Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры крызісы, якія навісьлі над беларускай эканомікай. Тлумачыць экспэрт


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Эканаміст, супрацоўнік Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Леў Львоўскі расказвае пра «жангляваньне трактарамі», аналізуе, ці пачнуць улады друкаваць грошы, і тлумачыць, што чакае беларускую эканоміку, калі яна абміне некалькі патэнцыйных крызісаў.

Сьцісла:

  • У канцы 2020 году ўлады пачалі працэс, які некаторыя назвалі «жангляваньне трактарамі».
  • Крэдыт атрымаць немагчыма, бо Нацбанк стрымлівае рублёвую ліквіднасьць.
  • Магчымы і харчовы крызіс, у выпадку, калі рашэньні аб стрымліваньні цэнаў ня будуць адмененыя.
  • Калі Беларусі ўдасца прайсьці міма ўсіх гэтых крызісаў, то нас чакае мяккая млявая стагнацыя

Леў Львоўскі
Леў Львоўскі

— Нядаўна ў прэсе прагучалі дадзеныя пра зьмяншэньне сярэдняга заробку ў Беларусі за студзень у параўнаньні з папярэднім месяцам на 120 рублёў. Гэта звычайная для пачатку году зьява — ці гэта прадвесьнік нейкай стратэгічнай тэндэнцыі?

— Пакуль гэта традыцыйны студзеньскі эфэкт. У сьнежні ўсе выпісваюць гадавыя прэміі, выкарыстоўваюць фонды і гэтак далей, таму ў студзені заробак звычайна меншы, гэта паўтараецца кожны год.

— На 2021 год урад зноў вызначыў нейкія фантастычныя, на думку незалежных эканамістаў, плянавыя паказчыкі. Варта адзначыць, што апошнія гады яны ніколі не выконваліся. Ці ёсьць нейкія эканамічныя падставы для тых аптымістычных прагнозаў, якія ўрад вызначыў на 2021 год?

— Паводле фармальных лічбаў, Беларусь прайшла ковідны 2020-ы год лепей за іншыя краіны. Гэта было зроблена за кошт таго, што жыцьці беларусаў былі пастаўленыя пад рызыку — не рабілі карантынных захадаў.

Але, тым ня менш, эканамічныя праблемы ўвесь год нарасталі і перакідаліся з рэальнага сэктару ў фінансавы. Прадпрыемствы працавалі на склад, заробкі выплачваліся, і гэта павялічвала крэдытную нагрузку на прадпрыемствы, іх фінансавае становішча моцна пагоршылася. То бок мы проста адкладаем праблемы на будучыню. І ў будучыні — заўтра, празь месяц ці праз год — гэта ўсё аукнецца.

Адносна прымальныя паказчыкі 2020 году былі забясьпечаныя новымі замежнымі крэдытамі.

Таму адказ на тое, што будзе ў 2021 годзе, складаецца зь дзьвюх рэчаў. Першае — ці выбухне адзін з тых крызісаў, што навісаюць цяпер над беларускай эканомікай. І другое — ці дадуць уладам новыя крэдыты. Бо пляны ўраду выглядаюць ня вельмі рэалістычна. Але калі Расея дасьць 3 мільярды даляраў — а гэта 5 працэнтаў нашага ВУП — то можна будзе паказаць і рост ВУП. То бок перакласьці праблемы яшчэ на далейшую будучыню.

— У 2020 годзе беларускія прадпрыемствы навыраблялі прадукцыі, значная частка якой ляжыць на складах непрададзеная. Як гэты груз можа разысьціся, чаму ўлады спадзяюцца, што яны ўсё гэта распрададуць?

— У канцы 2020 году ўлады пачалі працэс, які некаторыя назвалі «жангляваньне трактарамі». То бок прадукцыя некуды перамяшчаецца, часам яе вымушаныя закупляць мясцовыя органы ўлады. Беларускія прадпрыемствы і так былі ня ў лепшай форме, мелі крэдыты, узятыя падчас «мадэрнізацыі» — цяпер сканчаецца тэрмін іхнай выплаты. А прыбыткаў няма, выплачваць няма з чаго. Таму мы бачым новыя і старыя хітрыкі — часам улада прымушае банкі сьпісваць некаторыя крэдыты, частка даўгоў перапісваецца на дзяржаву, на Мінфін. З новага — гэта калі кампаніі выпускаюць свае акцыі, якія нічога не каштуюць, і расплачваюцца з крэдыторамі гэтымі акцыямі. На балянсе гэта выглядае як «выплата», але на самой справе гэта запіс сьмецьцевага актыву на балянс фінансавага пасярэдніка.

— Пры гэтым Лукашэнка за апошнія месяцы некалькі разоў напускаўся з абвінавачаньнямі на прыватны бізнэс. Хоць менавіта недзяржаўныя прадпрыемствы напаўняюць бюджэт, а дзяржаўныя — забіраюць адтуль. З улікам закрыцьця некаторых бізнэсаў пасьля страйку ў верасьні, з улікам эміграцыі прадпрымальнікаў і ІТшнікаў, рэпрэсіяў — якія цяпер умовы для недзяржаўнай эканомікі?

— Лукашэнка, сапраўды, увесь час знаходзіць сабе новыя аб’екты для крытыкі — «прыватнікі», прадстаўнікі гандлёвых сетак, якія нібыта не бяруць беларускія тавары на рэалізацыю, «спэкулянты». Гэта ўсё павялічвае разнастайныя рызыкі для бізнэсу. Прадпрымальніцкая дзейнасьць заўсёды зьвязаная з пэўнай матэрыяльнай рызыкай. І калі ён закупіў тавар за мяжой, а гэты тавар трапіў у пералік тавараў, на які абмежаваныя цэны — то можа атрымацца, што ўжо проста нявыгадна яго прадаваць, прыйдзецца прадаваць «у мінус». Калі будзе расьці курс рубля, а ў вас зафіксаваная рублёвая цана — тое самае. То бок няма ніякіх зафіксаваных правілаў гульні.

Прадпрыемства можа ў крызісны час «перакрэдытавацца» — бераце кароткі крэдыт, раздаяце даўгі і працягваеце пасьпяховую дзейнасьць. Цяпер гэта таксама фактычна немагчыма, крэдыт атрымаць немагчыма, бо Нацбанк стрымлівае рублёвую ліквіднасьць.

Нацбанк гэта робіць, каб стрымліваць валютны курс. Пасьля падзеяў у жніўні і юрыдычныя, і фізычныя асобы пабеглі закупляць даляры на свае рублі. Каб трымаць курс, Нацбанк зьліваў на рынак золатавалютныя рэзэрвы. Але яны не бясконцыя, яны рэкордна зьнізіліся за 2020 год. Таму Нацбанк вырашыў, што для падтрыманьня курсу рубля трэба проста абмежаваць колькасьць грошай на рынку, не павялічваць крэдытныя грошы. Трэба заўважыць, што ў многіх дзяржаўных прадпрыемстваў даўгі ў валюце. І калі курс рубля пойдзе ўверх, яны ня здолеюць расплачвацца за свае валютныя крэдыты.

— Вядома, што зараз у эканамічным кіраўніцтве ідзе барацьба паміж прыхільнікамі двух падыходаў: альбо цяперашні курс Нацбанку, альбо — надрукаваць грошы, за кошт дэвальвацыі вырашыць пытаньні дзяржаўнай эканомікі. Які падыход пераможа?

— 12 сакавіка павінна адбыцца паседжаньне праўленьня Нацбанку, пасьля якога шмат што стане зразумела. Старшыня Нацбанку Калаўр выступае за тое, каб не друкаваць грошы і стрымліваць інфляцыю. Іншая група таварышаў выступае за тое, каб грошы надрукаваць. Хто зь іх пераможа — гэта пытаньне палітычнае, не эканамічнае.

— Вы ўзгадалі некалькі сур’ёзных крызісаў, якія навісьлі над беларускай эканомікай. Што гэта за крызісы і які зь іх найбольш імаверна можа адбыцца?

— Адзін з самых гарачых і актуальных — гэта крызіс неплацяжоў. У ланцугу плацяжоў у нейкага прадпрыемства заўсёды могуць узьнікнуць праблемы. У звычайнай сытуацыі яно проста перакрэдытуецца і працягне сваю дзейнасьць. Але цяпер, калі крэдыт атрымаць фактычна немагчыма, — развальваецца ўвесь ланцужок.

Другі — гэта банкаўскі крызіс. Наколькі нашы банкі могуць даць рады тым праблемам, якія падкідае ўрад. Яны мусяць зьмяншаць крэдытныя партфэлі, зьнізіліся дэпазытныя ўклады. Гэтыя банкі прымушаюць сьпісваць частку даўгоў прадпрыемстваў альбо запісваць на свае актывы сьмецьцевыя паперы, якія называюцца «акцыі» гэтых прадпрыемстваў.

Трэцяе — гэта магчымасьць валютнага крызісу. Калі перамогуць прыхільнікі друкаваньня грошай, то гэтыя рублі выльюцца на рынак, і людзі пабягуць купляць на іх даляры.

Да традыцыйных пагрозаў, дарэчы, дадаўся і магчымы харчовы крызіс, калі рашэньні аб стрымліваньні цэнаў ня будуць адмененыя.

Калі ж Беларусі ўдасца прайсьці міма ўсіх гэтых крызісаў, то нас чакае мяккая млявая стагнацыя. Будзе проста павольнае сьцісканьне эканомікі ў выніку неспрыяльнай каньюнктуры, адсутнасьці інвэстыцыяў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG