Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка памяняў дырэктара «Гродна Азот», дзе страйкавалі за новыя выбары, і загадаў навесьці парадак


Ігар Ляшэнка, новы дырэктар «Гродна Азот».

Былы віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка ўзначаліў «Гродна Азот», прадпрыемства, дзе былі адны з самых вялікіх пратэстаў у жніўні і кастрычніку.

Супрацоўнікі «Гродна Азот» актыўна прымалі ўдзел у пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Цяпер звольнілі яго дырэктара Ігара Бабыра.

Азотаўцы ў першыя дні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў выказалі жаданьне страйкаваць. Яны хацелі паступова спыніць працу прадпрыемства, бо яго праз складаны тэхналягічны працэс нельга спыніць умомант.

На сустрэчу з работнікамі «Азоту» прыяжджалі старшыня горадзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, кіраўніцтва горадзенскай міліцыі, каб супакоіць пратэсты.

Пратэст на «Гродна-азоце» 14 жніўня
Пратэст на «Гродна-азоце» 14 жніўня

13 жніўня з «Азоту» у цэнтар гораду прайшла калёна прыкладна з 1000 чалавек. Яны далучыліся да іншых пратэстоўцаў і маршам прайшлі па горадзе. Супрацоўнікі і надалей прымалі актыўны ўдзел у гарадзкіх акцыях пратэсту. Напрыканцы жніўня калёну з прыкладна 30 азотаўцаў затрымалі па дарозе з цэнтар гораду.

Некалькі разоў над заводам нехта ўздымаў бел-чырвоны-белы сьцяг. На прадпрыемстве нечакана былі збоі ў працы абсталяваньня. Двое супрацоўнікаў «Гродна Азот» узьнялі на горадзенскую тэлевежу бел-чырвона-белы сьцяг на вышыню 170 мэтраў.

Каля прахадной «Гродна-азота» 26 кастрычніка
Каля прахадной «Гродна-азота» 26 кастрычніка

Ранкам 26 кастрычніка пасьля абвяшчэньня народнага ўльтыматуму на прахадной прадпрыемства сабраліся каля 150 чалавек. Прыехалі атобусы з АМАПам і жорстка затрымалі дзясяткі чалавек, некаторых білі. Некалькі дзён частка супрацоўнікаў адмаўлялася пераймаць сваю зьмену, каб вымусіць кіраўніцтва спыніць вытворчасьць.

26 студзеня Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што чакае ад Ігара Ляшэнкі навядзеньня жорсткага парадку безь ніякай літасьці да пратэстоўцаў.

«Гэта вельмі важнае прадпрыемства, стратэгічнае. Мы шмат казалі пра тое, што ніякіх бадзяньняў на гэтым прадпрыемстве быць ня можа, бо ня дай бог што здарыцца — зараза накрые ўсю Горадню. Таму там павінна быць самая жорсткая дысцыпліна. Ня толькі тэхналягічная, але і ў арганізацыйным пляне. Вазьміцеся за гэта.

Шчыра скажу: даваць літасьці і шкадаваць кагосьці за парушэньне дысцыпліны там не дазволена. Ня дай бог нешта здарыцца — страцім тысячы людзей, ні ў чым не вінаватых. Таму навядзіце парадак там», — сказаў Лукашэнка.

Ранейшы дырэктар «Гродна Азоту» Ігар Бабыр кіраваў прадпрыемствам з 2017 году. Ігар Ляшэнка стаў віцэ-прэм’ерам 18 жніўня 2018 і курыраваў нафтахімічны комплекс і прамысловасьць. Да гэтага ён 4 гады ўзначальваў канцэрн «Белнафтахім». У 2006-2013 быў дырэктарам Гомельскага хімічнага заводу. 3 сакавіка 2020 году Аляксандар Лукашэнка сваім указам вызваліў Ляшэнку ад пасады віцэ-прэм’ера, а ў траўні той узначаліў прадстаўніцтва «Гомельтранснафта Дружба» ў Менску.

Каля 30 супрацоўнікаў горадзенскага хімічнага прадпрыемства звольнілі пасьля таго, як 26 кастрычніка тыя далучыліся да страйку. Беларускі незалежны прафсаюз «Горадня Азот» падаў у суд пазоў, каб аднавіць некаторых звольненых на працы. Раней для забесьпячэньня працы цэхаў прадпрыемству даводзілася запрашаць работнікаў зь іншых хімічных вытворчасьцяў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG