Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 лічбаў ад Нацбанку, якія кажуць аб праблемах у эканоміцы


Прадпрыемства "Магілёўхімвалакно", ілюстрацыйнае фота
Прадпрыемства "Магілёўхімвалакно", ілюстрацыйнае фота

Чысты прыбытак арганізацый упаў удвая, экспарт зьнізіўся на 12,8%.

Нацыянальны банк апублікаваў справаздачу аб эканамічным стане Беларусі ў студзені-лістападзе мінулага году. Банкаўскі рэгулятар шмат у чым прызнаў праблемы ў эканоміцы. Глядзім, што пра гэта кажуць лічбы.

Прадпрыемствам пазычылі амаль 2 мільярды рублёў

У сваёй справаздачы Нацбанк прызнае, што «фінансавы стан арганізацый пагоршыўся». Гаворка пра ўсе прадпрыемствы Беларусі, якія прадставілі справаздачнасьць. Чысты прыбытак за студзень-лістапад склаў 5,8 мільярда рублёў, у 2019 годзе — 10,5 мільярда. Упаў амаль удвая.

На пагашэньне крэдытаў арганізацыі накіравалі 65 мільярдаў рублёў, у 2019 годзе было 59 мільярдаў. Вырасла і колькасьць стратных арганізацый — да 17%, чыстыя страты — 6 мільярдаў рублёў. На падтрымку прадпрыемстваў зь бюджэту за 11 месяцаў накіравалі 1,94 мільярда рублёў.

Садавіна і гародніна падаражэлі на 16%

За 11 месяцаў інфляцыя склала больш за 7%. Найбольш падаражэлі садавіна і гародніна — плюс 16%, сельскагаспадарчая прадукцыя падаражэла на 9,5%, у тым ліку прадукцыя жывёлагадоўлі — на 9,2%.

Тэмпы росту прыбытку скараціліся на 52,3%

Рост прыбытку арганізацый Беларусі скараціўся за студзень-лістапад мінулага году на 52,3% у параўнаньні з такім жа пэрыядам у 2019 годзе. Найбольш — у горназдабыўной прамысловасьці і ў сфэры забесьпячэньня электраэнэргіяй. Адзіная сфэра, дзе адчуваўся рост, а не падзеньне, — оптавы і розьнічны гандаль: плюс 3%.

Найбольш стратныя — прамысловасьць і будаўніцтва

З найбольшымі стратамі ў 2020 годзе спрацавалі арганізацыі апрацоўчай прамысловасьці — мінус 1,8 мільярда рублёў, і будаўнічыя арганізацыі — мінус 2,3 мільярда рублёў.

Даўгі прадпрыемстваў вырасьлі на 17,2 мільярда рублёў

За год даўгі арганізацый Беларусі па крэдытах вырасьлі на 22%, або на 17,2 мільярда рублёў. Найбольшы рост у сфэры горназдабыўной прамысловасьці — плюс 90%, у сфэры забесьпячэньня энэргіяй — плюс 30%, у сфэры будаўніцтва — плюс 29,8%.

На 1 сьнежня па крэдытах арганізацыі Беларусі былі вінныя 95,8 мільярда рублёў.

ВУП скараціўся за кошт вытворчасьці, гандлю і транспарту

Аб’ём унутранага валавога прадукту ў параўнаньні з 2019 годам скараціўся на 0,9%. Такія сфэры, як інфармацыя і сувязь, сельская гаспадарка, спрыялі росту ВУП. Скарачэньне адбылося за кошт транспартнай дзейнасьці, гандлю і прамысловасьці. Вынік дзейнасьці гэтых сфэраў прынёс для абʼёму ВУП мінусавыя паказчыкі.

Экспарт упаў на 12,8%

Экспарт тавараў і паслуг зь Беларусі ў студзені-лістападзе скараціўся да 33,3 мільярда даляраў, або на 12,8%. Зьнізіліся і цэны, па якіх Беларусь прадавала прадукты за мяжу — на 11,7%. Паводле Нацбанку, «гэта зьвязана са скарачэньнем абʼёмаў паставак прадукцыі».

Найбольшы прыбытак у бюджэт — падаткі

85,1% прыбытку бюджэту мінулага году складалі падаткі. У 2019 годзе падаткі прыносілі 84,2% прыбыткаў у бюджэт. Найбольш даходаў прынесьлі падаткі на тавары і паслугі (у тым ліку падатак на даданую вартасьць) — 46% усіх даходаў бюджэту (у 2019 годзе было 42%).

Расходы на дзяржаўную дзейнасьць вырасьлі на 5%

Найбольшыя расходы зь бюджэту ішлі на «агульнадзяржаўную дзейнасьць» — гэта 28,3% ад усіх расходаў бюджэту (у 2019 годзе было 23%). 18,1% расходаў — гэта адукацыя, 15,5% — нацыянальная эканоміка, і 15,4% — ахова здароўя. Найменш трацілі на ахову навакольнага асяродзьдзя — 0,3% расходаў бюджэту.

У сьнежні беларусы набылі 230,9 мільёна даляраў

Паводле Нацбанку, у сьнежні набылі 230,9 мільёна даляраў. Агулам за 11 месяцаў — 1,9 мільярда даляраў. Людзі выступаюць чыстымі пакупнікамі валюты больш за 7 месяцаў запар. Такога не было з крызіснага 2014 году, калі ў Беларусі адбылася апошняя дэвальвацыя.

У 2014–2019 гадах беларусы выступалі перадусім прадаўцамі валюты, без уліку невялікіх скачкоў росту попыту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG