Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Горш няма, як чакаць». Як у закладніках аказаліся сем’і беларусаў, якіх перасьледуюць за ўдзел у пратэстах


Ужо два ўцекачы зь Беларусі сядзяць у вядомай піцерскай турме «Кресты» ў чаканьні рашэньня аб іх экстрадыцыі на запыт беларускіх уладаў.

Гэта былы электрасьлесар зь «Беларуськалію» Андрэй Прылуцкі і жыхар Маладэчна Ўладзімер Непагода, які ўцёк з краіны пасьля сутычкі з АМАПам падчас ланцуга салідарнасьці яшчэ ў чэрвені 2020 году. Па той справе былі асуджаныя маладачанцы Павал Пяскоў і Ўладзіслаў Еўсьцігнееў.

Зьвесткамі пра Ўладзімера Непагоду падзялілася жонка Андрэя Прылуцкага Іна, якая рэгулярна лістуецца з мужам і таксама напісала ліст у «Кресты» земляку з Маладэчна. «Адказ ад Уладзімера пакуль не прыйшоў, але, спадзяюся, ён адкажа, бо лісты з расейскай турмы не зьнікаюць, як часта бывае ў нас», — кажа Іна.

Муж Іны Прылуцкай Андрэй працаваў на «Беларуськаліі» і ў сьнежні далучыўся да страйку з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі ды новых выбараў.

«Андрэя некалькі разоў выклікалі ў міліцыю, яму рэальна пагражаў арышт, і ў выніку ён зьехаў з краіны. Меркавалася, што ён паедзе да сваякоў ва Ўкраіну, але аказаўся ў Расеі. Спрабаваў вылецець з Санкт-Пецярбургу, дык там затрымалі, бо быў у сьпісах на выдачу», — згадвае Іна падзеі, якія прывялі мужа ў вядомую піцерскую турму «Кресты». У чэрвені будзе паўгода, як яе муж у Расеі за кратамі.

«Расейскі суд арыштаваў Андрэя на паўгода, і гэты тэрмін скончыцца 28 чэрвеня. Андрэй спадзяецца, што яго выпусьцяць. Нават сказаў, каб прыяжджала сустракаць. У траўні будзе разгледжаная ягоная заява на палітычны прытулак, ён спадзяецца на станоўчае рашэньне, бо расейскі „Мэмарыял“ прызнаў, што на радзіме яго перасьледуюць з палітычных прычын. Мы марым пра гэта. Калі атрымаецца, забяру дзяцей і адразу паеду да яго», — сказала Ірына.

Андрэй Прылуцкі з малодшым сынам
Андрэй Прылуцкі з малодшым сынам

У сям’і Прылуцкіх, якая засталася ў Салігорску, гадуецца трое сыноў: 13, 10 і 3 гадоў. Іна расказала, як сыны рэагуюць на тое, што бацька «затрымаўся ў камандзіроўцы».

«Малодшы на кожны званок у дзьверы ляціць адчыняць з крыкам: „Тата прыехаў!“ — гэтак сумуе. Для яго тата зьехаў у камандзіроўку. А вось старэйшыя ўжо ўсё разумеюць, і зь імі бываюць складанасьці. Прыкладам, нядаўна старэйшы кажа з папрокам: „Вы нас вучылі, што дабро перамагае, а вакол інакш“. То даводзіцца тлумачыць зноў і ўжо неяк інакш, што ўрэшце пераможа», — дзеліцца праблемамі выхаваньня дзяцей Іна.

Андрэй і Іна Прылуцкія з малодшым сынам
Андрэй і Іна Прылуцкія з малодшым сынам

Сама яна пэдагог, працуе ў школе. Жанчына запэўнівае, што не адчувае перасьледу на працы за тое, што муж далучыўся да страйку на «Беларуськаліі». «У асноўным калегі мяне падтрымліваюць, у тым ліку ня чула дрэннага слова на свой адрас і ад тых, хто, скажу гэтак, прытрымліваецца іншых палітычных поглядаў. Але што будзе далей — ніхто ня ведае. Канечне, напружанасьць вакол нарастае, гэта адчуваецца», — кажа Іна.

Яна зазначае, што выхоўваць дзяцей дапамагаюць сваякі, за малодшым прыглядае сьвякроў. Таксама яна кантактуе з калегамі мужа па працы на «Беларуськаліі», адчувае падтрымку і ад іх.

Пра ўмовы, у якіх знаходзіцца Андрэй Прылуцкі ў «Крестах», Іна ведае зь ягоных лістоў і званкоў.

«Якраз учора далі пазваніць цягам 3 хвілін. У камэры 4 чалавекі, кажа, што прасторна. Нават ёсьць фортка, якую можна адчыніць і дыхаць сьвежым паветрам. Рэгулярныя прагулкі. На харчаваньне ня скардзіцца, да таго ж ёсьць магчымасьць патраціць грошы на замову харчоў. Ім добра апякуецца беларуская дыяспара. Мы вельмі ім удзячныя за грашовую, маральную і юрыдычную дапамогу Андрэю», — сказала Іна Прылуцкая.

Сям’і хворага на рак пратэстоўца ня кажуць, у якую калёнію яго адправяць

Сям’я жыхара Віцебску Ўладзімера Малахоўскага таксама ў чаканьні. 25 траўня ў Віцебскім абласным судзе будуць разглядаць ягоную скаргу на прысуд — 3,5 года зьняволеньня і кампэнсацыя тром пацярпелым міліцыянтам па тысячы рублёў кожнаму. Паводле суду, хворы на рак інвалід Уладзімер Малахоўскі пры затрыманьні пырснуў міліцыянтам у твар з газавага балёнчыка, ад чаго тыя «адчулі разлад здароўя». На тое, што Малахоўскаму пры затрыманьні міліцыянт зламаў палец на левай руцэ, суд не зьвярнуў увагі. У паказаньнях Малахоўскі прызнаваў, што меў у заплечніку газавы балёнчык, але, паводле яго, міліцыянты самі пырснулі зь яго газам у службовым аўтамабілі.

Уладзімер Малахоўскі
Уладзімер Малахоўскі

Ужо амаль паўгода інваліда Ўладзімера Малахоўскага трымаюць у Віцебскім СІЗА. Жонка Ўладзімера Ірына рэгулярна ходзіць на сустрэчы з турэмным лекарам, каб даведацца, як здароўе мужа і чым можна яму дапамагчы.

«Апошні раз, як бачыла лекара, той сказаў, што Валодзю абсьледавалі, нібыта мэтастазаў не знайшлі. Але мяне непакоіць, што ён на кожным спатканьні кашляе і гэта не праходзіць. Сказала пра гэта лекару, той супакойвае, што быў бранхіт, але праходзіць. Але я ж бачу, што не праходзіць. Набыла для мужа інгалятар і лекі, якія ён прасіў, паабяцалі перадаць. Спадзяюся, дапаможа», — кажа Ірына Малахоўская.

Ліст, які атрымала жонка Ўладзімера Малахоўскага Ірына з дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС
Ліст, які атрымала жонка Ўладзімера Малахоўскага Ірына з дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС

Таксама Ірыну непакоіць, што ў мужа дагэтуль не зажыў зламаны яшчэ ў верасьні пры затрыманьні палец.

«Па дакумэнтах нібыта ўсё нармальна, траўма зажыла, але Валодзя кажа, што костка зраслася дрэнна, палец баліць. Шкарпэткі памыць нармальна ня можа, мые адной рукой. Лекару кажу пра гэта — не зьвяртае ўвагі».

Хоць наперадзе апэляцыя, Уладзімер і Ірына Малахоўскія ня вераць, што прысуд адменяць ці хаця б зьменшаць тэрмін. Ірына згадвае, як чакала выраку суду, спадзявалася, а выніку ніякага. «Горш няма, як чакаць: вызваляць — ня вызваляць. Цяпер Валодзя сказаў, каб не спадзявалася, я і не спадзяюся».

Паводле Ірыны, яна больш турбуецца пра тое, куды мужа пашлюць адбываць пакараньне. Кажа, хацелася б куды бліжэй, можа нават у Віцебску б пакінулі, бо ў іх двое дзяцей-малодшаклясьнікаў, за імі трэба будзе глядзець, калі паедзе на спатканьне ў калёнію.

«Напісала ў дэпартамэнт, выклала свае просьбы, прычыны. Ужо адказалі, але лічу, што фармальна. Што праз тры дні, як прыедзе на месца, паведамяць — і ўсё. Маглі хаця б адказаць, што ўважліва разгледзім вашу просьбу — але няма такога», — пракамэнтавала ліст з дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Ірына Малахоўская.

Уладзімер Малахоўскі раней працаваў у турыстычным бізнэсе, але страціў працу з прычыны пандэміі каранавірусу. Ягоная жонка Ірына працуе прыбіральшчыцай. «Гадую дзяцей на заробак 370 рублёў. Цяпер вось і мужу на перадачы трэба, і дзеці растуць. І як тут выжыць?» — кажа ў роспачы жонка пратэстоўца зь Віцебску Ўладзімера Малахоўскага.

«Невядомы мужчына рэгулярна шантажуе ды пагражае праз мабільны»

Вераніка М., грамадзянская жонка палітвязьня Паўла Пяскова з Маладэчна, вырашыла напісаць заяву ў міліцыю аб перасьледзе з боку невядомага чалавека. Маладая жанчына мяркуе, што гэта неяк зьвязана са справай, па якой судзілі яе мужа.

«Званкі ідуць з нумара, які нідзе не адлюстроўваецца. Чалавек не называецца, але звоніць рэгулярна, ледзь ня кожны дзень. Сёньня маё цярпеньне лопнула, і я сказала, што буду зьвяртацца ў міліцыю», — кажа Вераніка.

«Бо гучаць пагрозы, што калі я не паведамлю пэўную інфармацыю пра пэўных людзей, дык Паўлу ў калёніі стане нешта вядома пра мяне... Пазваніць можа нават у 12 ночы. Таму, лічу, гэта ня проста псыхалягічны ціск, каб вывесьці мяне з раўнавагі, але і сапраўдны шантаж», — патлумачыла Вераніка.

Яе грамадзянскі муж Павал Пяскоў быў асуджаны на 3 гады і 3 месяцы зьняволеньня за супраціў міліцыянтам падчас разгону ланцуга салідарнасьці ў Маладэчне ў чэрвені. Са сьнежня мінулага году, калі не была задаволеная апэляцыя, Паўла Пяскова перавялі ў Бабруйскую калёнію. Нядаўна Вераніка даведалася, што яе мужа прызналі злосным парушальнікам рэжыму ды пакаралі.

«Зьменшылі яму ў тры разы атаварку, а яшчэ начапілі на вопратку чырвоную бірку. Раней была жоўтая, цяпер чырвоная. Кажуць, што гэтак пазначаюць палітычных вязьняў. У лістападзе мог бы мець права падаць заяву на зьмену рэжыму на мякчэйшы, але раз навешваюць на яго гэтыя спагнаньні, то могуць адмовіць. Працуе — зьбівае паддоны. Як тэлефануе, голас гучыць бадзёра, ня скардзіцца. Ён малайчына», — кажа пра мужа Вераніка. Паводле Веранікі, цяпер рыхтуецца скарга на прысуд Паўлу Пяскову ў Вярхоўны суд. «Зразумела, што гэта не дапаможа, але трэба праз усе інстанцыі прайсьці», — мяркуе Вераніка.

Маладая жанчына гадуе дачку. Цяпер спрабуе ўладкавацца на іншую працу, бо, кажа, на ранейшай быў малы заробак.

Вераніка згадала, што на суд над яе мужам Паўлам выклікалі жонку Ўладзімера Непагоды, які быў трэцім абвінавачаным па справе, але лічыўся ў вышуку, бо яшчэ да суду ўцёк зь Беларусі. «Раней ён быццам бы працаваў будаўніком, а самі яны жывуць у Маладачанскім раёне. Чула, што яго затрымалі ў Санкт-Пецярбургу», — сказала Вераніка.

Агулам Сьледчы камітэт Беларусі паслаў сёлета ў Расею запыты на экстрадыцыю 39 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG