Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гродна Азот» скончыў мінулы год са стратамі на 85 мільёнаў. А што на іншых заводах?


«Гродна Азот»

Прыбытак буйных заводаў за мінулы год моцна скараціўся, некаторыя сышлі ў страты. Разьбіраемся, чаму так адбываецца.

Мінус 85 мільёнаў рублёў — з такімі чыстымі стратамі «Гродна Азот» скончыў мінулы год. Генэральны дырэктар «Гродна Азоту» Ігар Ляшэнка зьвязвае гэта з сытуацыяй на рынку «праз каранавірус, адмоўнае сальда курсавых розьніцаў і замарозку цэнаў на азотныя ўгнаеньні».

Глядзім, а што на іншых заводах па выніках году.

БМЗ — 5 мільярдаў рублёў даўгоў

Як вынікае з гадавой справаздачы мэталюргічнага гіганта БМЗ, завод зарабіў толькі 36 тысяч рублёў (чысты прыбытак). Ад бягучай дзейнасьці завод атрымаў страты на 35,9 мільёна. А прыбытак узяўся ад інвэстыцыйнай і фінансавай дзейнасьці, то бок — новыя запазычанасьці.

Вырасьлі і даўгі БМЗ, па кароткатэрміновых крэдытах ён вінен 3,8 мільярда рублёў (тры месяцы таму было 3,6 мільярда), па доўгатэрміновых — 1,2 мільярда. То бок агулам прамысловы гігант вінен 5 мільярдаў рублёў.

МЗКЦ — прыбытак упаў утрая

Чысты прыбытак Менскага заводу колавых цягачоў за 2020 год — 7,1 мільёна рублёў, годам раней прыбытак быў утрая большы. За год на заводзе стала працаваць менш на 307 чалавек, цяпер агульная колькасьць супрацоўнікаў — 4234.

У заводу на 101 мільён рублёў кароткатэрміновых даўгоў і на 5,3 мільёна — доўгатэрміновых.

Гомсельмаш — з красавіка мінулага году 5 новых крэдытаў

«Гомсельмаш» пакуль не публікаваў справаздачу за мінулы год на партале каштоўных папер, але апублікаваныя дакумэнты сьведчаць пра як мінімум 5 новых крэдытаў, якія прадпрыемства ўзяло з красавіка мінулага году.

Са студзеня па сакавік (яшчэ да пандэміі ў Беларусі) «Гомсельмаш» спрацаваў са стратамі на 260 мільёнаў рублёў. Даўгі заводу набліжаюцца да 2 мільярдаў рублёў.

МТЗ — прыбытак упаў утрая

Менскі трактарны завод пакуль апублікаваў толькі справаздачу за тры кварталы мінулага году. За гэты час прыбытак заводу склаў 15,5 мільёна рублёў, год таму ў гэты ж пэрыяд ён быў утрая большы. Даўгі заводу — 1,3 мільярда рублёў, год таму было 1,1 мільярда.

«Паўплываў каранавірус і сусьветны рынак»

Даўгі і страты прадпрыемстваў Беларусі вырасьлі праз каранавірус, пра гэта кажа старшы навуковы супрацоўнік Beroc Леў Львоўскі.

Леў Львоўскі
Леў Львоўскі

«Калі ва ўсім сьвеце прадпрыемствы спыніліся, у Беларусі яны працавалі, але цэны былі ніжэйшыя, попыт быў меншы. Адпаведна, праблемы перайшлі з рэальнага ў фінансавы сэктар: новыя даўгі, стратныя прадпрыемствы павялічылі страты», — кажа Леў Львоўскі.

Выступленьні рабочых і палітычны крызіс пакуль не адбіліся на прадпрыемствах, мяркуе Леў Львоўскі. Але пры гэтым палітычны крызіс усё ж адбіваецца на эканоміцы.

«Палітычны крызіс будзе адбівацца на эканоміцы, але гэты працэс будзе павольны. Расьце недавер да дзяржавы і дзяржаўных інстытутаў, камэрцыйным банкам. Людзі забіраюць дэпазыты, менш вераць беларускаму рублю. Падае давер да судоў, што павялічвае рызыкі для прадпрымальнікаў, што яны змогуць некага прыцягнуць да адказнасьці ў выпадку парушэньняў. Таксама цяпер цяжка атрымаць крэдыт у банку, што кепска для кампаніяў. Дзяржава таксама ня можа атрымаць крэдыты са зьнешніх крыніц», — прыводзіць прыклады Леў Львоўскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG