Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі мякка сказаць, яны збаяліся». Гісторыя звольненага азотаўца з 26-гадовым стажам


«Гродна Азот»
«Гродна Азот»

Артур Богуш працаваў на «Гродна Азоце» больш за 26 гадоў. Яго звольнілі напрыканцы кастрычніка пасьля абвяшчэньня нацыянальнай забастоўкі.

«Амапавец у скачку нагой б’е чалавека ў сьпіну»

Артуру Богушу 48 гадоў. Працаваў апаратчыкам вытворчасьці капраляктаму. Прыйшоў на «Гродна Азот» у чэрвені 1994 году. Летась 26 кастрычніка, калі Сьвятлана Ціханоўская абвясьціла пачатак нацыянальнай забастоўкі, Богуш быў у адпачынку. Аднак прыйшоў на прахадную прадпрыемства разам зь яшчэ прыкладна 150 работнікамі. Пазьней на судзе Богуш адзначаў, што наведваў тады стаматалягічную паліклініку на заводзе. Ён бачыў, як людзей побач сталі жорстка затрымліваць.

Артур Богуш, фота з сайту hrodna.life
Артур Богуш, фота з сайту hrodna.life

«Пры мне разганяецца амапавец і ў скачку нагой б’е чалавека ў сьпіну. Той падае. На яго з крыкамі, матамі: „Вы быдла! Ідзіце працаваць! Вы наша кармавая база!“, маць-перамаць. На мяне гэта зрабіла вельмі моцнае ўражаньне», — успамінае Богуш.

Тады затрымалі некалькі дзясяткаў азотаўцаў, некаторых білі. Іх адпусьцілі зь міліцыі ў той жа дзень.

Калі пачаўся гвалт, Богуш сышоў, каб яго не затрымалі, бо плянаваў у той дзень дапамагчы пажылым бацькам. На наступны дзень позна ўвечары апаратчык напісаў заяву аб далучэньні да страйку і апублікаваў яе ў сацыяльных сетках. Да яго ў страйку афіцыйна былі два супрацоўніка «Гродна Азоту». Яшчэ на наступны дзень, 28 кастрычніка, ён пайшоў на пошту, каб даслаць папяровую заяву аб страйку кіраўніцтву. Да таго, як ён адправіў ліст, убачыў у сацыяльных сетках фота загаду аб звальненьні некалькіх азотаўцаў, сярод якіх быў і ён сам.

«Азотаўцы» 26 кастрычніка 2020 году
«Азотаўцы» 26 кастрычніка 2020 году

Богуш зьдзіўляецца, што на той момант у кіраўніцтва не было нават ягонай заявы аб страйку. Да таго ж яго не маглі звольніць, бо ён усё яшчэ знаходзіўся ў адпачынку.

«А чаму ты ня ў страйку, Віця?» — «Таму што»

Ужо на момант далучэньня да страйку Богуш разумеў, што страціць працу, якой прысьвяціў амаль усё прафэсійнае жыцьцё. Іншай працы ў яго пакуль няма.

«Гэтыя людзі адзіным законным спосабам спрабавалі абараніць свае правы», — абураецца былы азотавец тым, што людзям не дазволілі страйкаваць.

Падчас суду, дзе былыя работнікі «Гродна Азоту» спрабавалі аднавіцца на працы, студзень 2021
Падчас суду, дзе былыя работнікі «Гродна Азоту» спрабавалі аднавіцца на працы, студзень 2021

13 звольненых азотаўцаў, сярод якіх быў Богуш, паспрабавалі аднавіцца на працы праз суд, але ў іх ня выйшла. Частка зь іх заяўлялі на судзе, што яны аказаліся ранкам 26 кастрычніка на прахадной ня дзеля забастоўкі, а зь іншых прычын: прыехаў у банкамат, у паліклініку, падвозіў жонку на працу.

«Людзі якія напісалі заяву на страйк, адназначна настроеныя на страйк. Але дзеля абароны сваіх інтарэсаў яны казалі пра іншыя мэты. Як тактычны сродак я гэта лічу абсалютна дапушчальным», — тлумачыць такія паказаньні страйковец.

Куды падзеліся тысячы азотаўцаў, які ў першыя дні пратэстаў далучаліся да вялікіх маршаў па Горадні?

«Калі мякка сказаць, яны збаяліся. Я іх папярэджваў яшчэ на пачатку кампаніі, што яны да гэтага не гатовыя... Я пытаюся ў калегі: „Ты за што галасаваў?“ — „За страйк“. — „А чаму ты ня ў страйку, Віця?“ — „Таму што“. Вось і ўвесь адказ: „Таму што“», — камэнтуе Богуш.

Пісаў заяву ў пракуратуру, што на яго цісьне начальства за незалежны прафсаюз

Сам Богуш ніколі ня быў «зручным» работнікам. З 1995 году ён уваходзіў у незалежны прафсаюз — для яго гэта, сярод іншага, пляцоўка, дзе людзі могуць аб’ядноўвацца, абмяркоўваць свае ідэі. З 2000 году ён пачаў паўсюль, у тым ліку пры афармленьні дакумэнтацыі, карыстацца беларускай мовай, чым былі незадаволеныя некаторыя ягоныя калегі, якія паходзілі з Расеі. У 2006 годзе ён удзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі ў якасьці незалежнага назіральніка.

Суразмоўца ўспамінае, што падобныя акцыі запалохваньня работнікаў на заводзе праходзілі пасьля кожных прэзыдэнцкіх выбараў. На ягоную думку, гэта сродак існаваньня рэжыму. Праўда, тады да звальненьняў не даходзіла. Летась з «Гродна Азоту» звольнілі больш за 30 страйкоўцаў. Афіцыйнай прычынай у большасьці былі прагулы або падчас нацыянальнага страйку, або тады, калі работнікі адбывалі адміністрацыйны арышт за мітынгі.

У 2011 годзе ў незалежны прафсаюз на «Азоце» ўваходзілі каля 1000 работнікаў. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў іх пачалі выклікаць да начальства, пагражаць звальненьнямі, што забяруць інтэрнат. У выніку ў незалежным прафсаюзе засталося каля 20 чалавек. Тады Богуш быў адным з чатырох асобаў, якія падалі заявы ў пракуратуру, бо начальства на іх ціснула за сяброўства зь незалежным прафсаюзам. Ягонага начальніка выклікалі ў пракуратуру, каб узяць тлумачэньні.

«Твой начальнік пасьля гэтага пачынае да цябе адпаведна ставіцца, „дакалупвацца“, кшталту, „дзе твой адгазьнік?“, пакараньні за тое, за сёе, матэрыяльныя пакараньні», — расказвае Богуш.

«Трэба, каб вымерла пакаленьне, якое мела дачыненьне да Савецкага Саюзу»

Ён мяркуе, што дзякуючы папярэднім прэзыдэнцкім выбарам стаў рэалістам і зразумеў, што «такія рэжымы балёнікамі і мірнымі пратэстамі не скідаюцца».

Сустрэча работнікаў «Гродна Азоту» з уладамі, 14 жніўня
Сустрэча работнікаў «Гродна Азоту» з уладамі, 14 жніўня

«Калі гэтыя падзеі (выбарчая кампанія 2020 году. — РС) пачаліся, я быў скептычна настроены. Супрацоўнікам на заводзе, калі яны пачыналі казаць, што яны будуць вяршыць гісторыю, я тлумачыў, каб хаця б паглядзелі дакумэнтальныя фільмы пра Плошчы, пратэсты, зьніклых палітыкаў. Будзеце хаця бы „аддупляць“, што гэта за фрукт і што з гэтага можа быць. Калі вы будзеце гатовыя да гэтага — калі ласка. Калі зразумееце, што не, то ня рыпайцеся, калі ласка», — успамінае Богуш.

Аднак калі пратэсты сталі масавымі, ён сам далучыўся да вулічных акцый, выходзіў на перамовы з кіраўніцтвам гораду ад «Азоту».

«Я бачыў колькасьць людзей. Я разумеў, што сёлета ўдалося людзей зварухнуць. Гэта падарунак, якім трэба карыстацца. Але калі я ўдзельнічаў у гэтых акцыях, я разумеў, што нічым добрым гэта ня скончыцца. Патрэбны пераход сілавога апарату на бок пратэстоўцаў», — мяркуе Богуш.

Некалькі тысяч работнікаў «Гродна Азоту» далучыліся да гарадзкога маршу ў жніўні 2020 году
Некалькі тысяч работнікаў «Гродна Азоту» далучыліся да гарадзкога маршу ў жніўні 2020 году

У апошняе ён ня верыць, бо «гэтыя структуры за 26 год цалкам адфільтравалі, там цяпер няма выпадковых людзей, якія не паказваюць сваю ляяльнасьць». Усё адно ён бачыў сэнс у вулічных акцыях пратэсту, бо празь іх да нацыянальнага руху далучылася шмат людзей. Незалежны прафсаюз на «Азоце» з 20 чалавек за некалькі месяцаў вырас да 500.

«Але мы вырашаем праблемы, як нашыя прадзеды 200–300 гадоў таму. Можа, ня мы, можа, нашыя дзеці, унукі?.. Нічога за гэты час не зьмяняецца. Нам нічога ўжо ня сьвеціць. Можа, нашым дзецям або ўнукам», — разважае страйковец.

Сам ён гатовы вярнуцца на завод, калі выканаюць ягоныя патрабаваньні, якія супадаюць з агульнанацыянальнымі: новыя выбары, спыніць гвалт, выпусьціць палітычных зьняволеных.

«Зараз трэба час, каб вымерла тое пакаленьне, якое мела дачыненьне да Савецкага Саюзу, да імпэрыі зла. Я ўвесь час змагаюся са сваім „савецкім цмокам“, з хлусьнёй. Мне вельмі дапамагае беларуская мова. Калі прыйдуць людзі, якія ня бачылі Савецкага Саюзу, нешта пачне зьмяняцца», — мяркуе былы супрацоўнік «Гродна Азоту».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG