Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў вырак журналісткам Андрэевай і Чульцовай: два гады за стрым з акцыі пратэсту


Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева за кратамі. На апэляцыйны суд іх не прывезьлі з жодзінскага СІЗА.
Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева за кратамі. На апэляцыйны суд іх не прывезьлі з жодзінскага СІЗА.

Журналістак «Белсату» асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі кожную. Цяпер яны знаходзяцца ў СІЗА ў Жодзіне.

23 красавіка Менскі гарадзкі суд разгледзеў апэляцыйную скаргу на прысуд Дар’і Чульцовай і Кацярыне Андрэевай (Бахвалавай), журналісткам тэлеканалу «Белсат». Пад вартай журналісткі знаходзяцца ўжо больш за 5 месяцаў.

Самі асуджаныя ў працэсе аб сваёй апэляцыі ня ўдзельнічалі. Адвакаты Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай падалі хадайніцтва, каб яны удзельнічалі ў працэсе празь відэасувязь. Судзьдзя адхіліла, сказала, што хадайніцтва разглядалі, але пакінулі без задавальнення.

Ля ўваходу ў залю, дзе праходзіў разгляд апэляцыі, устанавілі мэталічную рамку. Усіх пільна надглядалі пры ўваходзе. На разгляд апэляцыйнай скаргі прыйшоў і Сяргей Зікрацкі, які абараняў Кацярыну Андрэеву ў судзе і якога пазьней пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі.

Дар’ю Чульцову па-ранейшаму абараняе Аляксандар Хаецкі, а ў Кацярыны Андрэевай новы абаронца — Андрэй Мачалаў.

Пазыцыя адвакатаў

Адвакаты ў скарзе паведамілі, што не ўстаноўлены факт таго, што дзеяньні Андрэевай і Чульцовай прывялі да перашкод у працы транспарту, таксама не даказаны памер шкоды «Менсктрансу»; не дапыталі асобаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі, што менавіта прымусіла іх выйсьці на вуліцу, піша «Белсат».

Таксама, на думку абаронцаў, суд першай інстанцыі не ўстанавіў, што дзяўчаты бралі актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак, а выхад іх на праезную частку справакавала журналісцкая праца. Акрамя таго, у іх незаконна канфіскавалі камізэлькі «Прэса»; не даказалі, што Каця нешта выкрыквала.

Запіс этэру ня зьмяшчае прыкметаў закліку грамадзянаў да ўдзелу ў акцыі, а толькі паведамляў пра тое, што адбываецца, тым, хто ў акцыі ня ўдзельнічаў. Ператрусы дома былі праведзены з парушэньнямі.

Адвакат Кацярыны Андрэевай Андрэй Мачалаў запатрабаваў скасаваньня прысуду, бо ён не зьяўляецца законным і абгрунтаваным.

Пазыцыя пракурора

Пракурор Вольга Герасімовіч на працэсе заявіла, што нібыта журналісткі на судзе самі сказалі, што яны знаходзіліся ў месцы ўчыненьня правапарушэння, што выходзілі на праезную частку і знаходзіліся ў кватэры Марозава.

Пракурор мяркуе, што «Менсктрансам» даказаная іх віна, і тая частка дарогі, дзе яны знаходзіліся, была заблякаваная. Скаргі абароны аб недаказанасці віны неабгрунтаваныя, бо дзяўчаты нібыта самі пацьвердзілі сваё знаходжаньне на месцы.

Кажа, што яны ўвогуле ня мелі права здымаць, бо «МЗС нашай краіны» ня выдаў ім пасьведчаньні.

На думку пракурора, від і памер пакараньня зьяўляецца абгрунтаваным і справядлівым, і ён папрасіў пакінуць рашэньне суду без зьменаў, а скаргу пакінуць без задавальненьня.

Судзьдзя пайшоў прымаць рашэньне. Праз 20 хвілін працэс аднавіўся і стала вядомым рашэньне: прысуд пакінуць у сіле.

15 лістапада 2020 году журналісткі вялі стрым з «плошчы Пераменаў». У той дзень іх затрымалі, затым асудзілі на 7 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкулу 23.34 КаАП, а пазьней завялі супраць іх крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». У лютым адбыўся суд. Судзьдзя Натальля Бугук прысудзіла кожнай 2 гады пазбаўленьня волі.

Праваабарончая супольнасьць вызнала Чульцову і Андрэеву палітычнымі зьняволенымі і запатрабавала іх неадкладнага вызваленьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG