Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Доктар тэмпэратуру памераў рукой». Як хварэюць на COVID-19 у беларускіх турмах


Турма на Акрэсьціна ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Турма на Акрэсьціна ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Вязьні паведамляюць, што ў месцах зьняволеньня не выконваюцца мінімальныя санітарныя нормы, а людзі, якія трапляюць на суткі, масава хварэюць на каранавірус.

Людзі, якія захварэлі на COVID-19 за кратамі, расказваюць, што ім давялося перажыць.

«Засьцерагчыся ад ковіду ў турме немагчыма»

Міхаіла затрымалі 27 сакавіка на плошчы Бангалор у Менску. Завезьлі на Акрэсьціна, па скайпе асудзілі на 15 сутак. Зь іх на 10 сутак ён трапіў у Жодзіна.

«На Акрэсьціна нас перакідалі з камэры ў камэру. Спачатку было 18 чалавек у камэры на шасьцярых. У сераду ўвечары перавялі на Акрэсьціна — у іх тактыка такая, каб людзі не атрымалі перадачы (у Жодзіне перадачы дазволены па серадах, на Акрэсьціна — па чацьвяргах», — расказвае Міхаіл.

У першы дзень у Жодзіне было адносна добра — 6 чалавек у чатырохмесцавай камэры, былі матрасы, пасьцельная бялізна. Хлопцы нават падумалі, што жыцьцё наладжваецца. Але хутка ўсё гэта адабралі. Потым 15 чалавек зьмясьцілі ў камэру, дзе было 10 голых шконак.

«Самае галоўнае ў турме — не захварэць. Але засьцерагчыся ад ковіду ў турме амаль немагчыма. Па маіх назіраньнях, палова камэры кашляла-смаркалася, у дваіх была высокая тэмпэратура — звыш 38 градусаў. Ці быў гэта ковід, сказаць цяжка.

Калі сваякі пасьпелі перадаць таблеткі, пры тэмпэратуры іх давалі разам зь ежай: лекі былі ня ў камэры, а ў ахоўнікаў. З хворымі мы дзяліліся гарбатай, грэлі ваду на батарэях, пакуль у нас не адабралі бутэлькі», — узгадвае Міхаіл.

«Мне пашанцавала: я захварэў за пару дзён да вызваленьня»

Нават пры моцным кашлі і тэмпэратуры выклікаць фэльчара было немагчыма. За 15 сутак, якія Міхаіл правёў у ізалятарах, не было ніводнага выпадку, каб у камэру наведаўся фэльчар ці доктар.

«Мне пашанцавала: я захварэў за пару дзён да вызваленьня. На 14-ы дзень адседкі, у суботу, адчуў слабасьць. У нядзелю тэмпэратура была высокая. Прыкладна гадзіне а 15–16-й я выйшаў на волю. Адразу зрабіў экспрэс-тэст, ён аказаўся станоўчы. На наступны дзень пайшоў у паліклініку, зрабіў тэст ПЦР — ён таксама быў станоўчы.

Я адразу паехаў за горад да бацькоў, бо яны ўжо перахварэлі на ковід. А дома жонка зь немаўляткам, вырашылі перастрахавацца».

Міхаіл узгадвае, што цягам тыдня пачуваў сябе вельмі непрыемна, тэмпэратура падымалася ад 37,5 да 38,5 градусаў. Цяпер адчувае сябе лепш.

«Ня ведаю, што было б, каб я захварэў на пачатку адседкі. Пашанцавала, што лячыўся дома.

У мінулы чацьвер я здаў падвойны тэст, які паказаў і наяўнасьць антыцелаў, і наяўнасьць каранавіруснай інфэкцыі. То бок я яшчэ пераносчык, да канца ня вылечыўся. Аднак у паліклініцы бальнічны мне закрылі: па іх пратаколах я здаровы. Добра, што я магу працаваць дыстанцыйна.

Не далі і накіраваньня на кампутарную тамаграфію», — расказвае Міхаіл.

Цяжэй за ўсё перажыць тое, што ўжо месяц Міхаіл ня дома. Сукамэрнікаў узгадвае зь цеплынёй.

«Публіка вельмі прыемная, інтэлігентная. Ня ведаю, адмыслова ці не, але да нас пэрыядычна падсаджвалі крымінальнікаў. Забаўна было паслухаць аднаго зь іх, у якога было шмат «ходак», і нават за забойства. Ён быў непрыемна зьдзіўлены, у якіх умовах утрымліваюць палітычных: «Мне дзіка не пашанцавала, што трапіў да палітычных. Лепш бы сядзеў як чалавек, з нармальнымі злодзеямі, а тут ні прагулак, ні перадач, ні матрасаў», — згадвае яго словы Міхаіл.

У камэры захварэлі 8 чалавек з 10

Паэта Юлія Ільюшчанку затрымалі разам з жонкай, праваабаронцай Анісіяй Казьлюк, і швайцарскай журналісткай Люцыяй Чыркі 31 студзеня каля «Цэнтральнага» ў Менску. Журналістку пасьля ўмяшаньня швайцарскай амбасады адпусьцілі, Анісіі далі 15 сутак. Юлію ж судзьдзя Кастрычніцкага суду Алена Жывіца прысудзіла 25 сутак.

Юлій Ільюшчанка
Юлій Ільюшчанка

5 сутак ён правёў на Акрэсьціна, 11 — у Жодзіне. Юлій падаваў скаргу на рашэньне Кастрычніцкага суду, Менскі гарадзкі суд накіраваў справу на дапрацоўку. Юлія выпусьцілі праз 16 сутак. Аднак пазьней суд Кастрычніцкага раёну ўсё адно пакінуў сваё ранейшае рашэньне ў сіле. То бок ён мусіць яшчэ даседжваць 9 сутак.

У Жодзіне Юлій Ільюшчанка вельмі цяжка перахварэў на каранавірус.

«Ковідам, хутчэй за ўсё, я заразіўся на Акрэсьціна, гэта лёгка было вызначыць па зьяўленьні першых сымптомаў у ІЧУ Жодзіна дзесьці на другія-трэція суткі. Але гэта можа быць і Кастрычніцкае РУУС, дзе ў невялікім памяшканьні без вэнтыляцыі знаходзіліся 23 затрыманых і дзясятак супрацоўнікаў», — мяркуе Юлій.

І на Акрэсьціна, і ў Жодзіне камэры былі перапоўненыя: на Акрэсьціна, да прыкладу, часам было ад 10 да 16 чалавек на пяць шконак. Не давалі ні матрасаў, ні пасьцельнай бялізны.

«За 5 сутак, што я быў на Акрэсьціна, камэру адзін раз апрацавалі нейкім антысэптычным спрэем — пырснулі 2 разы ўнутры.

У Жодзіне тры дні не адчынялі акно, не праветрывалі, было вельмі душна, людзі задыхаліся нават бяз масак. Тры разы за 11 дзён вывелі на прагулку, 2 разы — у душ. Аднаразовыя маскі былі не ўва ўсіх, бо людзей пазатрымлівалі выпадкова на вуліцы. У нас у камэры захварэлі 8 чалавек з 10», — узгадвае Юлій.

Ускладненьне ад ковіду — двухбаковая полісэгмэнтарная пнэўманія

Ільюшчанка хварэў вельмі цяжка, бо ў яго яшчэ хранічны бранхіт. Цягам трох дзён трымалася высокая тэмпэратура, быў моцны кашаль.

«Да доктара нас звадзілі адзін раз — адразу пяць чалавек. Доктар візуальна агледзеў чатырох, тэмпэратуру памераў рукой. Я быў пятым і да доктара ня трапіў. Усе аказаліся здаровыя, нікому не прызначылі пасьцельны рэжым», — расказаў Юлій.

Таблеткі перадалі прыкладна на 7–8 суткі. Гэта быў мінімальны набор мэдыкамэнтаў, які сабралі валянтэры. У наборы былі яшчэ мыла і туалетная папера.

Пасьля вызваленьня здаў аналіз на ковід, у Юлія знайшлі антыцелы М, праз тыдзень — М і G. Пазьней ён зрабіў здымак. Аказалася, што ў яго двухбаковая полісэгмэнтарная пнэўманія — гэта ўскладненьне ад каранавірусу.

«Калі Мінздароўя ставіць свой подпіс пад дакумэнтам, яно можа ўмяшацца. Было б жаданьне»

Лекар-інфэкцыяніст, кандыдат мэдычных навук Мікіта Салавей сьцьвярджае, што ва ўмовах, якія створаныя цяпер у сьледчых ізалятарах, немагчыма рабіць прафіляктыку і засьцерагчы людзей ад інфікаваньня небясьпечным вірусам.

«З гэтым пытаньнем трэба зьвяртацца ў Міністэрства аховы здароўя, таму што прапанаваць эфэктыўныя меры прафіляктыкі ў тых умовах лекары-інфэкцыяністы ня могуць. Бо там вельмі вялікая цесната, вельмі шмат людзей у замкнёнай абмежаванай прасторы.

Трэба пра гэта пісаць, біць у званы паўсюль. Бо Міністэрства аховы здароўя сваё неўмяшаньне аргумэнтуе тым, што Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС яно не падпарадкоўваецца. Але насамрэч рэглямэнтацыйныя дакумэнты распрацоўваюцца двума ведамствамі: і МУС, і Мінздароўя. І калі Мінздароўя ставіць свой подпіс пад дакумэнтам, яно можа ўмяшацца. Было б жаданьне. Таму трэба „бамбардаваць“ усе ведамствы: і Мінздароўя, і Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, і МУС», — кажа Мікіта Салавей.

Скрытыкаваў доктар-інфэкцыяніст і ўжываньне канцэнтраванага раствору хлёркі, які выліваюць на падлогу камэр.

«Пры чым тут хлёрка? Вірус якраз ня вельмі добра выжывае на паверхнях, на прадметах. Асноўная праблема — гэта перадача вірусу ад тых, хто захварэў, здаровым. А пры такім зграмаджэньні людзей у камэрах трымаць дыстанцыю немагчыма».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG