польшчы?

«Я б ахарактарызаваў гэта двума словамі: „Татальная ветлівасьць“. Я прыехаў у краіну, дзе б я хацеў жыць — у пляне стаўленьня людзей адзін да аднаго. Тут ня сумна, бо штодзень мы сустракаем прыяцеляў, знаёмых. Я ўжо жартую, што, калі хочаш некага сустрэць, едзь у Варшаву», — кажа Андрэй.

Ад некаторых суайчыньнікаў ён пасьля пераезду пачуў папрокі.

«Некаторыя пісалі: „Вось я лепш сяду ў турму, чым зьеду“. Людзі ўсе розныя, маюць свае прыярытэты. Для нас наша сям’я, дзеці, мы самі адно для аднаго нашмат важнейшыя. Папраўдзе, у мяне няма тугі па Радзіме. Бо там, дзе жонка, дзеці, мы разам — там і дом», — разважае кіраўнік тэатру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG