Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Эўразьвязу ў Беларусь перадалі экспрэс-тэсты і кіслародныя маскі. Але вакцынаў з ЭЗ ня будзе: Менск не вядзе перамовы


Эўразьвяз мае намер паставіць краінам «Усходняга партнэрства» каля 1 млн доз вакцыны ад каранавірусу. Аднак Беларусі ў гэтым сьпісе няма.

Пра гэта польскаму агенцтву PAP расказаў эўракамісар па пытаньнях добрасуседзтва і пашырэньня Олівэр Вархей. Як піша TUT.BY, вакцыны ў першую чаргу пойдуць тым, хто працуе ў сфэры аховы здароўя.

— Гаворка ідзе пра 530 тысяч мэдыкаў у краінах «Усходняга партнэрства». Нам давядзецца даць ім дзьве дозы, таму лёгка палічыць, што гэта больш за 1 мільён доз, — сказаў Вархей.

Паводле яго, пастаўкі пакуль тармозяцца з прычыны затрымкі паставак ад фармацэўтычнай кампаніі AstraZeneca.

На пытаньне, ці ёсьць магчымасьць падтрымаць Беларусь у пытаньні паставак вакцынаў, ён адказаў, што Эўракамісія цяпер не кантактуе з афіцыйным Менскам.

— Было б складана даставіць вакцыну ў Беларусь, таму што ўрад у Менску цяпер не вядзе з намі перамоваў, — адзначыў ён.

  • Магчымасьць пастаўкі вакцыны ў Беларусь з Вархеем абмяркоўвала Святлана Ціханоўская. Як паведамлялася, бюджэт ЭЗ, вылучаны на дапамогу Беларусі, дазваляе арганізаваць гэтыя пастаўкі. Аднак для гэтага патрэбная згода беларускіх уладаў, і эўрапейскія чыноўнікі гатовыя былі весьці перамовы пра гэта.

СААЗ паставіла ў Беларусь кіслародныя маскі і экспрэс-тэсты на COVID-19

У рамках праекту «Салідарнасьць у імя здароўя», які фінансуецца Эўразьвязам, краінавы офіс Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі паставіў у Рэспубліканскі цэнтар арганізацыі мэдыцынскага рэагаваньня абсталяванне на агульную суму 850 000 даляраў ЗША:

  • 5 482 кіслародныя маскі з рэзэрвуарам для рэсьпіраторнай падтрымкі пры каранавіруснай пнэўманіі ў кіслародазалежных пацыентаў;
  • 160 апаратаў для высокапаточнай назальнай аксігенатэрапіі для цяжкіх пацыентаў з COVID-19;
  • 20 000 экспрэс-тэстаў для дыягностыкі COVID-19, якія распаўсюдзяць у раённыя шпіталі, паведамляе прадстаўніцтва ЭЗ ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG