Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І без забастовак прадпрыемствы зарабілі ў 3,5 раза менш, чым летась


Ілюстрацыйнае фота. Забастоўка на «Гродна Азоце»

З 26 кастрычніка, пасьля невыкананьня Лукашэнкам ультыматуму, Сьвятлана Ціханоўская заклікала беларусаў да страйку. Разьбіраемся, як страйк можа нашкодзіць эканоміцы.

З 26 кастрычніка да страйку, які ў выпадку невыкананьня ўльтыматуму абвясьціла Сьвятлана Ціханоўская, далучыліся шэраг дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў. У той ці іншай форме выступы прайшлі на МТЗ, МЗКЦ, МАЗе, «Гродна Азоце», амаль ва ўсіх менскіх ВНУ і шэрагу іншых.

Што страціць эканоміка ў выпадку поўнага страйку?

Пакуль пра спыненьне вытворчасьці не чуваць на ніводным прадпрыемстве. Першымі 26 кастрычніка выступілі працоўныя «Гродна Азота», ад раніцы яны адмаўляліся заступаць на зьмену. За мінулы год гэты завод зарабіў 82,3 мільёна рублёў. Гэта па 331 тысячы рублёў штодня (усе працоўныя дні ў годзе). Столькі ж страціць эканоміка, калі завод прастаіць хаця б дзень. І гэта без уліку дарагой працэдуры запуску заводу пасьля спыненьня.

Чысты прыбытак усіх прамысловых прадпрыемстваў Беларусі са студзеня па жнівень склаў 1,4 мільярда рублёў. Гэта ў 3,4 раза менш, чым за такі ж пэрыяд летась. Вырасла і колькасьць стратных арганізацый: калі летась іх было 310, то цяпер 364, паведамляе Белстат.

Адпаведна з прыбыткам за 8 месяцаў гэтага году, у дзень усе прадпрыемствы прамысловасьці зарабляюць 7,6 мільёна рублёў (з улікам толькі працоўных дзён). Столькі б страціла эканоміка, калі б яны спыніліся, за кожны дзень прастою.

Як уплываюць кропкавыя страйкі

26 кастрычніка на некаторых прадпрыемствах працоўныя прайшліся па цэхах, недзе адмаўляліся прыступаць да працы, хтосьці далучыўся да страйкаму, але гаворкі аб спыненьні працы цэхаў не было. Такія рухі «эканамічна не ўплываюць на прадпрыемствы», пра гэта кажа фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

«Такія выступы маюць сымбалічнае ці палітычнае значэньне. Калі выступы працягнуцца і пашырацца, тады эканамічны вынік будзе. Магчыма, нязначна зьніжаецца выпуск прадукцыі, але ў маштабах краіны гэта ня значна», — кажа Вадзім Іосуб.

Падзеньне прыбытку прадпрыемстваў аналітык зьвязвае з эпідэміяй каранавірусу, а таксама з праблемамі з пастаўкай расейскай нафты на пачатку году.

«Гэта наступствы пандэміі больш, чым палітычныя падзеі. Палітычныя падзеі таксама пачнуць адбівацца на прадпрыемствах, але пазьней. Гэта і адсутнасьць крэдытораў. Усе наступствы мы можам адчуць у наступным годзе, калі палітычны крызіс да таго часу ня вырашыцца», — мяркуе Вадзім Іосуб.

26 кастрычніка страйкавалі і многія прыватныя кампаніі з розных сфэраў. Гэта мела «хутчэй маральнае значэньне, як знак падтрымкі бастуючым».

Што на буйных прадпрыемствах

Пакуль толькі два буйныя прадпрыемствы апублікавалі справаздачы аб стратах і прыбытках сёлета. МТЗ за студзень-чэрвень атрымаў страты 53,5 мільёна рублёў. Летась за такі ж пэрыяд завод спрацаваў з прыбыткам у 34,9 мільёна.

БМЗ за студзень-чэрвень спрацаваў з прыбыткам 33 тысячы рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG