Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзірка» ў бюджэце вырасла да 5,6 мільярда рублёў. Наколькі гэта шмат і чым пагражае


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Даходы ў бюджэт упалі на 8,5%, а вось расходы вырасьлі амаль удвая за кошт «агульнадзяржаўнай дзейнасьці».

Дэфіцыт бюджэту Беларусі працягвае расьці. Мінфін апублікаваў скарэктаваны прагноз, паводле якога дэфіцыт бюджэту складзе 5,6 мільярда рублёў (раней рабіўся прагноз на 4 мільярды). Гэта сума, на якую расходы бюджэту перавышаюць даходы. Такі рост адбыўся за кошт фактычнага зьніжэньня даходаў і росту расходаў на «агульнадзяржаўную дзейнасьць». Расходы на яе вырасьлі на 1,375 мільярда рублёў.

5,6 мільярда дэфіцыту — гэта шмат?

Сума 5,6 мільярда ў 5,6 раза большая, чым плянуюць прыцягнуць у бюджэт з падатку на прыбытак, і амаль удвая большая, чым плянуюць прыцягнуць з акцызаў.

Каб зразумець, што гэта за лічба, возьмем калійныя ўгнаеньні. Гэта адна з асноўных крыніц экспартнага даходу Беларусі. Летась Беларусь экспартавала калійных угнаеньняў на 6,2 мільярда — такім чынам, гэта толькі на 600 мільёнаў больш, чым сёлетні дэфіцыт бюджэту.

Сыры — таксама адзін з стратэгічных экспартных прадуктаў для Беларусі, яго экспартавалі летась на суму ўдвая меншую, чым сёлетні дэфіцыт бюджэту.

Чаму расьце дэфіцыт бюджэту

Рост расходаў на «агульнадзяржаўную дзейнасьць» можа ўключаць у сябе дзяржаўныя інвэстыцыйныя праграмы, інавацыйныя праграмы, падтрымку пэнсійнага фонду, вясновыя палявыя працы, — такія выдаткі пералічвае кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

«Безумоўна, гэта і ратаваньне БМЗ, праграмы мадэрнізацыі, Гомсельмаш, „Мотавела“ ды іншыя „фаварыты“ намэнклятурна-сілавых структураў», — кажа Яраслаў Раманчук.

Ён прагназуе, што дэфіцыт бюджэту вырасьце яшчэ на 50% да канца году.

За кошт чаго пакрыюць дэфіцыт

На думку Раманчука, каб пакрыць дэфіцыт, «улады будуць шукаць магчымасьць разьмясьціць эўрабонды ці будуць закладаць акцыі прадпрыемстваў».

Паводле старшага навуковага супрацоўніка Beroc Льва Львоўскага, ёсьць некалькі спосабаў пакрыць дэфіцыт.

«Можна паспрабаваць пазычыць яшчэ грошай, можна скарыстаць прафіцыты бюджэту ад мінулых гадоў, калі іх яшчэ не патрацілі. Можна пачаць траціць золатавалютныя рэзэрвы. Пры гэтым доўг Беларусі дарагі, патрабуецца ўсё больш грошай на падтрымку прадпрыемстваў, расьце сацыяльная напружанасьць, якую нельга спыніць проста замарожваньнем цэнаў», — мяркуе Леў Львоўскі.

Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі на 1 студзеня складалі 7,4 мільярда даляраў. За мінулы год яны скараціліся на 1,9 мільярда. Дэфіцыт бюджэту роўны 28,3% ад ЗВР Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG