Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінус 2 тысячы за 5 гадоў толькі на адным заводзе. Як скарачаецца колькасьць супрацоўнікаў заводаў


Ілюстрацыйнае фота

Толькі за 1 год з МАЗа сышлі 670 супрацоўнікаў. Глядзім, як зьмяншалася колькасьць работнікаў заводаў.

Улады ў шэраг сваіх дасягненьняў увесь час заносяць тое, што ім удалося «захаваць заводы». Але ці захавалася на гэтых самых заводах колькасьць працоўных месцаў, якая была раней? Глядзім.

МТЗ

У 2015 годзе на Менскім трактарным заводзе, паводле парталу каштоўных папер (portal.gov.by), працавалі 17 891 чалавек, у 2020-м — 15 753. За 5 гадоў колькасьць супрацоўнікаў зьменшылася больш як на 2 тысячы чалавек, або на 12% усіх супрацоўнікаў.

МАЗ

Менскі аўтамабільны завод толькі за 2019 год страціў 670 супрацоўнікаў. Агулам за 5 гадоў колькасьць супрацоўнікаў скарацілася з 17 535 да 15 599 чалавек. Амаль на 2 тысячы чалавек меней за 5 гадоў, або мінус 11% супрацоўнікаў.

«Гродна Азот»

У 2015 годзе на «Гродна Азоце» працавалі 7749 чалавек, на пачатку 2020-га — 7475, колькасьць супрацоўнікаў за 5 гадоў зьменшылася больш як на 200 чалавек, або на 3,5%. У 2020 годзе з палітычных матываў — за далучэньне да страйку — з заводу звольнілі яшчэ як мінімум 30 чалавек.

«Гомсельмаш»

За 5 гадоў на «Гомсельмашы», які летась паказваў чыстыя страты, скарацілі толькі 28 чалавек. У 2015 годзе на заводзе працавалі 8038 чалавек, на пачатку 2020 году — 8010. Колькасьць супрацоўнікаў зьменшылася на 0,3%.

БМЗ

На жлобінскім БМЗ у 2015 годзе працавалі 11 183 чалавекі, на пачатку 2020 году — 10 725. За 5 гадоў колькасьць супрацоўнікаў зьменшылася амаль на 500 чалавек, або на 4%. Толькі за 2019 год колькасьць супрацоўнікаў на БМЗ зьменшылася на 277 чалавек.

МЗКЦ

Колькасьць супрацоўнікаў МЗКЦ за 5 гадоў зьменшылася больш як на тысячу чалавек. У 2015 годзе на заводзе працавалі 5281 чалавек, у 2020 годзе — 4234. Колькасьць супрацоўнікаў зьменшылася на 20%. Толькі за 2019 год супрацоўнікаў стала менш на 307 чалавек.

«Нафтан»

На флягмане беларускай нафтаперапрацоўкі — «Нафтане» ў 2015 годзе працавалі 10 730 чалавек, праз 5 гадоў — менш на 700 чалавек, або на 6,5%.

Мінус 60 тысяч за 4 гады

Агулам у прамысловасьці Беларусі ў 2015 годзе працавалі 936,8 тысячы чалавек, у 2019-м — 875,6 тысячы. То бок за 4 гады ў прамысловасьці стала працаваць на 60 тысяч чалавек менш.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG