Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як на «Белшыне» рэагавалі на амэрыканскія санкцыі. Спыталі ў супрацоўнікаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

ЗША аднавілі санкцыі супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў. Мы спыталі ў работнікаў аднаго зь іх — бабруйскай «Белшыны» — як на іх адбіліся санкцыі, якія ўпершыню ўвялі яшчэ 10 год таму.

Аднаўленьне санкцыяў супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў азначае, што прадпрыемствам і грамадзянам ЗША будзе забаронена ўступаць зь імі ў эканамічныя і фінансавыя дачыненьні, а ўся маёмасьць і рахункі гэтых прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, будуць замарожаныя.

«І бяз санкцыяў прадпрыемства трэсла»

Акцыянэрнае таварыства «Белшына» ўпершыню трапіла ў амэрыканскі санкцыйны сьпіс яшчэ ў жніўні 2011-га — як адказ на працяг палітычных рэпрэсіяў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

У 2010 годзе «Белшына» прадавала сваю прадукцыю ў 19 краінаў . У ЗША афіцыйна пакупнікоў не было. У канцы таго году прадпрыемства зарэгістравала гандлёвы дом у Бразыліі, ён стаў адзіным прадстаўніцтвам беларускага вытворцы шын на амэрыканскім кантынэнце.

У жніўні 2011 году, адразу пасьля ўвядзеньня санкцыяў, супрацоўнік аддзелу ідэалягічнай працы прадпрыемства ў размове са Свабодай выказваў спадзеў, што «яны ніяк не адаб’юцца» на вытворчасьці, бо «непасрэдна з ЗША ніякіх дамоваў няма».

Сёньня былы работнік прадпрыемства Сяргей (прозьвішча прасіў не называць) згадвае, што 10 год таму кіраўніцтва ўспрыняло навіну пра ўвядзеньне санкцыяў насьцярожана, бо не ўяўляла, як яны могуць адбіцца на працы. Тады «Белшына», паводле суразмоўцы, і бяз санкцыяў працавала нестабільна. З часам начальства супакоілася, заўважае ён, і на прадпрыемстве нават пачалася мадэрнізацыя.

«Хаця на амэрыканскія санкцыі не забываліся, — працягвае Сяргей. — Іх пэрыядычна згадвалі, калі трэба было адказаць на незадаволенасьць калектыву: маўляў, усяму „Белнафтахіму“ („Белшына“ ўваходзіць у канцэрн „Белнафтахім“. — РС) кепска».

«Пра санкцыі работнікі не гаварылі ў курылках»

Яшчэ адзін суразмоўца Міхаіл рабіў на адным з заводаў «Белшыны» ў «санкцыйную пару», а цяпер на пэнсіі. Ён ня можа прыгадаць, каб шараговыя работнікі прадпрыемства абмяркоўвалі амэрыканскія санкцыі ў курылках.

«Тады „Белшына“ працавала церазь пень-калоду, — кажа Міхаіл. — Часта даводзілася працаваць на 2/3 заробку. Як заказы ці сыравіна зьяўляліся, то выходзілі ў выходныя дні і працавалі аўральна. Але гэта не было зьвязана з санкцыямі. Такі быў агульны стан прадпрыемства. Яго трэсла».

На ягоную думку, калі б санкцыі былі адчувальнымі, то «ўвесь калектыў гудзеў бы», але ў той час была цішыня. Ён лічыць: калі і гэтым разам выйдзе тое самае, то намаганьні «цывілізаванага сьвету выцягнуць Беларусь з багны будуць марныя».

«Як будзе гэтым разам, то прагназаваць не бяруся, — адзначае Міхаіл, — але, вядома ж, хацелася б, каб іх адчулі ўсе».

«Аслабленьне санкцыяў» успрынялі як магчымасьць пошуку новых рынкаў збыту прадукцыі

У 2016 годзе, праз год пасьля прыпыненьня санкцыяў, «Белшына» экспартавала сваю прадукцыю ўжо ў 53 краіны. Зьявіліся і амэрыканскія пакупнікі. Праўда, у ЗША прадалі шын усяго на 35 тысяч рублёў.

Начальнік упраўленьня рэалізацыі прадукцыі Аляксандар Цімашышын гаварыў тады пра «аслабленьне санкцыяў» як магчымасьць выхаду на новыя рынкі рэгіёнаў Эўропы і Паўночнай Амэрыкі. Цяпер на сайце прадпрыемства значыцца і гандлёвае прадстаўніцтва ў Канадзе.

Тым ня менш летась у кастрычніку прэм’ер Раман Галоўчанка прызнаваў, што мадэрнізацыя «Белшыны» не акупілася. Прадпрыемства хранічна стратнае з 2016 году. На пачатак 2020 году непакрытыя страты складаюць 273,2 мільёна рублёў. Выраб некаторых відаў прадукцыі скараціўся да 25 працэнтаў.

Канцэрн «Белнафтахім»: санкцыі адаб’юцца на дабрабыце сем’яў работнікаў

Намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства Сяргей Дрывіла ня стаў размаўляць з журналістам «БелаПАН» пра ўплыў санкцыяў на працу «Белшыны», бо такія пытаньні, сказаў ён, «надта сур’ёзныя для тэлефоннай гутаркі». Службовец параіў даслаць пытаньні пісьмова ды рэкамэндаваў азнаёміцца з прэс-рэлізам наконт санкцыяў канцэрну «Белнафтахім», да якога належыць «Белшына».

У камэнтары канцэрну санкцыі названыя «несяброўскім крокам амэрыканскай адміністрацыі». Згодна з камэнтаром, яны «нанясуць шкоду ня столькі прадпрыемствам, колькі іх працоўным калектывам, простым работнікам і іхным сем’ям».

На «Белшыне» працуюць 8 тысяч чалавек. Яна вырабляе больш за 300 мадэляў шын, якія прадае ў 60 краінаў. Прадпрыемства аб’ядноўвае тры заводы: масавых, буйнагабарытных і звышбуйнагабарытных шын.

У жніўні 2020 году асобныя групы работнікаў з розных цэхаў спрабавалі арганізаваць на «Белшыне» страйк, але большасьць калектыву яго не падтрымала. Найбольш актыўных страйкоўцаў звольнілі.

Публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Што варта ведаць пра санкцыі ЗША

Першыя санкцыі, якія ўвяла адміністрацыя прэзыдэнта Джорджа Буша пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе, прадугледжвалі блякаваньне ўласнасьці і актываў групы высокіх чыноўнікаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Санкцыі распаўсюджваліся таксама і на сем’і гэтых чыноўнікаў. Ім таксама забаранілі ўезд на тэрыторыю ЗША.

Пазьней асобам, у тым ліку і новым, якія папоўнілі сьпісы, забаранілі мець актывы на тэрыторыі ЗША і весьці бізнэс з амэрыканскімі партнэрамі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі напрыканцы 2010 году ЗША пашырылі сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША. Акрамя таго, грамадзянам ЗША забаранілі весьці бізнэс зь дзяржаўным канцэрнам «Белнафтахім» і шэрагам іншых прадпрыемстваў. Гэтак Злучаныя Штаты адрэагавалі на рэпрэсіі пасьля выбараў, у тым ліку на зьняволеньне шэрагу кандыдатаў у прэзыдэнты.

Пра якія беларускія прадпрыемствы ідзе гаворка

  • «Белнафтахім»,
  • «Белнафтахім ЗША»,
  • «Нафтан»,
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»,
  • «Белшына»,
  • «Гродна Азот»,
  • «Гроднахімвалакно»,
  • ААТ «Лякафарба»,
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Прадпрыемствам i грамадзянам ЗША было забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненьні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасьць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, былі замарожаныя. Да таго ж многія краіны і кампаніі адмаўляюцца працаваць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

  • У кастрычніку 2015 году Міністэрства фінансаў ЗША прыпыніла санкцыі супраць гэтых дзевяці беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з «пэўным прагрэсам у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека», а таксама з мэтай падтрымкі незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году і рэпрэсій, якія адбыліся пасьля іх, ЗША аднавілі санкцыі ад 3 чэрвеня 2021 году. Адпаведнае рашэньне 19 красавіка 2021 году апублікавала Міністэрства фінансаў ЗША.​ Злучаныя Штаты дабіваюцца вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG