Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад прызначыў прадстаўнікоў дзяржавы на буйных прадпрыемствах. Іх работнікі страйкавалі пасьля выбараў


Архіўнае фота. Акцыя пратэсту з удзелам работнікаў МТЗ і іншых прадпрыемстваў Менску 14 жніўня 2020 году

Савет Міністраў Беларусі прызначыў прадстаўнікоў дзяржавы ў органах кіраваньня буйных гаспадарчых таварыстваў.

Адпаведную пастанову ад 15 студзеня 2021 году № 13 сёньня афіцыйна апублікавалі на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з пастановай:

  • Намесьнік прэм’ер-міністра Юры Назараў будзе прадстаўляць дзяржаву ў органах кіраваньня Менскага трактарнага заводу,
  • старшыня Белстату Іна Мядзьведзева — у авіякампаніі «Белавія»,
  • першы намесьнік міністра прамысловасьці Сяргей Гунько — на Магілёўскім заводзе ліфтавага машынабудаваньня,
  • намесьніцу старшыні канцэрну «Белнафтахім» Сьвятлану Гурыну прызначылі на «СьветлагорскХімвалакно»,
  • яшчэ адзін намесьнік старшыні «Белнафтахіму» Віталь Мілевіч — на ААТ «Полацак-Шкловалакно»,
  • першы намесьнік старшыні канцэрну «Беллегпрам» Віталь Дзедзінец — на «Магатэкс».

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году на Менскім трактарным заводзе, «Сьветлагорскхімвалакно» і «Полацак-Шкловалакно» рабочыя выйшлі на страйк з палітычнымі патрабаваньнямі. Пасьля масавых страйкаў на МТЗ звольнілі каля 70 чалавек. А работнікаў ААТ «Магілёўліфтмаш» у жніўні гвалтоўна ўтрымлівалі на заводзе, каб тыя не ўзялі ўдзел у страйку.

Супрацоўнікі авіякампаніі «Белавія», а таксама Нацыянальнага аэрапорту запісалі відэазварот і зладзілі акцыю пратэсту супраць гвалту і фальсыфікацыі выбараў каля менскага аэрапорту. Нядаўна іх судзілі за зварот супраць гвалту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG