Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежныя прафсаюзы: больш за 100 рабочых буйных прадпрыемстваў звольнілі з пачатку страйкаў


Аляксандр Ярашук.
Аляксандр Ярашук.

Такія зьвесткі мае старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук.

У камэнтары БелаПАН Ярашук паведаміў пра звальненьні зь сярэдзіны жніўня, калі пачаліся страйкі з патрабаваньем адстаўкі Лукашэнкі:

«Звольнілі па нашых маштабах нямала людзей, больш за 100 чалавек, толькі на МТЗ звольнілі 70 чалавек, на Менскім электратэхнічным заводзе — 25, на «Белкамунмашы» — 12, МЗКЦ — 9, БелАЗе — 3, шмат звольненых на „Гродна Азоце“ і на іншых прадпрыемствах», — сказаў Ярашук.

Пры гэтым у асноўным звальнялі сяброў незалежных прафсаюзаў, якія ўступілі ў арганізацыю за апошнія паўтара-два месяцы і арганізавалі пярвічкі.

«Сёньня значная частка гэтых людзей трапіла пад каток рэпрэсій», — заявіў прафсаюзны лідэр.— Па ўсіх фактах звальненьня нашы юрысты цяпер падаюць пратэсты і патрабаваньні аб аднаўленьні работнікаў.

Хоць мы разумеем, што шанец мізэрны, але мы гэтую працэдуру пройдзем, таму што звальнялі людзей, якія мелі права ў адпаведнасьці з арт. 14 Працоўнага кодэксуа, якая гарантуе абаронай ад дыскрымінацыі работнікаў па палітычных перакананьнях. Звальнялі людзей, якія знаходзіліся ў адпачынку ці на бальнічным.

Зразумела, што гэта было палітычнае рашэньне, і яно прымалася не адміністрацыяй прадпрыемстваў, а ўладамі з удзелам спэцслужбаў. Гэта арганізаваная расправа. І ў гэтай сытуацыі мы павінны рабіць усё, каб паспрабаваць людзей абараніць у судзе», — сказаў Ярашук.

Акрамя гэтага, адзначыў ён, дапамогай звольненым займаюцца створаныя замежныя фонды. Шмат у каго ўжо ёсьць прапановы працаўладкаваньня. Ярашук заявіў, што звальняюць найлепшых работнікаў прадпрыемстваў.

«У большасьці выпадкаў гэта людзі, якія займалі ключавыя месцы, былі эксклюзіўнымі работнікамі, і гэта стварае праблемы для працы прадпрыемстваў і эканомікі ў цэлым. Але ўлады заклапочаныя не праблемамі эканомікі. Рэжым цяпер дзеля свайго выжываньня гатовы і эканоміку падвергнуць рызыкам», — лічыць старшыня кангрэсу.

«Для нас відавочна: тое, што цяпер робіць улада, гэтыя вар’яцкія расправы над рабочымі, якія выйшлі на страйк, набліжае падзеньне дыктатуры. Не за гарамі той дзень, калі звольненыя змогуць вярнуцца на прадпрыемствы і будуць прыносіць карысьць і прадпрыемствам, і эканоміцы, атрымаўшы стымул працы ў якасьці сяброў незалежных прафсаюзаў. Мы спадзяёмся, што яны і ў далейшым будуць актыўна разьвіваць незалежны прафсаюзны рух як важны фактар абароны правоў і інтарэсаў працоўных і разьвіцьця дэмакратыі ў цэлым у краіне», — сказаў Ярашук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG